Пошук

10.06.2024 12:47   Тэкст: Марыя Кукліс / Фота: Кс. Павел Эйсмант, кс. Аляксандр Улас, Ганна Шаўцова, Анастасія Міцкевіч, Марыя Кукліс / Catholic.by

7 чэрвеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у святкаванні адпустовай урачыстасці ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў горадзе-спадарожніку Мінска Фаніпалі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат).

Тутэйшыя вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Дзянісам Шастаковічам MSF сустрэлі іерарха на прыкасцёльнай тэрыторыі каля крыжа і суправадзілі да святыні, дзе распавялі няпростую гісторыю яе будаўніцтва.

Касцёл у Фаніпалі будуецца каля 20-і гадоў. Доўгі час людзі вымушаны былі маліцца ў падвальным памяшканні, дзе было халодна і цесна, і толькі сёлета набажэнствы пачалі праводзіцца ў самім касцёле.

Вітаючы арцыпастыра на пачатку Імшы, ксёндз пробашч адзначыў, што магчымасць супольнай малітвы — гэта вялікая радасць і сапраўднае свята для парафіяльнай сям’і. Арцыбіскуп Кандрусевіч, у сваю чаргу, падкрэсліў, што на вернікаў Фаніпаля ўскладзены абавязак пашыраць культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса, бо яны прыналежаць да парафіі, якая названа ў Яго гонар.

Падчас гаміліі іерарх шмат разважаў аб любові, якой так патрабуе свет, і нагадаў, што сапраўдная крыніца міласці — у Сэрцы Езуса.

«Ваша парафія стаіць побач з аўтастрадай, па якой штодня едуць тысячы машын. А ў іх людзі — стомленыя, заклапочаныя, засмучаныя, у пошуках шчасця. Ніхто з іх нават не задумваецца, што месца, дзе ўсё гэта лечыцца, вось тут, побач», — зазначыў арцыбіскуп.

На заканчэнне ўрачыстасці арцыпастыр прысвяціў парафію Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, пасля чаго адбылася працэсія вакол касцёла з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

Паколькі касцёл у Фаніпалі мае падвойны тытул, то святкаванне працягнулася і на наступны дзень, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Марыі Панны. Урачыстую святую Імшу, на якой сабраліся не толькі парафіяне, але і шматлікія госці.

Цэлебраваў Імшу ксёндз канонік Ігар Лашук — дэкан Стаўбцоўскі.

На супольнай малітве прысутнічалі і святары з суседніх парафій. Таксама па запрашэнні пробашча ў Фаніпаль прыбыў хор з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, які аздобіў адпустовае набажэнства сваім спевам і выступам.

Пасля заканчэння малітоўнай часткі вернікі сабраліся на прыкасцёльным пляцы, дзе іх чакаў пачастунак ад мясцовых гаспадынь, а таксама забаўляльная праграма, падрыхтаваная дзецьмі і моладдзю парафіі.

 

 

Абноўлена 10.06.2024 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця