Пошук

18.11.2024 14:14   Фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

У суботу 16 лістапада арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якая традыцыйна адзначаецца ў гэты дзень у парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат).

У адным з бочных алтароў вішнеўскага касцёла, дзе доўгі час нёс служэнне ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, руплівы святар і перакладчык Святога Пісання і літургічных тэкстаў на родную мову, знаходзіцца спіс цудадзейнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай — адной з найбольш шанаваных здаўна ікон Багародзіцы на нашых землях.

Падчас Імшы адбылося благаслаўленне спісу абраза Езуса Міласэрнага, змешчанага ў другім бочным алтары святыні ў Вішневе.

У прамоўленай на святой Імшы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім нагадаў, што на франтоне Вастрабрамскай капліцы ў Вільні змешчаны надпіс на лацінскай мове: Mater Misericordiæ, sub tuum præsidium confugimus — «Маці Міласэрнасці, пад Тваю абарону прыбягаем».

«Гэтыя словы да слёз у вачах і да болю ў сэрцы прасякаюць кожнага, хто становіцца перад Вастрабрамскай іконай. У іх заключаецца праўда аб тым, што Марыя з’яўляецца найкарацейшым шляхам да міласэрнага Езуса. Так было ў Кане Галілейскай, дзе па просьбе Марыі Хрыстус учыніў першы цуд. Так было ў гісторыі хрысціянства. Так ёсць і цяпер», — сцвердзіў заслужаны іерарх, дадаўшы, што «Марыя як наша духоўная Маці ніколі не пакідае нас у бядзе». Пры гэтым арцыбіскуп зазначыў, што, паводле Айцоў Касцёла, Марыя фізічна або духоўна прысутнічае пры кожным цудзе свайго Сына.

«Наш народ таксама дасведчыў Яе апеку і дапамогу ў часы ваяўнічага атэізму. У далёкім 1917 годзе, калі атэістычны рэжым рваўся на нашую зямлю, Марыя ў Фаціме заклікала да малітвы і навяртання, каб адхіліць ад нас надыходзячую бяду. Людзі не паслухаліся, і здарылася трагедыя: нябачаны ў гісторыі хрысціянства пераслед веры. Аднак нават у такой складанай сітуацыі, калі людзі адмовіліся ад навяртання, Марыя дала ім надзею.

Яе словы „Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе“ сталі падтрымкай у змрочныя часы ганенняў. Гэтая надзея доўгія пакаленні суправаджала мучанікаў, веравызнаўцаў, сведкаў.

Яны верылі, што цёмны тунэль ганенняў на веру скончыцца і зноў засвеціць сонца Евангелля. Так і сталася, чаго сведкамі і ўдзельнікамі мы з’яўляемся», — заўважыў першы ў пасляваенныя часы беларускі біскуп.

Ён дадаў, што 30 гадоў свабоды веравызнання, атрыманай згодна з фацімскім прароцтвам Марыі, сталі часам адраджэння Касцёла і яго структур, а таксама часам умацавання веры.

«Аднак на небасхіле жыцця Касцёла з’яўляюцца новыя хмары, і буры секулярызму імкнуцца перашкодзіць яму несці святло Евангелля ў сучасным свеце», — з горыччу канстатаваў іерарх, назваўшы сярод такіх негатыўных праяваў сур’ёзны крызіс асноватворных інстытутаў сужэнства і сям’і, адсутнасць пашаны да жыцця з моманту зачацця да натуральнай смерці, маніпуляванне чалавечай годнасцю.

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што гэтым негатыўным тэндэнцыям спрыяе таксама пазбаўленая духоўнасці сучасная масавая культура і шырокая антырэлігійная кампанія ў так званых «ліберальных» СМІ, лёгкадаступных сёння ў сеціве. Арцыбіскуп эмэрыт перадусім меў на ўвазе папулярныя сярод моладзі сацыяльныя сеткі, дзе вельмі шмат антыхрысціянскага кантэнту. Паводле іерарха, у такім маральна нездаровым клімаце многім маладым людзям складана прыняць праўды веры і жыць імі, у выніку чаго яны трацяць надзею на будучыню.

«Дзе шукаць дапамогі? У Марыі!» — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч і прапанаваў вернікам задумацца над пытаннямі, «ці мы бярэм прыклад з Марыі, ці згаджаемся з Божай воляй, ці спяшаемся з дапамогай патрабуючым, ці з’яўляемся сведкамі Евангелля ў наш час агрэсіўнага секулярызму і адрынання Бога».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў сабраных у святыні адказаць на гэтыя пытанні з мэтай імкнуцца стаць падобнымі да Марыі, «каб ласка Божай міласэрнасці напоўніла нас і нашу краіну».

 

Абноўлена 20.11.2024 12:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця