Пошук

21.10.2024 19:00   Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Catholic News Agency

24 кастрычніка будзе апублікавана і прадстаўлена ў Ватыкане новая энцыкліка Папы Францішка, прысвечаная ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя партіалу Vatican News, назва дакумента — Dilexit nos (з лацінскай мовы: «Палюбіў нас»). Яго падзагаловак — «Энцыкліка пра чалавечую і боскую любоў Сэрца Езуса Хрыста».

Папскі дакумент быў падрыхтаваны ў кантэксце 350-годдзя з дня першага аб’яўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса маладой французскай манахіні Маргарыце Марыі Алякок, якое адзначалася 27 снежня 2023 года.

У прэзентацыі энцыклікі, якая пройдзе прэс-службе Святога Пасаду і будзе транслявацца анлайн ватыканскім СМІ, возьмуць удзел арцыбіскуп Бруно Фортэ, пастыр архідыяцэзіі К’еці-Васта і вядомы італьянскі тэолаг, а таксама сястра Антанэла Фракара, настаяцельніца інстытута кансэкраванага жыцця Вучаніцы Евангелля.

Папа Францішак абвясціў аб падрыхтоўцы энцыклікі, прысвечанай Найсвяйцешаму Сэрцу Езуса, яшчэ 5 чэрвеня 2024 года, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане. Тады Святы Айцец заявіў, што рыхтуе дакумент, які «аб’яднае ў сабе каштоўную рэфлексію папярэдніх тэкстаў касцёльнага вучэння і доўгую гісторыю, якая ўзыходзіць да тэкстаў Святога Пісання, каб сёння зноў прапанаваць усяму Касцёлу гэты прыгожы культ, поўны духоўнай прыгажосці».

«Я думаю, што нам будзе вельмі карысна паразважаць над рознымі аспектамі любові Пана, якія могуць асвяціць шлях касцёльнага абнаўлення, а таксама сказаць нешта значнае свету, які, здаецца, згубіў сэрца», — сказаў тады пастыр паўсюднага Касцёла.

Dilexit nos стане чацвёртай энцыклікай Папы Францішка пасля энцыклікі Lumen fidei (2013), прысвечанай веры і напісанай разам з Бэнэдыктам XVI, Laudato si’ (2015), прысвечанай клопату пра экалогію, і Fratelli tutti (2020), прысвечанай братэрству і сацыяльнаму сяброўству.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа