
Месяц чэрвень асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Боскае Сэрца ўшаноўваюць не толькі ў літургічнае свята з адпаведнай назвай, якое звычайна прыпадае на гэты месяц, але кожны дзень. З гэтым звязаная пабожная практыка штодзённага чытання або спеву літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
«Гэта цудоўная малітва, цалкам сканцэнтраваная на ўнутранай таямніцы Хрыста: Бога і Чалавека. Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса багата чэрпае з біблійных крыніц, адначасова адлюстроўваючы найглыбейшыя перажыванні чалавечых сэрцаў. Яна прамаўляе з асаблівай глыбінёй тэалагічнага зместу паасобных заклікаў. Гэтая малітоўная засяроджанасць доўжыцца на працягу ўсяго чэрвеня, дасягаючы кульмінацыі ў свята Найсвяцейшага Сэрца», — тлумачыў святы Ян Павел II.
А якая гісторыя чэрвеньскіх набажэнстваў?
Практыка першых пятніц месяца і абяцанні ласкаў
Гэта сам Пан Езус скіраваў позірк Касцёла на сваё Сэрца. 16 чэрвеня 1675 года, калі французская сястра Маргарыта Марыя Алякок малілася ў капліцы кляштара сясцёр візітантак у Парэ-ле-Маньяль, Пан Езус аб'явіўся ёй у трэці раз.
«Вось Сэрца, якое так палюбіла людзей, што дзеля любові да іх не шкадавала нічога, аж да поўнага вынішчэння, і ўзамен за гэта ад большасці людзей атрымлівае толькі прыкрую няўдзячнасць, пагарду, непашану, знявагу, абыякавасць і святатацтвы, якімі яны раняць Яго ў гэтым Сакрамэнце Любові. Але найбольш Мяне раніць тое, што падобна да гэтага са Мною абыходзяцца сэрцы, асабліва прысвечаныя Маёй службе. Таму жадаю, каб з гэтага моманту першая пятніца пасля актавы Божага Цела была прысвечаная як асобнае свята на ўшанаванне Майго Сэрца і перапрашэнне праз Камунію і іншыя пабожныя практыкі за знявагі, якія цярплю... Узамен за гэта абяцаю табе, што Маё Сэрца разліе шчодрыя ласкі на ўсіх тых, хто такім чынам будзе Яго ўшаноўваць альбо садзейнічаць распаўсюджванню ўшанавання»,
— сказаў Збаўца.
Падчас аб’яўленняў Пан Езус таксама заклікаў да шанавання выяваў свайго Сэрца, да адарацыі з 23-й да 24-й гадзіны ўначы напярэдадні першай пятніцы і прыняцця перапрашальнай Камуніі ў першыя пятніцы месяца.

Абяцанні, якія даў Езус Хрыстус святой Маргарыце Марыі Алякок для тых, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца:
- Дам ім усе неабходныя ласкі.
- Згода і спакой будуць панаваць у іх сем’ях.
- Буду суцяшаць іх у кожным смутку.
- Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, а асабліва пры смерці.
- Удзялю шчодрае благаслаўленне ўсім іхнім пачынанням.
- Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці.
- Абыякавыя душы стануцца адданымі.
- Адданыя душы хутка дойдуць да вышыняў дасканаласці.
- Буду благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца.
- Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы.
- Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў Ім назаўсёды.
- Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць святую Камунію, Мая ўсемагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць ні ў стане без Маёй ласкі, ні без cвятых сакрамэнтаў, і што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у часіну смерці.
Умовы, якія неабходна выканаць:
1. У першую пятніцу кожнага месяца (на працягу 9 месяцаў) годна прыняць святую Камунію як перапрашэнне за грахі і знявагі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якія чыняць грэшнікі.
2. Прыступіць да споведзі ў першую пятніцу або за некалькі дзён да першай пятніцы ці пасля гэтага дня.
3. Пасля святой Імшы ў першую пятніцу месяца прачытаць малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса — літанію, Акт уміласціўлення (малітоўнік «Ойча наш», с. 606, ці кніжка набажэнстваў да Найсвяцейшага Сэрца Езуса «Сэрца Езуса — крыніца жыцця і святасці», с. 20, выдавецтва «Про Хрысто»).
Сястра Ганна Магдалена Рэмюза
Праз пяцьдзесят пяць гадоў пасля гэтых аб’яўленняў у Францыі ўспыхнула чума. У 1720 годзе чума ахапіла Праванс, спачатку закрануўшы Марсэль, які за некалькі месяцаў ператварыўся ў велізарны могільнік. Колькасць загінулых ацэньвалася прыкладна ў 40 000 чалавек, і было пахавана да 250 святароў, якія заразіліся падчас выканання пастырскіх абавязкаў.
У той час сястра Ганна Магдалена Рэмюза, маладая сястра візітантка дваццаці чатырох гадоў, падчас гарачай малітвы пачула, што Хрыстус не толькі хоча выратаваць горад ад чумы, але — разлічваючы на акт веры жыхароў Марсэля — хоча прыцягнуць да свайго сэрца церпячых людзей.
У кастрычніку 1720 года Хрыстус даў ёй зразумець, што «гэта прывядзе да ўстанаўлення свята ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса».
Свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Яна адразу ж расказала пра гэта біскупу Францішку Ксавэрыю дэ Бэлсунс дэ Кастэльмарон, які паверыў і ўстанавіў свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў дыяцэзіі Марсэля 22 кастрычніка.
1 лістапада ён урачыста прысвяціў горад і дыяцэзію Найсвяцейшаму Сэрцу. Эпідэмія адступіла. Калі праз два гады горад захліснула новая хваля эпідэміі, члены гарадской рады, па закліку біскупа, 18 мая 1722 года абавязаліся штогод у свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўдзельнічаць у Імшы ў касцёле візітантак і ў працэсіі, якую ўзначальвае біскуп горада. Эпідэмія зноў адступіла.
Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Тэкст літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса таксама быў створаны ў Марсэлі ў 1720 годзе падчас эпідэміі і напісаны менавіта сястрой Ганнай Магдаленай Рэмюза.
Арыгінальны тэкст утрымліваў дваццаць сем заклікаў. Дванаццаць з іх законніца ўзяла з малітоўніка айца езуіта Жана Круазэ, які яшчэ ў 1691 годзе ўшанаваў Найсвяцейшае Сэрца Езуса, збіраючы біблійныя тэрміны, якія адносяцца да Боскага Сэрца, у адной малітве. Шэсць дадатковых заклікаў былі дададзеныя да літаніі Кангрэгацыяй веры ў Рыме, якая ў 1899 годзе зацвердзіла малітву для чытання ва ўсім Касцёле.
Сёння літанія мае трыццаць тры заклікі, якія ўшаноўваюць гады жыцця Езуса на зямлі. Кожны з заклікаў у літаніі не з'яўляецца паэтычным вынаходніцтвам стваральнікаў, а паходзіць са Святога Пісання.
Размяшчэнне заклікаў у літаніі можна падзяліць на тры часткі. Першая тычыцца адносін Езуса да Айца і Святога Духа, другая — уласцівасцей Сэрца Езуса, а трэцяя апісвае адносіны Божага Сэрца да кожнага з нас.

Чэрвеньскія набажэнствы
Чэрвеньскія набажэнствы ў іх цяперашняй, звыклай форме, калі мы чытаем літанію да Сэрца Езуса падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, з'явіліся даволі позна, толькі ў XIX стагоддзі, таксама ў Францыі.
На гэты раз у Парыжы сястра Анжэла дэ Сэнт-Круа падчас падзякі пасля святой Камуніі падумала, што паколькі май прысвечаны Маці Божай, было б добра прысвяціць чэрвень Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Ідэя хутка атрымала адабрэнне, і ў 1873 годзе Папа Пій IX зацвердзіў чэрвеньскае набажэнства як афіцыйную малітву Касцёла.
Гэтае адабрэнне стала кульмінацыяй працэсу закладкі падмуркаў набажэнства для шанавальнікаў Боскага Сэрца, якія стагоддзямі адкрывалі ў Ім крыніцу жыцця, святасці і ўсялякага суцяшэння, разважаючы пра адкрытую рану з боку Збаўцы і Яго параненае Сэрца.







