Пошук

16.11.2023 14:20   Паводле: Misyjne.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

16 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін Маці Божай Вастрабрамскай, якая ўшаноўваецца ў цудадзейным віленскім абразе як Маці Міласэрнасці.

Культ гэтага славутага цудадзейнага абраза, вельмі распаўсюджаны на нашых землях, узыходзіць да другой паловы XVII стагоддзя і звязаны з абаронаю муроў Вільні. У 1993 годзе ў Вастрабрамскай капліцы маліўся святы Ян Павел ІІ, ахвяраваўшы там Марыі залатую ружу, а ў 2018 годзе святыню наведаў Папа Францішак падчас сваёй пілігрымкі ў Літву.

Сёлета спаўняецца 250 гадоў з таго часу, калі Папа Клімэнт XVI дазволіў публічную цэлебрацыю набажэнстваў у капліцы Маці Божай у Вострай Браме ў Вільні, а таксама 195 гадоў з таго часу, як на яе франтоне быў змешчаны надпіс: «Маці Міласэрнасці, Тваёй абароне аддаемся».

«Хрысціяне з Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і з іншых краін прыбываюць сюды, каб перад абліччам Маці Божай дзяліцца адно з адным, як браты і сёстры, той самай верай, супольнай надзеяй, адной любоўю», — сказаў Папа Ян Павел ІІ 4 верасня 1993 года падчас малітвы ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні.

Фота Віктара Ведзеня

«Мінаюць гады, мінаюць рэжымы, але над віленскай Вострай Брамай няспынна чувае над сваім народам Марыя, Маці Міласэрнасці, як знак непрамінальнай надзеі і суцяшэння», — сказаў Папа Францішак, прамаўляючы з вакна Вастрабрамскай капліцы 22 верасня 2018 года. Ён нагадаў, што ў 1799 годзе гарадскія муры Вільні былі цалкам знішчаны, і засталася толькі адна гэтая брама. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што «ўжо тады у ёй быў змешчаны абраз Панны Міласэрнасці, Святой Маці Бога, якая заўсёды гатовая нас ратаваць, прыйсці нам на дапамогу».

Фота: Вальдэмар Давейка / PAP

Першыя звесткі пра браму, у якой цяпер знаходзіцца капліца Маці Міласэрнасці, адносяцца да 1514 года. Тады яна называлася Медніцкай. Лацінская назва Porta Acialis, або Вострая Брама, упершыню сустракаецца ў крыніцах у 1594 годзе.

Напачатку выява Маці Божай вісела ў невялікай нішы з унутранага боку брамы, сіметрычна са змешчаным на вонкавым баку абразом Збаўцы свету.

У 1668 годзе гарадскія ўлады даручылі абраз апецы кармэлітаў, а ў 1671 годзе намаганнямі айца Караля ад Духа Святога для іконы была пабудавана драўляная каплічка. Пасля таго, як у 1702 годзе Вільню занялі шведы, было забаронена публічнае ўшанаванне абраза.

Замест драўлянай каплічкі, якая ў 1711 годзе згарэла, у 1712–1715 гадах была пабудавана мураваная. У 1789–1799 гадах па праекце архітэктара П’етро дэ Россі да яе была прыбудавана галерэя і ўнутраная лесвіца для пілігрымаў, а ў 1829 годзе капліцы былі нададзены рысы позняга класіцызму. У 1844 годзе яна была перададзена пад апеку дыяцэзіяльнага духавенства.

Фота: Вальдэмар Давейка / PAP

Змешчаны ў капліцы абраз Маці Божай Вастрабрамскай быў створаны каля 1620–1630 гадоў. Узорам для яго паслужылі працы галандскага мастака Марціна дэ Воса. Абраз намаляваны на васьмі дубовых дошках. Фарбы нанесены на тонкі слой крэйдавага грунту, што тыпова для паўночнаеўрапейскай традыцыі жывапісу.

Выява прадстаўляе Найсвяцейшую Панну Марыю з крыху нахіленай галавой з арэолам з дванаццацю зоркамі і прамянямі.

Вочы Марыі крыху прыкрытыя, далоні далікатна скрыжаваныя на грудзях, стройная постаць ахінутая паўмесяцам. Гэта адсылка да анёльскага Звеставання, а каванае з метала сонца, зоркі і паўмесяц азначаюць Божыя ласкі.

Абраз пакрыты срэбнымі пазалочанымі шатамі. Першыя тры адносяцца да 1670–1690 гадоў і пакрываюць галаву і плечы Марыі. Наступныя, якія пакрываюць грудзі Маці Божай, датуюцца 1695–1700 гадамі, а апошнія, што пакрываюць ніжнюю частку выявы, былі зробленыя не пазней за 30-я гады XVIII стагоддзя.

Фота: Вальдэмар Давейка / PAP

Выяву Марыі вянчаюць дзве кароны. Ніжняя — медная і пазалочаная — была зроблена каля 1700 года. Тая, што зверху, была зроблена каля 1750 года з пазалочанага срэбра і аздоблена ўстаўкамі з каляровага шкла. Папа Пій ХІ каранаваў абраз новымі залатымі каронамі. Урачыстасць адбылася 2 ліпеня 1927 года з удзелам Мітрапаліта Варшаўскага кардынала Аляксандра Какоўскага. Папскія кароны былі дакладнымі копіямі старых карон, выкананымі з золата, ахвяраванага на гэтую мэту вернікамі. Пій ХІ, імкнучыся захаваць народы шматнацыянальнага горада ад узаемнай варажнечы, не даў згоды на тое, каб абразу быў нададзены тытул Каралевы Польшчы. Таму ён атрымаў тытул Маці Міласэрнасці.

Самы стары вотум, ахвяраваны ў 1671 годзе, знішчыў пажар у Вільні. Гэта была таблічка са сцэнай уратавання памерлага дзіцяці. Паводле спісу, які вёўся ў 1884–1927 гадах, на працягу 44-х гадоў было ахвяравана 2539 вотумаў. Найбольш іх было ахвяравана падчас нестабільнасці і войнаў (1903–1904 гады, 1911–1914 гады).

Першыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай адбыліся пасля пажару ў Вільні 18 мая 1706 года.

З 1735 года ў лістападзе пачалі адзначаць свята Апекі Найсвяцейшай Маці. Тады абраз пераносіўся ў размешчаны побач касцёл святой Тэрэзы, а для большай велічнасці на ўрачыстасць запрашалі біскупаў, вядомых прапаведнікаў і семінарыстаў. Наладжвалася святочная ілюмінацыя касцёла, брамы і ўсёй вулачкі.

Фота Вікатар Ведзеня

У 1773 годзе Папа Клімэнт XVI даў дазвол на публічную цэлебрацыю набажэнстваў у капліцы. У 1828 годзе на франтоне Вострай Брамы быў змешчаны надпіс «Маці Міласэрнасці, Тваёй абароне аддаемся».

Папа Ян Павел ІІ у энцыкліцы Dives in misericordia — «Вялікі ў міласэрнасці» — ад 30 лістапада 1980 года звярнуў увагу на тое, што Марыя «асаблівым і выключным чынам, як ніхто іншы, атрымала міласэрнасць, а разам з тым выключным чынам акупіла свой удзел у аб’яўленні Божай міласэрнасці ахвярай сэрца. Гэтая ахвяра шчыльна звязана з крыжам Яе Сына, ля падножжа якога ёй давялося стаяць на Кальварыі».

Папа Ян Павел ІІ заўважыў, што Марыя «найбольш поўна ведае таямніцу Божай міласэрнасці», таму што «ведае, колькі яно каштавала, і ведае, якое яно вялікае. У гэтым значэнні мы называем Яе таксама Маці Міласэрнасці — Божай Маці Міласэрнасці і Маці Божай Міласэрнасці».

Мазаіка з выявай Маці Божай Вастрабрамскай змешчана ў літоўскай капліцы у сутарэннях ватыканскай базылікі святога Пятра.

Абноўлена 16.11.2023 17:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.