АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ
СВЯТОГА АЙЦА ЛЬВА XIV
ПРА ЗНАЧЭННЕ АРХЕАЛОГІІ
З НАГОДЫ СТАГОДДЗЯ
ПАПСКАГА ІНСТЫТУТА ХРЫСЦІЯНСКАЙ АРХЕАЛОГІІ
У сотую гадавіну заснавання Папскага інстытута хрысціянскай археалогіі я адчуваю радасць і абавязак падзяліцца некаторымі разважаннямі, якія лічу важнымі для Касцёла на сучасным этапе яго вандравання. Раблю гэта з удзячным сэрцам, усведамляючы, што памяць пра мінулае, асветленая верай і ачышчаная любоўю, сілкуе надзею.
У 1925 годзе быў абвешчаны «Юбілей міру», мэтай якога стала залечванне жахлівых ранаў Першай сусветнай вайны. Важна тое, што стагоддзе заснавання інстытута супадае з новым Юбілеем, які сёння таксама імкнецца даць перспектывы надзеі чалавецтву, якое церпіць ад шматлікіх войнаў.
Сучасная гісторыя, з яе хуткімі зменамі, гуманітарнымі крызісамі і культурнымі трансфармацыямі патрабуе, акрамя старажытных і новых ведаў, пошуку глыбокай мудрасці, здольнай захаваць і перадаць будучым пакаленням тое, што сапраўды з’яўляецца важным. У гэтай перспектыве я хачу вельмі моцна падкрэсліць, што археалогія з’яўляецца неад’емным элементам інтэрпрэтацыі хрысціянства і, адпаведна, катэхетычнай ды тэалагічнай фармацыі. Гэта не проста спецыялізаваная дысцыпліна для невялікай колькасці экспертаў, але гэта шлях, даступны ўсім, хто імкнецца зразумець увасабленне веры ў часе, месцы і культуры. Для нас, хрысціянаў, гісторыя з’яўляецца найважнейшым падмуркам: сапраўды, мы здзяйсняем пілігрымку жыцця ў канкрэтыцы гісторыі, якая з’яўляецца таксама сцэнарыем, у якім разгортваецца таямніца збаўлення. Кожны хрысціянін пакліканы абапіраць сваё жыццё на Добрай Навіне, якая паходзіць з гістарычнага ўцелаўлення Божага Слова (пар. Ян 1, 14).
Як нагадаў нам наш умілаваны папа Францішак: «Ніхто не можа сапраўды ведаць, хто ён і кім ён збіраецца быць заўтра, не развіваючы сувязь, якая лучыць яго з папярэднімі пакаленнямі. Гэта датычыцца не толькі лёсу асобнага чалавека, але і больш шырокай супольнасці. Вывучэнне і апавяданне гісторыі дапамагае падтрымліваць „полымя калектыўнай свядомасці”. У адваротным выпадку застаецца толькі асабістая памяць пра факты, звязаныя з уласнымі інтарэсамі або эмоцыямі, без сапраўднай сувязі з чалавечай і касцёльнай супольнасцю, у якой мы знаходзімся і жывем» [1].
Дом археалогіі
У Motu proprio «I primitivi cemeteri» (Старажытныя могілкі) ад 11 снежня 1925 г. папа Пій XI ухваліў амбіцыйны і далёкасяжны праект: стварэнне інстытута вышэйшай адукацыі, г.зн. дактаранцкага, які ў супрацоўніцтве з Камісіяй па сакральнай археалогіі і Папскай Рымскай акадэміяй археалогіі будзе праводзіць з найвышэйшай навуковай строгасцю даследаванні помнікаў старажытнага хрысціянства з мэтай рэканструкцыі жыцця першых супольнасцяў, рыхтуючы такім чынам «выкладчыкаў хрысціянскай археалогіі для ўніверсітэтаў і семінарый, кіраўнікоў старажытных раскопак, кансерватараў сакральных помнікаў, музеяў і г.д.» [2]. У бачанні Пія XI археалогія з’ўляецца неабходным элементам дакладнай рэканструкцыі гісторыі, якая, як «святло праўды і сведчанне часу, калі яе належным чынам вывучаць і ўважліва разглядаць» [3], паказвае народам плённасць хрысціянскіх каранёў і плады агульнага дабра, якія могуць з іх вынікаць, пацвярджаючы гэтым таксама справу евангелізацыі.
На працягу гэтых гадоў Папскі інстытут хрысціянскай археалогіі падрыхтаваў сотні археолагаў старажытнага хрысціянства, якія, як і самі выкладчыкі, паходзяць з розных куткоў свету. Вярнуўшыся ў свае краіны, яны занялі важныя пасады ў сферы дыдактыкі або кансервацыі помнікаў. [Інстытут] спрыяў даследаванням у Рыме і ва ўсім хрысціянскім свеце; ён адыграў эфектыўную міжнародную ролю ў прасоўванні хрысціянскай археалогіі як праз арганізацыю рэгулярных кангрэсаў і шматлікіх іншых навуковых ініцыятыў, так і праз цесныя сувязі і пастаянны абмен з універсітэтамі і даследчыцкімі цэнтрамі ва ўсім свеце.
Часам Інстытут выступаў прамоўтэрам міру і рэлігійнага дыялогу, напрыклад, арганізоўваючы XIII Міжнародны кангрэс у Спліце падчас вайны ў былой Югаславіі, і гэта было нялёгкае рашэнне, якое выклікала шмат супраціву ў акадэмічным асяроддзі [4], або пацвярджаючы сваю дзейнасць місіямі за мяжой у палітычна нестабільных краінах. Ён ніколі не адхіляўся ад сваіх мэтаў высокіх адукацыйных стандартаў, аддаючы перавагу непасрэднаму кантакту з пісьмовымі крыніцамі і помнікамі, бачнымі і адназначнымі слядамі першых хрысціянскіх супольнасцяў, праз наведванне, асабліва катакомб і касцёлаў Рыма, і штогадовыя даследчыцкія паездкі ў геаграфічныя раёны, звязаныя з распаўсюджваннем хрысціянства.
Кожны раз, калі гэтага патрабавалі дыдактычная неабходнасць і знешнія рэкамендацыі, асабліва ў апошнія гады разам з Балонскім працэсам, падпісаным Апостальскай Сталіцай, для стварэння цэласнай сістэмы вышэйшай адукацыі ў Еўропе, Інстытут актуалізаваў свае дысцыпліны і навучальныя праграмы, застаючыся аднак верным мэтам і духу сваіх заснавальнікаў. Ён надалей працягваў ісці па слядах піянераў хрысціянскай археалогіі, асабліва Джавані Батыста дэ Росі, «нястомнага вучонага, які заклаў асновы навуковай дысцыпліны» [5]. Менавіта яму мы абавязаны адкрыццём у другой палове XIX ст. большасці хрысціянскіх могілак вакол муроў Рыма, а таксама за даследаванне санктуарыяў мучанікаў пераследу, асабліва ў часы Дэцыя, Валерыяна і Дыяклецыяна, і за даследаванне развіцця гэтых санктуарыяў з часоў Канстанціна, якія прыцягвалі ўсё больш і больш пілігрымак аж да ранняга Сярэднявечча.
Гэта было служэнне Касцёлу, які мог разлічваць на Інстытут у распаўсюджванні ведаў пра матэрыяльныя сведчанні ранняга хрысціянства, пра мучанікаў, якія і сёння застаюцца прыкладам асляпляльнай і адважнай веры. Служэнне Інстытута мела таксама практычны характар, бо ён удзельнічаў у раскопках, якія вяла Fabrica di San Pietro ля магілы апостала Пятра пад алтаром Канфесіі ў Ватыканскай базыліцы і, зусім нядаўна, у даследаваннях Ватыканскіх музеяў пры базыліцы св. Паўла за Мурамі.
Археалогія як школа ўцелаўлення
Сёння мы пакліканы спытаць сябе: наколькі роля хрысціянскай археалогіі ў эпоху штучнага інтэлекту і даследаванняў бясконцых галактык Сусвету можа надалей быць плённай для грамадства і Касцёла?
Хрысціянства нарадзілася не з ідэі, але з цела. Не з абстрактнай канцэпцыі, але з улоння, з цела, з магілы. Хрысціянская вера ў сваім найглыбейшым сэнсе гістарычная: яна грунтуецца на канкрэтных падзеях, тварах, жэстах, словах, сказаных на пэўнай мове, у пэўную эпоху, у канкрэтным асяроддзі [6]. Гэта робіць археалогія бачным, адчувальным. Яна нагадвае нам, што Бог вырашыў гаварыць на чалавечай мове, хадзіць па зямлі, жыць у розных месцах, дамах, сінагогах і вуліцах.
Немагчыма цалкам зразумець хрысціянскую тэалогію без усведамлення месцаў і матэрыяльных слядоў, якія сведчаць пра веру першых стагоддзяў. Нездарма евангеліст Ян пачынае сваё Першае пасланне са сцвярджэння пра пачуцці: «[Абвяшчаем вам] тое, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі» (1 Ян 1, 1). Хрысціянская археалогія ў пэўным сэнсе з’яўляецца праўдзівым адказам на гэтыя словы. Яна імкнецца дакрануцца, убачыць і пачуць Слова, якое сталася целам. Не для таго, каб затрымацца на бачным, але каб прывесці да Таямніцы, якая схавана за гэтым.
Маючы справу з матэрыяльнымі слядамі веры, археалогія выхоўвае нас да тэалогіі пачуццяў: тэалогіі, якая можа бачыць, дакрануцца, адчуць пах, пачуць. Хрысціянская археалогія выхоўвае нас да такой адчувальнасці. Капаючыся сярод камянёў, руінаў і іншых аб’ектаў, яна вучыць нас, што нішто, да чаго дакранулася вера, не пазбаўлена значэння. Нават фрагмент мазаікі, забыты надпіс ці графіці на сцяне катакомб могуць расказаць біяграфію веры. У гэтым сэнсе археалогія ‒ гэта таксама школа пакоры: яна вучыць нас не пагарджаць тым, што дробнае, што здаецца другасным. Яна вучыць нас чытаць знакі, інтэрпрэтаваць маўчанне і загадкавасць рэчаў, інтуітыўна разумець тое, што не запісана. Гэта навука, якая стаіць на парозе паміж гісторыяй і верай, паміж матэрыяй і Духам, паміж старажытным і вечным.
Мы жывём у эпоху, калі выкарыстанне і спажыванне пераважылі клопат і павагу. Археалогія ж вучыць нас, што нават самыя маленькія сведчанні заслугоўваюць увагі, што кожны след мае каштоўнасць, што нічога нельга адкідаць. У гэтым сэнсе яна з’яўляецца школай устойлівага культурнага развіцця і духоўнай экалогіі. Яна выхоўвае нас паважаць матэрыю, памяць і гісторыю. Археолаг не знішчае, але захоўвае. Ён не спажывае, а сузірае. Ён не разбурае, а расшыфроўвае. Яго позірк цярплівы, дакладны і поўны павагі. Гэта позірк, які можа распазнаць у кавалку керамікі, у праржавелай манеце, у пашкоджанай гравюры подых эпохі, сэнс веры, цішыню малітвы. Гэта позірк, які можа шмат чаму навучыць таксама сучаснае душпастырства і катэхезу.
З іншага боку, перадавыя тэхналагічныя інструменты дазваляюць нам здабываць новую інфармацыю са знаходак, якія калісьці лічыліся нязначнымі. Гэта нагадвае нам, што сапраўды няма нічога бескарыснага ці страчанага. Нават тое, што здаецца маргінальным, можа ў святле новых пытанняў і новых метадаў набыць глыбокі сэнс. У гэтым сэнсе археалогія ‒ гэта таксама школа надзеі.
У Выканаўчых нормах Апостальскай канстытуцыі Veritatis gaudium сцвярджаецца, што археалогія, разам з гісторыяй Касцёла і патралогіяй, павінна быць часткай фундаментальных дысцыплін тэалагічнай адукацыі [7]. Гэта не дадатковы элемент, а глыбокі педагагічны прынцып: той, хто вывучае тэалогію, павінен ведаць, адкуль паходзіць Касцёл, як ён жыў і якія формы прымала вера на працягу стагоддзяў. Археалогія распавядае нам не толькі пра прадметы, але і пра людзей: пра іх дамы, іх магілы, іх касцёлы, іх малітвы. Яна распавядае нам пра штодзённае жыццё першых хрысціянаў, пра месцы культу, формы абвяшчэння. Распавядае нам пра тое, як вера фармавала прастору, гарады, пейзажы і менталітэт. Яна дапамагае нам зразумець, як Аб’яўленне ўвасаблялася ў гісторыі, як Евангелле знаходзіла словы і формы ў культурах. Тэалогія, якая ігнаруе археалогію, рызыкуе стаць бесцялеснай, абстрактнай і ідэалагічнай. Наадварот, тэалогія, якая прымае археалогію як саюзніка, ‒ гэта тэалогія, якая слухае цела Касцёла, пытаецца пра яго раны, чытае яго знакі і дазваляе ўзрушыцца яго гісторыяй.
Прафесія археолага ‒ гэта ў значнай ступені прафесія «дотыку». Археолагі першымі дакранаюцца пасля стагоддзяў да пахаванай матэрыі, захоўваючы энергію часу. Аднак задача хрысціянскага археолага не абмяжоўваецца матэрыяй; яна сягае за яе межы, аж да таго, што чалавечае. Археолаг даследуе не толькі знаходкі, але і рукі, якія іх фармавалі, розумы, якія іх адкрылі, сэрцы, якія іх палюбілі. За кожным прадметам стаіць асоба, душа, супольнасць. За кожнымі руінамі стаіць мара аб веры, літургія, адносіны. Таму хрысціянская археалогія ‒ гэта таксама форма міласэрнасці: спосаб прымусіць гаварыць маўклівыя старонкі гісторыі, каб вярнуць годнасць тым, хто быў забыты, выявіць ананімную святасць столькіх вернікаў, якія ўтваралі Касцёл.
Памяць для евангелізацыі
З самага пачатку хрысціянства памяць адыгрывала фундаментальную ролю ў евангелізацыі. Гэта не проста ўспамін, але жывая рэактуалізацыя збаўлення. Першыя хрысціянскія супольнасці захоўвалі разам са словамі Езуса таксама месцы, прадметы і знакі Яго прысутнасці. Пустая магіла, дом Пятра ў Кафарнауме, магілы мучанікаў, рымскія катакомбы ‒ усё гэта дазваляла сведчыць пра тое, што Бог сапраўды ўвайшоў у гісторыю і што вера ‒ гэта не філасофія, а канкрэтнае падарожжа ў целе гэтага свету.
Папа Францішак пісаў, што ўздоўж катакомбных сцежак «ёсць шмат слядоў першапачатковага хрысціянскага пілігрымавання: я маю на ўвазе, напрыклад, надзвычай важныя графіці, г.зв. triclia, у катакомбах св. Себасцьяна, Memoria Apostolorum, дзе ўшаноўваліся рэліквіі апосталаў Пятра і Паўла. У гэтых калідорах мы знаходзім таксама найстарэйшыя хрысціянскія сімвалы і выявы, якія сведчаць пра хрысціянскую надзею. У катакомбах літаральна ўсё гаворыць пра надзею: пра жыццё пасля смерці, пра вызваленне ад небяспек і самой смерці дзякуючы дзеянню Бога, які ў Хрысце, Добрым Пастыры, заклікае нас да ўдзелу ў асалодзе Раю, прадстаўленым вобразамі пышных раслін, кветак, травяністых лугоў, паўлінаў і галубоў, авечак, якія пасвяцца... Усё гаворыць пра надзею і жыццё!» [8].
І сёння таксама гэта застаецца задачай хрысціянскай археалогіі: дапамагчы Касцёлу разважаць пра свае вытокі, захоўваць жывую памяць пра яго пачатак, расказваць гісторыю збаўлення не толькі словамі, але і праз вобразы, формы і прасторы. У эпоху, якая часта губляе свае карані, археалогія становіцца каштоўным інструментам евангелізацыі, пачынаючы з праўды гісторыі, каб адкрыцца на хрысціянскую надзею і навізну Духа.
Хрысціянская археалогія паказвае нам, як Евангелле ўспрымалася, інтэрпрэтавалася і цэлебравалася ў розных культурных кантэкстах; яна дапамагае нам усвядоміць, як вера фармавала штодзённае жыццё, гарады, мастацтва і час. Яна таксама заахвочвае нас працягваць гэты працэс інкультурацыі, каб Евангелле магло надалей знаходзіць месца ў сэрцах і культурах сучаснага свету. У гэтым сэнсе яна не толькі глядзіць у мінулае: яна гаворыць пра сучаснасць і паказвае на будучыню. Яна гаворыць не толькі пра вернікаў, якія нанова адкрываюць карані сваёй веры, але і прамаўляе да тых, хто далёка, да няверуючых, да тых, хто разважае пра сэнс жыцця і чуе рэха вечнасці ў цішыні магілаў і ў прыгажосці ранніх хрысціянскіх базылік. Яна прамаўляе да моладзі, якая часта шукае аўтэнтычнасці і канкрэтнасці; яна прамаўляе да навукоўцаў, якія разглядаюць веру не як абстракцыю, але як гістарычна задакументаваную рэальнасць; яна прамаўляе да пілігрымаў, якія знаходзяць у катакомбах і санктуарыях сэнс падарожжа і заклік маліцца за Касцёл.
У час, калі Касцёл пакліканы адкрыцца на перыферыі ‒ геаграфічныя і экзістэнцыяльныя, археалогія можа быць магутным інструментам дыялогу; яна можа спрыяць навядзенню мастоў паміж далёкімі светамі, паміж рознымі культурамі, паміж пакаленнямі; яна можа сведчыць пра тое, што хрысціянская вера ніколі не была замкнёнай рэчаіснасцю, а дынамічнай сілай, здольнай пранікаць у самыя глыбокія тканкі чалавечай гісторыі.
Здольнасць бачыць далей: Касцёл паміж часам і вечнасцю
Веліч археалагічнай місіі вымяраецца таксама яе здольнасцю змясціць Касцёл у напружанні паміж часам і вечнасцю. Кожная знаходка, кожны адкрыты фрагмент кажа нам, што хрысціянства ‒ гэта не ідэя ў падвешаным стане, але цела, якое жыло, святкавала і насяляла прастору і час. Вера не знаходзіцца па-за светам, але ў свеце. Яна не адмаўляе гісторыю, але знаходзіцца ў ёй.
Тым не менш, археалогія не абмяжоўваецца апісаннем матэрыяльнасці рэчаў. Яна вядзе нас далей: дазваляе нам уявіць сабе сілу існавання, якое выходзіць па-за стагоддзі, якое не вычэрпваецца матэрыяй, але пераўзыходзіць яе. Так, напрыклад, інтэрпрэтуючы хрысціянскія месцы пахаванняў, мы заўважаем штосьці большае за смерць: чаканне ўваскрасення; у размяшчэнні апсід мы бачым штосьці большае за архітэктурны разлік: арыентацыю на Хрыста; у слядах культу мы распазнаём штосьці большае за рытуал: імкненне да Таямніцы.
З больш сістэматычнага пункту гледжання можна сказаць, што археалогія мае асаблівае значэнне ў тэалогіі Аб’яўлення. Бог прамовіў у часе, праз падзеі і людзей. Ён прамовіў у гісторыі Ізраэля, у падзеях, звязаных з Езусам, у вандраванні Касцёла. Таму Аб’яўленне заўсёды гістарычнае. Паколькі гэта так, зразумець Аб’яўленне немагчыма без належнага ведання гістарычнага, культурнага і матэрыяльнага кантэксту, у якім яно адбылося. Хрысціянская археалогія падтрымлівае гэтыя веды. Яна асвятляе тэксты матэрыяльнымі сведчаннямі. Яна вывучае пісьмовыя крыніцы, дапаўняе іх і аналізуе. У некаторых выпадках яна пацвярджае сапраўднасць традыцый, у іншых ‒ змяшчае іх у належным кантэксце, а яшчэ ў іншых ‒ адкрывае новыя пытанні. Усё гэта мае значэнне з тэалагічнага пункту гледжання. Тэалогія, якая імкнецца быць вернай Аб’яўленню, павінна заставацца адкрытай на складанасці гісторыі.
Археалогія таксама паказвае, як хрысціянства паступова фармавалася з цягам часу, сутыкаючыся з выклікамі, канфліктамі, крызісамі, момантамі росквіту і цемры. Гэта дапамагае тэалогіі адмовіцца ад ідэалізаванага або лінейнага бачання мінулага і ўвайсці ў праўду рэальнасці: праўду, якая складаецца з велічы і абмежаванняў, святасці і слабасці, неперарыўнасці і разрыву. І менавіта ў гэтай сапраўднай, канкрэтнай і часта супярэчлівай гісторыі пажадаў аб’явіцца Бог.
Нездарма кожнае паглыбленне таямніцы Касцёла суправаджаецца вяртаннем да вытокаў. Гэта вынікае не з самога жадання вярнуць мінулае, а з пошуку аўтэнтычнасці. Касцёл абуджаецца і аднаўляецца, калі зноў пытаецца ў сябе, што яго нарадзіла, што глыбока яго вызначае. Хрысціянская археалогія можа зрабіць значны ўнёсак у гэтым сэнсе. Яна дапамагае нам адрозніць істотнае ад другаснага, першапачатковае ад налётаў гісторыі.
Аднак будзьце ўважлівыя: гэта не дзейнасць, якая зводзіць касцёльнае жыццё да культу мінулага. Сапраўдная хрысціянская археалогія ‒ гэта не бясплодная кансервацыя, але жывая памяць. Гэта здольнасць гаварыць праз мінулае да сучаснасці. Гэта мудрасць у распазнанні таго, што Дух Святы абудзіў у гісторыі. Гэта творчая вернасць, а не механічная імітацыя. Таму хрысціянская археалогія можа прапанаваць агульную мову, агульны падмурак, паяднаную памяць. Яна можа дапамагчы нам распазнаць разнастайнасць касцёльнага досведу, мноства формаў, адзінства ў разнастайнасці. Яна можа стаць месцам слухання, прасторай для дыялогу, інструментам распазнання.
Каштоўнасць акадэмічнай супольнасці
Калі Пій XI вырашыў заснаваць Папскі інстытут хрысціянскай археалогіі ў 1925 г., ён зрабіў гэта, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці і няпэўнасць пасляваеннай сітуацыі. Ён зрабіў гэта з мужнасцю, прадбачлівасцю і даверам да навукі і веры. Сёння, праз сто гадоў, гэты жэст з’яўляецца для нас выклікам. Ён заклікае нас задумацца, ці здольныя мы таксама верыць у сілу вывучэння, фармацыі і памяці; ён пытаецца ў нас, ці гатовыя мы, нягледзячы на крызіс, інвеставаць у культуру, нягледзячы на абыякавасць, пашыраць веды, абараняць прыгажосць, нават калі яна здаецца маргінальнай. Быць верным духу заснавальнікаў азначае не задавальняцца тым, што ўжо зроблена, але рабіць новыя намаганні. Гэта азначае выхоўваць людзей, здольных думаць, задаваць пытанні, распазнаваць, расказваць. Гэта азначае не абмяжоўвацца элітарнымі ведамі, але дзяліцца імі, распаўсюджваць іх і прыцягваць іншых.
З нагоды гэтага стогадовага юбілею хачу таксама падкрэсліць важнасць супрацоўніцтва паміж рознымі ўстановамі, якія займаюцца археалогіяй. Папская Рымская акадэмія археалогіі, Папская камісія па сакральнай археалогіі, Папская акадэмія Cultorum Martyrum і Папскі інстытут хрысціянскай археалогіі ‒ кожная з гэтых устаноў мае сваю спецыфіку, але ўсе яны маюць агульную місію. Вельмі важна, каб яны супрацоўнічалі, удзельнічалі ў дыскусіях і ўзаемна падтрымлівалі сябе. Каб яны ўтваралі сінергію, распрацоўвалі сумесныя праекты, папулярызавалі міжнародныя сеткі.
Хрысціянская археалогія не прызначана для выбраных, але з’яўляецца багаццем усіх. Яна можа зрабіць арыгінальны ўнёсак у разуменне чалавецтва, у шанаванне разнастайнасці і развіццё культуры.
Адносіны з хрысціянскім Усходам таксама могуць знайсці ўрадлівую глебу праз выкарыстанне археалогіі. Агульныя катакомбы, агульныя касцёлы, падобныя літургічныя практыкі, падобныя мартыралогі ‒ усё гэта складае духоўную і культурную спадчыну, якую трэба сумесна цаніць.
Выхаванне памяці, выхаванне надзеі
Мы жывём у свеце, які схільны да забывання, які імчыцца наперад, які спажывае вобразы і словы, не надаючы ім сэнсу. Касцёл жа пакліканы выхоўваць памяць, а хрысціянская археалогія ‒ адзін з яе найвысакароднейшых інструментаў, які служыць гэтай мэце. Не для таго, каб адступаць у мінулае, але каб свядома жыць сучаснасцю, каб будаваць будучыню з каранямі.
Хто ведае сваю гісторыю, той ведае, хто ён. Ён ведае, куды ідзе. Ён ведае, чыё ён дзіця і да якой надзеі ён пакліканы. Хрысціяне не сіроты: у іх ёсць радавод веры, жывая традыцыя, супольнасць сведкаў. Хрысціянская археалогія робіць гэты радавод бачным, захоўвае яго знакі, інтэрпрэтуе іх, апавядае пра іх і перадае далей. У гэтым сэнсе яна таксама з’яўляецца служэннем надзеі. Яна паказвае, што вера ўжо перажыла цяжкія часы. Яна перажыла пераслед, крызісы і змены. Яна змагла абнавіцца, пераасэнсаваць сябе, укараніцца ў новых народах і расквітнець у новых формах. Кожны, хто вывучае паходжанне хрысціянства, бачыць, што Евангелле заўсёды мела творчую сілу, што Касцёл заўсёды адраджаўся, а надзея ніколі не слабла.
Звяртаюся да біскупаў і да адказных за культуру і выхаванне: заахвочвайце моладзь, свецкіх і духавенства да вывучэння археалогіі, якая прапануе шмат магчымасцяў для навучання і прафесійнага развіцця ў касцёльных і грамадскіх установах, у акадэмічным і грамадскім асяроддзі, у галіне культуры і кансервацыі помнікаў.
Нарэшце, звяртаюся да вас, браты і сёстры, навукоўцы, настаўнікі, студэнты, даследчыкі, работнікі культурнай спадчыны, адказныя за Касцёл і свецкія людзі: вашая праца каштоўная. Не падайце духам перад цяжкасцямі. Хрысціянская археалогія ‒ гэта служэнне, пакліканне, форма любові да Касцёла і чалавецтва. Працягвайце раскопкі, даследаванні, навучанне, апавяданне. Будзьце нястомнымі ў сваіх пошуках, строгімі ў аналізе, поўнымі захаплення ў перадачы ведаў. І, перш за ўсё, будзьце вернымі глыбокаму сэнсу вашага абавязацельства: зрабіць бачным Слова жыцця, сведчыць пра тое, што Бог стаўся целам, што збаўленне пакінула сляды, і што Таямніца стала гістарычнай нарацыяй.
Няхай благаслаўленне Пана суправаджае вас усіх. Няхай падтрымлівае вас касцёльная супольнасць. Няхай натхняе вас святло Духа Святога ‒ жывая памяць і невычэрпная крыніца творчасці. Няхай абараняе вас таксама Панна Марыя, якая ўмела разважаць пра ўсё ў сваім сэрцы, спалучаючы позіркам веры мінулае і будучыню.
З Ватыкана, 11 снежня 2025 г.
ЛЕЎ XIV
___________________________
[1] Francesco, Lettera sul rinnovamento dello studio della Storia della Chiesa (21 лістапада 2024): AAS 116 (2024), 1590.
[2] Regolamento per il Pontificio Istituto di Archeologia Cristiana (11 снежня 1925), арт. 1: Rivista di Archeologia Cristiana della Pontificia Commissione di archeologia sacra, 3 (1926), 21.
[3] Pio XI, Lett. enc. Lux Veritatis (25 снежня 1931), Прадмова: AAS 23 (1931), 493.
[4] Пар. P. Saint-Roch, Discours inaugural: рэдакц. N. Cambi - E. Marin, Acta XIII Congressus Internationalis Archaeologiae Christianae, I, Città del Vaticano 1998, 66-67.
[5] Francesco, Lettera al Cardinale Gianfranco Ravasi in occasione della XXV Seduta pubblica delle Pontificie Accademie (1 лютага 2022): AAS 114 (2022), 211.
[6] Напрыклад, у Сімвале веры згадваецца Понцій Пілат, гістарычная постаць, што дазваляе нам датаваць згаданыя падзеі.
[7] Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі, Norme applicative per la fedele esecuzione della Cost. ap. Veritatis gaudium (27 снежня 2017), арт. 55, 1b: AAS 110 (2018), 149.
[8] Francesco, Discorso ai partecipanti alla Plenaria della Pontificia Commissione di Archeologia Sacra (17 мая 2024): AAS 116 (2024), 697-698.

