Пошук

21.10.2024 09:44   кс. Францішак Рудзь

17 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбыўся канцэрт, прымеркаваны да 103-й гадавіны з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і 90-годдзя з дня заснавання гістарычнага факультэта БДУ.

Сабраных у галоўнай каталіцкай святыні сталіцы гасцей прывітаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Удзел у мерапрыемстве ўзялі 150 супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіў Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў знак падзякі за ініцыятыву развіцця праекта «Дыялог культур і рэлігій», скіраванага на развіццё міжканфесійнага і міжкультурнага дыялогу, падтрыманне традыцый і яднанне хрысціянства.

Канцэрт стаў своеасаблівым прыкладам для ўзаемадзеяння праз музычнае мастацтва розных канфесій з установамі адукацыі.

На канцэрце прагучалі арганныя творы Антоніё Вівальдзі, Ёгана Себасцьяна Баха і Вольфганга Амадэя Моцарта ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Нікалаевай. Свае нумары прадставілі таксама першакурснікі гістарычнага факультэта Соф’я Лотыш і Васіль Мацвееў.

Працягнулася мерапрыемства ўрачыстай цырымоніяй уручэння ўзнагарод ад імя арцыбіскупа Станеўскага.

За актыўнае ўзаемадзеянне з Каталіцкім Касцёлам падзячнай граматай адзначаны рэктар БДУ Андрэй Кароль, прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце БДУ Ганна Бакун, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта БДУ Аліна Верамейчык.

У межах праекта «Дыялог культур і рэлігій» ва ўзаемадзеянні з Каталіцкім Касцёлам было праведзена больш за 50 мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел звыш дзвюх тыс. студэнтаў універсітэта. Студэнты БДУ заўсёды паказваюць высокі ўзровень ведаў у галіне гісторыі рэлігій, нацыянальных традыцый і з’яўляюцца патрыётамі сваёй краіны.

Акрамя таго, памятныя падарункі ад арцыбіскупа Юзафа Станеўскага атрымалі шматдзетныя сем’і супрацоўнікаў універсітэта за іх унёсак ва ўмацаванне сямейных сувязяў, пераемнасці традыцый і каштоўнасцяў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця