Пошук

27.04.2022 12:12   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 23 красавіка копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў сустрэлі вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені на чале са сваім пробашчам ксяндзом Вячаславам Дубаўцом.

Прыбылі абразы ў чэрвеньскую парафію з санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Воранаве, дзе знаходзіліся на працягу апошніх трох тыдняў. З пачатку года перэгрынацыя копій абразоў адбывалася па святынях гродзенскай дыяцэзіі.

Выявы Багародзіцы, якія вандруюць па Беларусі, за гэты час наведалі Мінойты, Бярозаўку, Астравец, Варняны, Смаргонь, Крэва і Іўе.

Дзённік перэгрынацыі, ініцыятарам якой выступіў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл), змешчаны ў адмысловым раздзеле парафіяльнага сайту Сhyrvony.by «Пілігрымка з абразамі».

Суботнім вечарам пад Марыйны спеў абразы ўрачыста ўнесці ў чэрвеньскі касцёл, пасля чаго адбылася святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR.

«Нашыя продкі прыходзілі да Маці Божай, каб пакланіцца Ёй, падзякаваць, падзяліцца сваімі клопатамі, выпрасіць патрэбныя ласкі. А Яна як Маці Збаўцы заўсёды выслухоўвала і дапамагала людзям у патрэбах.

Сёння Марыя пажадала наведаць вас, каб кожнага атуліць сваёй апекай», — сказаў святар, звяртаючыся да вернікаў Чэрвеня.

На заканчэнне Імшы ксёндз Станіслаў заахвоціў, каб на працягу знаходжання ў чэрвеньскай парафіі копій цудадзейных ікон як мага больш людзей прыходзіла ўшанаваць Нябесную Матулю, якая чакае кожнага. Духоўны кіраўнік перэгрынацыі пажадаў, каб у бліжэйшыя два тыдні тутэйшыя вернікі сталі «апосталамі Марыі», якія нясуць радасную навіну.

«Раскажыце ўсім, каго ведаеце, што ў вашай парафіі цуд: Маці Божая прыйшла да вас!» — заклікаў ксёндз Станіслаў Станеўскі.

Абразы прабудуць ў чэрвеньскім касцёле да 7 мая. Як гэта адбывалася ў папярэдніх парафіях, кожны дзень падчас набажэнстваў тутэйшыя вернікі змогуць даведацца пра гісторю з’яўлення таго ці іншага цудадзейнага абраза і з асаблівай малітвай звярнуцца да Маці Божай.

 

Абноўлена 27.04.2022 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.