5 кастрычніка ў Рызе (Латвія) адзначылі 100-гадовы юбілей існавання духоўнай семінарыі, дзе вучыліся многія святары, якія сёння нясуць служэнне ў Беларусі.
Цяпер гэта адзіная каталіцкая семінарыя ў Латвіі.
У часы ганенняў на веру ў Савецкім Саюзе яна разам з семінарыяй у Каўнасе была адной з дзвюх навучальных устаноў, дзе праходзілі падрыхтоўку будучыя святары для ўсіх былых савецкіх рэспублік.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтая фармацыйная супольнасць, заснаваная ў 1920 годзе, першапачаткова дзейнічала пры марыйным санктуарыі ў Аглоне, непадалёк ад мяжы з Беларуссю. Праз чатыры гады семінарыя была перанесена ў Рыгу, дзе практычна без перапынкаў дзейнічае да гэтай пары.
Падчас юбілейнай урачыстасці быў прадстаўлены дакументальны фільм пра гісторыю Рыжскай семінарыі, жыццё семінарыстаў, іх імкненні, а таксама пра сучасныя праблемы, звязаныя з фармацыяй духавенства.
Сярод апошніх найбольш востра адчуваецца спад пакліканняў да святарства.
Сёння тут вучацца менш за два дзясяткі семінарыстаў, прычым разам са студэнтамі місіянерскай семінарыі Redemtopris Mater.
Нездарма арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч настойліва заахвочваў вернікаў маліцца ў інтэнцыі пакліканняў да святарства. Як адзначаецца на Vatican News, існуе таксама патрэба правядзення грунтоўнага душпастырства пакліканняў сярод моладзі.
Сярод вядомых выпускнікоў Рыжскай духоўнай семінарыі, якія нясуць служэнне ў Беларусі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і многія іншыя святары.
Прэфектам семінарыі пэўны час з’яўляўся ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, які сёлета адышоў у вечнасць на 95-м годзе жыцця.