Пошук

16.04.2026 11:24   Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY
Бэнэдыкт XVI (ANSA)
У свеце пачынаецца маштабная праграма да 100-годдзя з дня нараджэння Папы Бэнэдыкта XVI. Больш за дзесяць форумаў на чатырох кантынентах раскрыюць інтэлектуальную спадчыну Папы-тэолага.

Ватыканскі фонд, які носіць імя Пантыфіка, заснаваў адмысловы Міжнародны камітэт для каардынацыі ўрачыстасцей. Юбілейны марафон ахопіць Еўропу, Азію, Лацінскую і Паўночную Амерыку, а таксама Афрыку. Гэта ініцыятыва заклікана не проста ўшанаваць памяць, але і зрабіць навуковы метад Ёзэфа Ратцынгера жывым інструментам у сучасных дыскусіях.

Маштаб святкаванняў падкрэслівае ўніверсальнасць думкі Бэнэдыкта XVI, якая выходзіць далёка за межы еўрапейскай культуры.

Як адзначыў старшыня «Фонду Ратцынгера — Бэнэдыкта XVI» і кіраўнік юбілейнага камітэта ксёндз Рабэрта Рэголі, векавая гадавіна — гэта шанец прадставіць думку Папы як суцэльную сістэму. Яго спадчына грунтуецца на асабістым вопыце сустрэчы з Хрыстом, які становіцца ключом да ўсёй тэалогіі, і на крытэрыі разумнасці, што вызначае чалавечае асэнсаванне рэчаіснасці.

Сімвалічны старт мерапрыемствам будзе дадзены 16 красавіка ў Рыме. У пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе пройдзе прэзентацыя чацвёртага тома выбраных тэкстаў Бэнэдыкта XVI пад назвай «Вера будучыні. Будучыня Касцёла» .

Гэта падзея адкрые цэлы шэраг канферэнцый, сярод якіх цыкл лекцый у Аўстрыі пра кардынала Ратцынгера як прэфекта Кангрэгацыі веравучэння і калоквіум біскупаў і тэолагаў у індыйскім Бангалоры.

Геаграфія мерапрыемстваў дэманструе актуальнасць папскай спадчыны для Касцёла ў розным грамадскім кантэксце.

Навуковыя сустрэчы пройдуць таксама ў Венгрыі, Калумбіі і Францыі. У Калумбіі міжнародная канферэнцыя засяродзіцца на шляхах веры, надзеі і любові, а ў Парыжы навукоўцы прааналізуюць знакамітыя прамовы Ёзэфа Ратцынгера, сказаныя ім у гэтай краіне. Асаблівая ўвага будзе нададзена Іспаніі, дзе ў кастрычніку пройдзе кангрэс «Прыгажосць літургіі» і адбудзецца адкрыццё статуі, прысвечанай Пантыфіку.

Кульмінацыяй 2026 года стане міжнародны сімпозіум у сталіцы Кеніі, Найробі, які пройдзе з 18 па 21 лістапада 2026 года. Тэма форуму «Сузор’і надзеі: Афрыка і абнаўленне Касцёла ў бачанні Бэнэдыкта XVI» падкрэсліць значнасць яго ідэй для афрыканскага кантынента.

Завершыцца 2026 год урачыстай цырымоніяй уручэння «Прэміі Ратцынгера» ў Ватыкане.
 

Абноўлена 16.04.2026 12:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця