Вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 9 (354) 2024) запрашае чытачоў паразважаць пра літургічную і Апостальскую Традыцыю, якая ў сённяшнім свеце нярэдка падвяргаецца розным формам прафанацыі.
Кароткі агляд матэрыялаў нумара прапануе сайт выдання ave-maria.by.
«Паколькі патрабаванні Божага Права высокія, існуе сур’ёзная спакуса, каб іх „злагодзіць“. Пан Езус яскрава і без аніякага „абязбольвання“ паказвае гэты механізм абыходжання Божага Закону», — піша айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Шанаваць Бога і не перашкаджаць у малітве», дзе прыводзіць розныя прыклады таго, як сучасны чалавек праз розныя апраўданні крывадушнічае ў адносінах з Богам.
«Ці можа быць споведзь маральна немагчымаю?» — так называецца артыкул ксяндза Андрэя Рылкі, дзе аўтар тлумачыць, у чым заключаецца фізічная або маральная немагчымасць прыступіць да споведзі і што павінен рабіць вернік у такой сітуацыі.
У наш час вялікія сумненні і бурныя дыскусіі перыядычна ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем новых тэхнічных сродкаў у традыцыйнай цэлебрацыі літургіі. Гэтую важную тэму закрануў айцец Ян Струмілоўскі OСist у публікацыі «Аўтаарганіст, электраімшал і… Найсвяцейшая Ахвяра», што ў часопісе друкуецца ў перакладзе з польскай мовы.
Вялікая ўвага ў вераснёўскім нумары прысвячаецца традыцыйным формам набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Нагадаем, што сёлета ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылося прысвячэнне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўсяго народа нашай краіны.
У артыкуле «Каб будаваць „цывілізацыю Сэрца Езуса…“» Аліна Новікава распавядае пра гэты духоўны акт, пра яго важнасць і глыбокае значэнне, а таксама пра тое, да чаго ён абавязвае нас, усіх вернікаў, святароў і кансэкраваных асобаў. Акрамя таго, аўтар паказвае вытокі культу Сэрца Езуса ў аб’яўленнях Хрыста святой Маргарыце Алякок, Маці Божай у Фаціме, Езуса Міласэрнага святой Фаўстыне Кавальскай, а таксама распавядае пра гісторыю распаўсюджвання набажэнства ў свеце і на нашых землях. Адна з формаў гэтага культу — чуванне «Святая гадзіна», пра якое ў аднайменным артыкуле падрабязна распавядае А. Рунёва.
Паліна Грыб у публікацыі «Традыцыя — мова, на якой Касцёл гаворыць са мною» прыводзіць думкі маладых людзей, актыўных католікаў, якія падзяліліся сваімі разважаннямі пра традыцыйныя набажэнствы Касцёла.
На старонках вераснёўскага нумара чытачы таксама знойдуць іншыя цікавыя матэрыялы ў рубрыках «Старонка псіхолага», «Сведчанне», «Нам пішуць», «З паэтычнай пошты», духоўныя разважанні і віншаванні.
На апошніх старонках вокладкі часопіса прапануюцца тэксты і малітвы, якія можна выкарыстаць для адарацыі падчас Святой гадзіны.