Візіту кардынала П’етро Параліна ва Украіну, які распачаўся 19 ліпеня, папярэднічаў ліст з Дзяржсакратарыяту Ватыкана адносна вяртання касцёла святога Мікалая ў Кіеве яго законным уладальнікам — каталіцкай парафіі.
Як паведаміў сайт Місіянераў аблатаў Oblaci.рl, нягледзячы на некалькі абяцанняў вярнуць святыню мясцовай парафіяльнай супольнасці, урад Украіны па-ранейшаму захоўвае незаконны стан камуністычнага рэжыму. На фоне візіту ва Украіну Дзяржсакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П’етро Параліна зноў загучалі галасы з патрабаваннем вярнуць касцёл, пабудаваны на сродкі кіеўскіх католікаў.
«Справа вяртання касцёла святога Мікалая ў Кіеве выклікае занепакоенасць. <…> Узнікае пытанне, ці выконвае Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, парушаючы дамовы і такім чынам абыходзячыся са сваімі грамадзянамі, якія таксама зяўляюцца вернікамі Рыма-Каталіцкага Касцёла. Як сведка вашых словаў падчас свята святога Мікалая ў Кіеве 6 снежня 2023 года спадзяюся, што вы выканаеце свае публічна выказаныя абавязацельствы», — напісаў у афіцыйным лісце міністру Старшыня украінскага каталіцкага епсікапату Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі.
Пра гэта ішла гаворка і на адным з пасяджэнняў урада.
«Украіна паабяцала парафіянам і Апостальскай Сталіцы перадаць касцёл рэлігійнай супольнасці, але доўгі час не выконвае гэтае абяцанне, хоць парафія неаднаразова заяўляла аб сваёй гатоўнасці да рамонту, рэстаўрацыі і захавання святыні ў адпаведнасці з найлепшымі міжнароднымі і нацыянальнымі стандартамі. Са свайго боку я ўжо скіраваў яшчэ адзін дэпутацкі запыт. Цяпер яшчэ раз пытаюся: калі касцёл аддадуць? — запытаў дэпутат Расціслаў Цісцік. — Невыкананне ўладамі сваіх абавязацельстваў, на жаль, падрывае наш аўтарытэт на міжнародным узроўні, — дадаў ён.
З гэтай нагоды выказаўся і Папа Францішак. Пробашч кіеўскай парафіі святога Мікалая ксёндз Павел Вышкоўскі OMI атрымаў ліст з Дзяржсакратарыяту Святога Пасаду.
«Папа Францішак, з удзячнасцю прымаючы асабістыя пачуцці, якія выклікалі гэты жэст даверу, заклікае ўсіх людзей добрай волі аб’яднацца ў малітве, каб Дух Святы прасвятляў розумы і натхняў тых, хто вырашае лёс народа, шукаць справядлівых рашэнняў.
Інфармуем, што Святы Пасад працягвае сачыць за справай вяртання згаданага касцёла», — напісана ў лісце.
Больш за 30 гадоў каталіцкая супольнасць змагаецца за справядлівасць. Наступныя заявы Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны паслядоўна парушаліся, у тым ліку апошняе рашэнне аб тым, што канчатковая перадача касцёла павінна адбыцца 1 мая 2024 года.
«Мы з горыччу назіраем за бяздзейнасцю ўладаў. Дзяржава ўзяла на сябе абавязак вярнуць касцёл, але ўлада нічога не робіць. Міністэрства культуры спасылаецца на непрынятыя Вярхоўнай Радай законы, адсутнасць якіх робіць немагчымым працэс перадачы. Як быццам яны цяпер не істотныя. Але ў той жа час прымаецца закон аб адмене летняга і зімовага часу, а таксама закон аб змякчэнні пакарання за карупцыю. А дзе ва ўсім гэтым законы, якія вяртаюць справядлівасць?
Але мы будзем працягваць дамагацца гэтай справядлівасці. Касцёл трэба вярнуць парафіі і выратаваць ад знішчэння», — кажа ксёндз Павел Вышкоўскі OMI.