Пошук

13.12.2024 13:43   Фота: Вольга Дубягіна / Catholic.by

11 і 12 снежня расійскія католікі святкавалі срэбраны юбілей з часу пасвячэння маскоўскага катэдральнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пасля таго, як ён быў вернуты вернікам.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі даслаў сваё віншаванне з нагоды юбілею з часу новага пасвячэння маскоўскай катэдры.

Між тым ва ўрачыстасцях у расійскай сталіцы па запрашэнні ардынарыя архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскупа Паоло Пэццы ўзяў удзел яго папярэднік на маскоўскай каталіцкай катэдры арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Заслужаны беларускі іерарх быў непасрэдным удзельнікам складанага працэсу вяртанні святыні вернікам, яе рэстаўрацыі і новага пасвячэння пасля дзесяцігоддзяў неналежнага выкарыстання. 12 студзеня 1999 года пасвячэнне здзейсніў тагачасны Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Яна Паўла II кардынал Анджэло Садана.

11 снежня арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў маскоўскай катэдры.

У прамоўленай гаміліі ён нагадаў сабраным багатую і трагічную гісторыю святыні, пабудаванай ў 1911 годзе, а ў 1938 годзе канфіскаванай атэістычнымі ўладамі і прыстасаванай для іншых мэтаў.

Пасля прызначэння біскупа Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі ў 1991 годзе, першым яго дэкрэтам у гэтай якасці было аднаўленне парафіі Беззаганнага Зачацця ў Маскве. «Пробашчам быў прызначаны наш зямляк ксёндз Юзаф Занеўскі SDB, які пачаў цэлебраваць Імшу на прыступках касцёла.

Канчаткова святыня была перададзена католікам у 1996 годзе. Тады Езус як быццам сказаў: „Мяне выгналі адсюль, але Я вяртаюся і хачу тут быць, бо збаўленне прыйшло на гэтае месца“. Немагчымае чалавеку сталася магчымым Богу», — падкрэсліў заслужаны іерарх. Ён дадаў, што складаны працэс рэстаўрацыі касцёла, які з 1988 года вёў яшчэ адзін святар беларускага паходжання ксёндз Андрэй Стэцкевіч, завяршыўся ў 1999 годзе.

«У пасвячэнні касцёла 12 студзеня 1999 года бралі ўдзел 30 біскупаў, 130 святароў, прадстаўнікі розных веравызнанняў, дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, грамадскасці і вельмі вялікая колькасць вернікаў. У гаміліі Папскі легат сказаў, што касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам; лесвіца, па якой Бог сыходзіць да нас і мы падымамеся да яго. Сустрэўшы Бога ў касцёле, мы павінны яго несці  іншым людзям.

Гэта быў дзень трыумфу Бога і Маці Божай, якая ў Фаціме прадказала навяртанне Расіі. У касцёле нанава загучала Божае слова, пачалі цэлебравацца сакрамэнты, праводзіцца катэхізацыя, іншыя душпастырскія акцыі, канцэрты духоўнай музыкі, распачаў дзейнічаць Caritas і касцёльныя рухі», — узгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён заўважыў, што апошнія 25 гадоў дзейнасці маскоўскай катэдры — гэта гісторыя шляху шматлікіх людзей да веры, і нездарма маскоўскія католікі называюць яе «офіс Бога».

Іерарх заклікаў вернікаў, падобна Закхею, знайсці сваю смакоўніцу і ўзлезці на яе. «З яе лягчэй убачыць Хрыста, і на ёй Ён убачыць нас і скажа, што хоча прыйсці ў нашыя душы. Нельга дазволіць, каб хаос сучаснага свету з яго духоўнай пустэчай заглушыў голас Бога, а мы заразіліся вірусам абыякавасці да веры і патрэбаў бліжніх. Мы павінны рэагаваць на выклікі часу, каб не страціць сваёй хрысціянскай тоеснасці», — адзначыў арцыбіскуп. Гаворачы пра святню сярод вялізнага сучаснага мегаполіса, ён звярнуў увагу на тое, што даволі высокі катэдральны касцёл выглядае нізкім у параўнанні з новымі хмарачосамі.

«Аднак калі хмарачосы цягнуцца да аблокаў, то катэдра — да нябёсаў», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Са сваім сведчаннем ён выступіў таксама на адмысловай канферэнцыі, якая адбылася 12 снежня ў другой палове дня.

Урачыстыю цэлебрацыю святой Імшы падзякі Богу ў гэты дзень узначаліў арцыбіскуп Паоло Пэццы.

Пасля Імшы адбылося благаслаўнне памятнай дошкі ксяндзу Міхалу Цакулю, першаму і адзінаму пробашчу катэдральнай парафіі ў Маскве да яе ліквідацыі, які быў расстраляны ў 1937 годзе.

 

Абноўлена 13.12.2024 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа