24 чэрвеня Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Георга Генсвайна Апостальскім нунцыем у Літве, Латвіі і Эстоніі.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, 67-гадовы былы прэфект Папскага дома і шматгадовы асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI змяніў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Пэтара Раіча, які 11 сакавіка завяршыў сваю дыпламатычную місію ў краінах Балтыі. Пантыфік прызначыў яго нунцыем у Італіі і Сан-Марына.
Сядзіба прадстаўніка Папы ў трох краінах Балтыі знаходзіцца ў Апостальскай нунцыятуры ў Вільні.
Арцыбіскуп Георг Генсвайн распачаў працу ў структурах Святога Пасаду ў 1995 годзе як супрацоўнік Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У 1996 годзе ён быў прызначаны ў Кангрэгацыю Веравучэння, якую тады ўзначальваў кардынал Ёзаф Ратцынгер, а ў 2003 годзе стаў асабістым сакратаром будучага Папы. У 2012 годзе ён быў прызначаны таксама прэфектам Папскага дома і атрымаў тытул арцыбіскупа.
Пасля смерці Бэнэдыкта XVI нямецкі іерарх працягваў служэнне ў Ватыкане. У лютым 2023 года ён сышоў з пасады прэфекта Папскага дома, а ў чэрвені вярнуўся ў свой родны Фрайбург. 3 студзеня Папа Францішак прымаў арцыбіскупа Генсвайна, які прыбыў у Рым з нагоды цэлебрацыі Імшы ў першую гадавіну смерці Бэнэдыкта XVI, на прыватнай аўдыенцыі ў Доме святой Марты.