Пошук

19.12.2024 15:07   Паводле: Vatican News BY
Мучаніцтва кармэлітак з Камп’еня. Выява: Tribunechretienne.com

18 снежня Папа Францішак ухваліў дэкрэты адносна кананізацыі 16-і кармэлітак з Камп’еня, а таксама аб прызнанні мучаніцтва двух святароў, сярод якіх езуіт, замучаны ў савецкай турме, і гераічнасці цнотаў трох Слуг Божых.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас аўдыенцыі, удзеленай кардыналу Марчэло Сэмэрара, прэфекту Дыкастэрыі па справах кананізацыі, Святы Айцец зацвердзіў рашэнне аб пашырэнні на ўвесь Касцёл культу благаслаўлёных Тэрэзы ад святога Аўгустына (свецкае імя Мары-Мадлен-Кладын Лідуан) і 15 яе паплечніц з Ордэна кармэлітак босых з Камп’еня.

Яны былі забітыя з нянавісці да веры 17 ліпеня 1794 года ў Парыжы падчас французскай рэвалюцыі: ім адсеклі галовы на гільяціне. Для кананізацыі мучаніц Папа ўжыў так званую эквівалентную (раўназначную) працэдуру, калі Пантыфік уносіць у каталог святых асоб, якія здаўна шануюцца ў Касцёле.

Такім чынам, з моманту абанародавання дэкрэта яны ўжо ўшаноўваюцца як святыя без ніякіх дадатковых абвяшчэнняў.

Папа Францішак таксама зацвердзіў дэкрэты аб мучаніцтве арцыбіскупа Эдуарда Прафітліха, езуіта, Апостальскага адміністратара Эстоніі, які памёр у савецкай турме ў Кіраве ў 1942 годзе, і салезіяніна Элію Каміні, забітага з нянавісці да веры ў 1944 годзе ў фашысцкай Італіі.

Эдуард Прафітліх нарадзіўся 11 верасня 1890 года ў нямецкім Бірэсдорфе. Ён быў прызначаны тытулярным арцыбіскупам Адрыянопаля і апостальскім адміністратарам Эстоніі, дзе служыў Касцёлу ў складаны перыяд савецкай акупацыі. Арцыбіскуп Прафітліх быў арыштаваны савецкімі ўладамі і памёр 22 лютага 1942 года ў турме ў Кіраве ад цяжкіх турэмных умоў.

Яго смерць прызнана мучаніцтвам за веру, што адкрывае шлях да яго беатыфікацыі.

Акрамя таго, Папам была прызнана гераічнасць цнотаў трох Слугаў Божых: біскупа Арона Мартона з Румыніі, рэдэмптарыста Джузэпэ Марыі Леонэ з Італіі і свецкага верніка П’ера Гурса з Францыі, заснавальніка Супольнасці Эмануэль.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця