Пошук

14.11.2024 11:00   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Сёлета лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» — незвычайны: роўна 30 гадоў таму Маці Міласэрнасці, успамін якой акурат адзначаецца 16 лістапада, сабрала неабыякавых да пашырэння Божага слова людзей і з’яднала іх адною справаю — падрыхтоўкаю і выданнем беларускамоўнага каталіцкага часопіса, які ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ствараецца пад дэвізам: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе…» (абяцанне Маці Божай Фацімскай).

Як паведамляецца на сайце выдання ave-maria.by, сардэчна дзякуючы шматлікім чытачам, аўтарам і дабрадзеям (у «Слове рэдактара» Крыстыны Лялько), рэдакцыя часопіса публікуе на старонках выдання шчырыя водгукі-віншаванні верных чытачоў — Марыны Бурш, Бэрнарды Мілашэўскай, Алены Барахоўскай, Вікторыі Куклінай, Людмілы Страчынскай, Антаніны Святохі, Марыі Качаноўскай, Кацярыны Рагіні.

Ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Каталіцкая прэса ХХІ стагоддзя: друкаваная ці электронная?» разважае пра ролю і значэнне друкаванай каталіцкай прэсы ў сучасным свеце.

Аўтар прыводзіць шмат пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што яна і надалей будзе карыстацца попытам, нягледзячы на высокі ўзровень развіцця электронных медыя.

Маладая і ўжо пастаянная аўтарка часопіса Паліна Грыб у артыкуле «Сустрэча з Богам між радкоў» распавядае пра сваё знаёмства з часопісам і пра тое, якую ролю ён адыграў на яе шляху духоўнага сталення, а Іна Бігель у публікацыі «Нязведаныя шляхі Бога» дзеліцца досведам сваёй працы ў рэдакцыі часопіса «Ave Maria».

Пра значныя падзеі ў жыцці Касцёла на нашай Бацькаўшчыне вядзецца гаворка ў артыкулах Галіны Калевіч («Баруны: каранацыя цудадзейнага абраза»), Сабіны Радзько («З любоўю да Бога і бліжніх» — пра святкаванне ўрачыстасцяў, прысвечаных 25-годдзю Віцебскай дыяцэзіі і 15-годдзю кансэкрацыі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага), Віктара Ведзеня («…Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?» — пра перэгрынацыю копій цудадзейных абразоў Маці Божай у Шуміліне).

Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Ачысціць вусны» ўздымае актуальную духоўную праблему — нячыстасць маўлення — у дзвюх яе праявах: вульгарызмах і скажэнні праўды.

Некалькі матэрыялаў у рубрыцы «In memoriam» прысвечана памяці спачылага ксяндза Рышарда Пэрчака, які служыў пробашчам у Белагрудзе на Лідчыне.

Гэты нумар часопіса годна ўпрыгожвае незвычайная бібліятэчная знаходка літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч — верш-малітва паэта ХІХ стагоддзя Вінцэся Каратынскага, прысвечаны Панне Марыі Вастрабрамскай.

Даследчыца прапануе чытачам яго пераклад на беларускую мову.

Гэтыя і іншыя цікавыя матэрыялы — у пастаянных рубрыках выдання.

На вокладцы часопіса друкуюцца «Малітвы бацькоў у жалобе»: малітоўная інтэнцыя Папы Францішка на лістапад — за тых, хто страціў дзіця.

Абноўлена 14.11.2024 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця