Пошук

20.02.2024 15:17   Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by

Аранта ўздымае рукі да неба / Рым, катакомбы Прысцылы / Фота: dzen.ru

2 сакавіка ў Рыме з нагоды Сёмага дня катакомбаў будуць адкрытыя сем маршрутаў па падзямеллях, дзе пахаваныя першыя хрысціяне.

Як паведамляе Украінская рэдакцыя парталу Vatican News, сем маршрутаў будуць адкрытыя для наведвання падчас веснавога этапу штогадовага мерапрыемства. Папская камісія па сакральнай археалогіі арганізуе бясплатныя экскурсіі.

Тэма 2024 года была натхнёная жаданнем Папы Францішка прысвяціць гэты год малітве ў межах падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года. 

Наведванне катакомбаў і магчымасць сустрэцца з першай хрысціянскай супольнасцю з’яўляюцца спосабам абудзіць у верніках жаданне маліцца Богу праз заступніцтва мучанікаў, якія загінулі, каб сведчыць аб веры.

Пра гэта гаворыцца ў камюніке Папскай камісіі па сакральнай археалогіі, якім яна запрашае да ўдзелу ў веснавым адзначэнні Сёмага дня катакомбаў, якое адбудзецца 2 сакавіка ў Рыме на тэму «Ад памяці да малітвы», у тым ліку ў межах падрыхтоўкі да Юбілейнага 2025 года

Нагадваецца, што Папская камісія распачала правядзенне Дня катакомбаў у кастрычніку 2018 года. На працягу першых пяці гадоў ён праводзіўся ў кастрычніку, а з 2023 года — два разы на год. Таксама і Сёмы дзень катакомбаў будзе мець веснавы і восеньскі этапы.

Спыніцца на малітве

«Папа пажадаў, — чытаем у камюніке, — каб гэты год быў прысвечаны малітве як адпаведнай непасрэднай падрыхтоўцы да Юбілею. Наведванне хрысціянскіх катакомбаў, даючы нам вопыт сустрэчы з помнікамі і сведчаннямі першай хрысціянскай супольнасці ў Рыме, нагадвае нам пра людзей, падзеі, гісторыі, значныя і важныя нават для сённяшняга дня. Такія ўспаміны, непасрэдна ўспрынятыя і перажытыя, не могуць не выклікаць глыбокіх разважанняў, а ў вернікаў не выклікаць малітвы; малітва, скіраваная да Пана, Бога жыцця і Збаўцы, але таксама да мучанікаў і ўсіх тых, хто сведчыць аб веры, чый прыклад і заступніцтва падтрымлівае нас на нашым цяперашнім шляху.

Сярод шматлікіх выяваў, якія можна ўбачыць у катакомбах і якія заахвочваюць да малітвы, у камюніке згадваецца выява Аранты, «якая ўздымае рукі да неба, каб праслаўляць Бога, дзякаваць Яму, прасіць аб заступніцтве і дапамозе, заклікаць да вызвалення і выратавання».

Таму запрашэнне да наведвальнікаў — «спыніцца на хвіліну ў цішыні, у малітве».

Праграма мерапрыемстваў

2 сакавіка наведвальнікі змогуць прыняць удзел у экскурсіях па сямі катакомбах Рыма па папярэдняй рэгістрацыі, якая будзе весціся да заканчэння вольных месцаў. Папская камісія па сакральнай археалогіі таксама арганізуе розныя адукацыйныя ініцыятывы ў некаторых катакомбах. Акрамя таго, усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымаюць ваўчары на два квіткі са зніжкай на наведванне катакомбаў у любы час на працягу 2024 года.

Абноўлена 21.02.2024 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа