У перыяд Нараджэння Пана валанцёры суполкі Caritas, якая дзейнічае пры парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах, праводзілі акцыі і конкурс малюнкаў, а парафіяне — і дарослыя, і дзеці — актыўна ў іх удзельнічалі.
На Catholic.by раней ужо апавядалася пра падрыхтаваную валанцёрамі сустрэчу дзіцячых касцёльных хораў з парафій Стоўбцаў і Нясвіжа. Між тым малюнкі малых стаўбцоўскіх мастакоў яшчэ і цяпер радуюць вернікаў і ўсіх, хто наведвае велічны касцёл у райцэнтры.
У нядзелю Хросту Пана ў выкананні наймалодшых парафіянаў была прадстаўлена інсцэнізаваная Батлейка пра Божае Нараджэнне.
Праз тыдзень у стаўбцоўскі касцёл завіталі юныя «акцёры» з фаніпальскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.
Яны таксама паказалі сваю версію Батлейкі пра Нараджэнне Хрыстова, але ўжо больш адаптаваную да нашага часу.
Пачастункі і сувеніры для гасцей і ўсіх прысутных арганізоўвалі валанцёры Caritas. Калядныя памяткі ў выглядзе анёлкаў, ягнятак, шышак у шапачках з вялікай любоўю стварыла валанцёр Феліцыя Шымак, а Міхаіл Астроў частаваў дзятву піцай.
Пробашч стаўбцоўскай парафіі ксёндз канонік Ігар Лашук і ўсе парафіяне ўдзячныя маленькім вернікам усіх трох парафій за праслаўленне Бога праз творчасць і за падараваны калядны настрой.