Пошук

18.11.2024 11:30   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: стоп-кадр трансляцыі на сайце санктуарыя ausrosvartai.lt

З 10 па 17 лістапада ў Вільні праходзілі адпустовыя ўрачыстасці Апекаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці — Маці Божай Вастрабрамскай.

З гэтай нагоды штодзённа ў Вастрабрамскай капліцы і ў касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме адбываліся малітвы і адпустовыя цэлебрацыі на розных мовах.

У суботу 16 лістапада, у сам дзень урачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай, у касцёле цэлебравалася святая Імша на беларускай мове.

У ёй узялі ўдзел як мясцовыя вернікі беларускага паходжання, якіх нямала жыве на Віленшчыне, так і пілігрымы з Беларусі і іншых краін. Дзякуючы прамой трансляцыі, што вялася на сайце санктуарыя, да супольнай малітвы далучыліся тысячы суайчыннікаў з усяго свету.

Усіх сабраных у святыні шчыра прывітаў душпастыр віленскіх беларусаў каталіцкага веравызнання брат Сяргей Мацюшонак OFMCap, пробашч парафіі святога Барталамея на Зарэччы ў Вільні, дзе рэгулярна цэлебруюцца Імшы на роднай мове. Хор гэтай парафіяльнай супольнасці аздобіў урачыстасць сваім спевам.

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі святар перадусім адзначыў, што «гісторыя цудадзейнага абраза ў Вастрабрамскай капліцы з’яўляецца адлюстраваннем гісторыі гэтага горада і гэтага народа, які перажываў нялёгкія часы крызісаў і заняпадаў, свайго росквіту і хвалы».

«Мы сёння, як і нашыя продкі і папярэднікі ў веры, пакорна становімся на калені перад тваім святым абліччам, Матуля, і аддаем Табе нашыя народы і нашыя сем’і. Вядзі нас, Святая Панна, і прытуляй да свайго матчынага сэрца свайго. Паказвай нам дарогу да Сына Твайго і да саміх сябе», — скіраваў малітоўны заклік да Багародзіцы брат Сяргей.

Разважаючы над прачытаным урыўкам з Евангелля пра адведзіны Марыяй святой Альжбеты, капуцын заўважыў, што Марыя з’яўляецца ўзорам любові і служэння, а Яе адведзіны становяцца крыніцай радасці для Альжбеты і Яна.

«Гэтая сустрэча паказвае не толькі любоў і падтрымку паміж жанчынамі, але і нагадвае пра Божую міласэрнасць, якая праяўляецца ў штодзённых міжасобасных адносінах.

Марыя як Маці Міласэрнасці становіцца ўзорам для ўсіх, хто жадае несці дапамогу і радасць іншым, асабліва ў цяжкія хвіліны жыцця. Як жа гэта актуальна для нас сёння!» — падкрэсліў брат Сяргей Мацюшонак, дадаўшы, што прысутнасць Марыі у цудатворнай Вастрабрамскай іконе з’яўляецца сімвалам надзеі і міласэрнасці, якія Марыя нясе сучаснаму свету і кожнаму з нас.

Разважаючы над тым, чаму сучасныя вернікі могуць вучыцца сёння у Марыі, святар перадусім звярнуў увагу на веру і паслухмянасць, а таксама на прыняцце Божай ласкі, трываласць у веры, а таксама на такія цноты, як дабрыня, міласэрнасць, пакора і цярплівасць. Паводле душпастыра віленскіх беларусаў, ва ўсім гэтым Марыя праяўляе сваё заступніцтва і мацярынства, а таксама дае найлепшы прыклад хрысціянскага жыцця

Гамілію брат Сяргей Мацюшонак завяршыў словамі малітвы святога Максімільяна Марыі Кольбэ:

«Маці Божая Вастрабрамская, Ты не маеш у сваіх руках Дзіцяткі Езуса, то вазьмі мяне ў свае рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё».

На заканчэнне Імшы ўсе прысутныя памаліліся літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі перад спісам цудадзейнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай.

 

Абноўлена 18.11.2024 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.