Пошук

07.01.2025 20:20   Паводле: Vatican News PL / Catholic.by
Адшуканыя рэгаліі. Фота: PAP / Valdemar Doveiko

Сенсацыйная знаходка была зроблена нядаўна ў крыпце віленскай катэдры: даследчыкі знайшлі тайнік з пахавальнымі рэгаліямі Караля Польскага і Вялікага Князя Літоўскага Аляксандра Ягелончыка, а таксама першай жонкі Жыгімонта Аўгуста Альжбеты Габсбургскай і яго другой жонкі Барбары Радзівіл.

Пра сенсацыйную знаходку паведаміў Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі 6 студзеня.

«Тры Каралі прынеслі нам у дар тры кароны», — сказаў іерарх.

Адкрыццё было зроблена 16 снежня 2024 года, калі ў святыні быў знойдзены тайнік, закладзены ў 1939 годзе.

Што знойдзена?

Фота: PAP/Valdemar Doveiko

Знойдзены пахавальныя кароны караля Аляксандра Ягелончыка, Альжбеты Габсбургскай і Барбары Радзівіл. Акрамя таго, знойдзены таксама ланцужок, медальён, пярсцёнак і таблічка з труны першай жонкі Жыгімонта Аўгуста. Між тым Барбары Радзівіл належалі знойдзеныя скіпетр, каралеўская дзяржава, тры пярсцёнкі, ланцуг і дзве таблічкі з труны.

Знойдзеныя рэгаліі былі выраблены ўжо пасля смерці манаршых асобаў. Іх удалося цудам захаваць ад Другой сусветнай вайны, а манаршыя магілы, пра якія ўжо ніхто не ведаў, былі знойдзены некалькімі гадамі раней, пасля паводкі 1931 года.

«Пасля пачатку вайны, калі была пагроза закрыцця віленскай катэдры, капітул паклапаціўся аб захаванні каштоўнасцяў. Катэдральная скарбніца была замуравана ў нішы адной з лесвічных пляцовак храма», — патлумачыў эканом Віленскай архідыяцэзіі Міхал Ёзапавічус.

«Знойдзеныя пахавальныя рэгаліі манархаў Літвы і Польшчы ўяўляюць бясцэнную гістарычную каштоўнасць, з’яўляюцца сімваламі даўняй традыцыі літоўскай дзяржаўнасці, знакамі Вільні як сталіцы і выдатнымі вырабамі ювелірнага мастацтва», — адзначыў арцыбіскуп Грушас.

У тайніку таксама былі выяўлены шэсць срэбраных пласцін, якія ўпрыгожвалі капліцу святога Казіміра, і шмат вотумаў: пярсцёнкі, завушніцы, крыжы, некалькі біскупскіх рэгалій. Таксама знойдзена таблічка з труны віленскага біскупа Бэнэдыкта Войны.

«Было зроблена шмат спроб знайсці гэтыя рэгаліі, таму я шчыра рады і ўдзячны ўсім, хто добразычліва прычыніўся да гэтых пошукаў.

Дзякуючы супрацоўніцтву многіх установаў гэтыя бясцэнныя каштоўнасці былі нарэшце адшуканыя. Цяпер яны будуць даследаваны, адрэстаўраваны і ў далейшым будуць даступныя грамадскасці», — дадаў арцыбіскуп Гінтарас Грушас.

Як шукалі рэгаліі?

Фота: PAP/Valdemar Doveiko

Замураваны тайнік са скарбніцай катэдры быў знойдзены ў 1985 годзе. Лічылася, што месца, дзе былі схаваныя манаршыя рэгаліі, знаходзілася ў сутарэннях святыні.

Пасля аднаўлення Літвой незалежнасці некалькі разоў прадпрымаліся іх пошукі. Найбольшая ўвага заўсёды надавалася пошукам месца пахавання Вялікага Князя Вітаўта, якія дагэтуль не далі вынікаў.

У 2009 годзе стартаваў сумесны літоўска-польскі праект, які атрымаў згоду ад тагачаснага кіраўніцтва архідыяцэзіі на неінвазійныя даследаванні з выкарыстаннем геарадара, цеплавізійнай камеры і металадэтэктара. Падчас гэтых пошукаў даследчыкі карысталіся інфармацыяй сведкі, які ўдзельнічаў у схаванні рэгалій. Аднак абследаванне сутарэнняў катэдры не прынесла чаканых вынікаў.

У 2023 годзе пачаліся перамовы з Інстытутам гісторыі Літвы наконт дэталёвай лічбавай інвентарызацыі крыпты з дапамогай 3D-сканера. Аналіз атрыманых даных быў прызначаны для ідэнтыфікацыі структурных змен і, такім чынам, неінвазійнага выяўлення патэнцыйных схованак. Аднак гэты праект не быў рэалізаваны з-за адсутнасці фінансавання.

Быў ініцыяваны і дзяржаўны праект з падобнымі мэтамі — алічбоўка культурнай спадчыны на платформе eCultura, якую рэалізуе Нацыянальная бібліятэка Літвы ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

9 кастрычніка 2024 года ў віленскай катэдры адбылася нарада па пытаннях пошуку схованкі манаршых рэгалій, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Віленскай архідыяцэзіі, Дэпартамента культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры і музея Палацу ўладароў. Была дасягнута дамоўленасць, што Музей касцёльнай спадчыны з дапамогай спецыялістаў музея Палацу ўладароў можа з дапамогай эндаскапічнай камеры шукаць магчымыя тайнікі.

16 снежня 2024 года ў крыпце віленскай катэдры быў праведзены пошук тайніка 1939 года з дапамогай эндаскапічнай камеры праз ужо існуючыя адтуліны і расколіны.

Даследаванне грунтавалася на планах сутарэнняў міжваеннага і тагачаснага перыяду, а таксама на пісьмовых звестках сведкаў. Пасля некалькіх спроб схованку знайшлі. Знойдзеныя каштоўнасці было вырашана ў той жа дзень выняць, апісаць, каталагізаваць і перадаць у бяспечнае месца. У бліжэйшы час яны будуць даследаваны, адрэстаўраваны і даступныя для шырокай публікі.

Фота: PAP/Valdemar Doveiko

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа