Пошук

05.08.2024 12:12   Фота: кс. Артур Ляшнеўскі SDB / Catholic.by

У нядзелю 4 жніўня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстае набажэнства ў 35-ю гадавіну вяртання касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел мясцовыя вернікі на чале з іх пробашчам ксяндзом Вадзімам Сурвілам, святары з суседніх парафій, госці.

Першы касцёл у Данюшаве быў фундаваны ў 1483 годзе, але парафія была «найбяднейшай» і, верагодна, спатрэбілася новая фундацыя. Новая святыня пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы была пабудаваная пасля 1620 года, а праз сем гадоў тут была заснавана парафія. Той касцёл да канца XVІII стагоддзя не захаваўся, і на мяжы стагоддзяў набажэнствы адбываліся ў «шопе». У 1809 годзе на ранейшым месцы — на правым беразе Віліі — быў пабудаваны новы драўляны касцёл з рысамі барока і класіцызму.

Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі касцёл.

Касцёльнае начынне выкінулі на вуліцу, каштоўныя рэчы вывезлі ў Смаргонь, а астатняе спалілі. Данюшаўцам тады ўдалося выратаваць няшмат: абраз Маці Божай (без шатаў), срэбнага голуба і ягнятка, якое і сёння стаіць над алтаром. Між тым будынак касцёла быў прыстасаваны пад збожжасховішча, сцены святыні «абраслі» гаспадарчымі прыбудовамі. Тым не менш, у 1970-я гады данюшаўскі касцёл быў афіцыйна прызнаны помнікам архітэктуры. Напрыканцы 1980-х гадоў святыню вярнулі католікам.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначў, што нават тады, калі касцёл выкарыстоўваўся не ў адпаведнасці са сваім прызначэннем, ён, тым не менш, працягваў адыгрываць евангелізацыйную ролю.

«Яго драўляная сакральная архітэктура прыцягвала ўвагу людзей сваёй прыгажосцю. Не адзін чалавек, напэўна, стаяў каля зачыненага касцёла і думаў пра вечнасць.

У змрочныя часы ваяўнічага атэізму, калі ў гэтай святыні не абвяшчалася Божае слова, прамаўлялі яе сцены, а высокія і прыгожыя вежы заклікалі адарваць позірк чалавека ад зямных справаў і скіраваць да вышэйшых, духоўных. Малітвы і цярпенні людзей не былі дарэмнымі, і сёння мы цешымся не толькі архітэктурнай прыгажосцю святыні, але таксама і духоўнай, якую людзі ў ёй атрымліваюць. У сценах гэтага касцёла з чалавечых сэрцаў будуецца сапраўдны Касцёл, імя якому — Містычнае Цела Хрыста», — падкрэсліў заслужаны беларускі іерарх.

Ён выказаў падзяку Богу і людзям, якія ў розныя часы будавалі і аднаўлялі данюшаўскую святыню, а таксама змагаліся за яе вяртанне. «Сёння молімся аб вечным супакоі для памерлых і аб Божым благаслаўленні для жывых», — сказаў арцыбіскуп.

Разам з тым іерарх заўважыў, што, хоць цяпер дзейнічае шмат касцёлаў, дзе абвяшчаецца вечна жывое і дзейснае Божае слова, цэлебруецца Эўхарыстыя і святыя сакрамэнты, а таксама праводзіцца іншая рэлігійная дзейнасць, многія гэтым не карыстаюцца.

«Шматлікі ўдзел людзей у будслаўскіх, тракельскіх, гудагайскіх і іншых урачыстасцях не з’яўляецца паказчыкам нашай рэлігійнасці.

Людзі становяцца ўсё менш рэлігійнымі; многія жывуць так, як быццам Бог не існуе. Мы павінны даць адказ на істотнае пытанне: кім мы з’яўляемся? сапраўднымі ці „штучнымі“ хрысціянамі?» — прапанаваў задумацца заслужаны іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў кароткай малітвай: «Божа, міласціва паглядзі на гэтых людзей, якія сёння дзякуюць табе за 35-годдзе з часу вяртання іх касцёла. Адары іх ласкай вернасці свайму хрысціянскаму пакліканню, каб заўсёды адчувалі голад Эўхарыстыі і наталялі яго ў касцёле».

 

Абноўлена 05.08.2024 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.