Пошук

19.09.2024 15:55   Catholic.by

Раніцай 19 верасня наймалодшыя каталіцкія іерархі з Беларусі, якія ўдзельнічаюць у курсе для новапрызначаных біскупаў, цэлебравалі святую Імшу ў ватыканскай базыліцы Святога Пятра і сустрэліся са Святым Айцом Папам Францішкам.

Як паведамлялася раней, у гэтым фармацыйным курсе бяруць удзел каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, якія прынялі біскупскае пасвячэнне сёлета.

Біскуп Зноска паведаміў Catholic.by, што падчас аудыенцыі ў Пантыфіка задаў Святому Айцу наступнае пытанне:

«Ваша Святасць! Маё імя Андрэй Зноска, я біскуп з Беларусі, невялікай краіны, якая мяжуе і з Расіяй, і з Украінай. Я быў пасвячаны толькі тыдзень таму і прашу вашай парады.

Мы не можам і не хочам памяняць нашых суседзяў: яны такія, якія ёсць. Што мы павінны рабіць, каб вайна паміж нашымі суседзямі спынілася?»

Святы Айцец сказаў у адказ, што ведае Беларусь і прасіў перадаць прывітанне для прэзідэнта Лукашэнкі.

Папа таксама памятае, што сёлета прызначыў двух біскупаў для Касцёла ў нашай краіне.

«Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга закрываць дзверы для перагавораў, што трэба трымаць іх адкрытымі», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла. Папа Францішак падкрэсліў, што толькі будучы гатовымі слухаць і чуць адны другіх можна дайсці да добрых вынікаў.

У канцы свайго адказу на пытанне наймалодшага біскупа з Беларусі Святы Айцец заахвоціў ніколі не губляць надзею і верыць у пераможную моц малітвы: толькі такі шлях да міру ён бачыць для веруючых людзей.

Абноўлена 19.09.2024 16:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа