Пошук

16.05.2026 06:55   Паводле: stacja7.pl / Catholic.by

Сястра Надзір Сантас да Сілва. Фота: Vatican News It, X.com

Трагічная падзея на Сіцыліі адбылася, калі 45-гадовая законніца без ваганняў кінулася на дапамогу сёстрам са сваёй супольнасці, якія ўпалі ў глыбокую ваду. Дзякуючы яе ўмяшанню тры законныя сястры выжылі, аднак выратаваць яе саму не ўдалося.

Сіцылія развіталася з 45-гадовай сястрой Надзір Сантас да Сілва. Яна патанула ў моры на поўдні Катаніі пасля таго, як кінулася на дапамогу сёстрам са сваёй супольнасці, якія апынуліся ў небяспецы сярод хваль. «Яе жэст аказання дапамогі адлюстроўвае ўсё яе жыццё, якое было няспынным дарам», — сказаў арцыбіскуп Катаніі, даведаўшыся пра яе смерць.

Паводле высноваў паліцыі, якая прыбыла на месца, сястра Надзір Сантас да Сілва разам з трыма іншымі кармэліткамі шпацыравала па вадзе недалёка ад берага. Нябачны разлом у пяску прывёў да таго, што сёстры, якія, верагодна, не ўмелі плаваць, упалі ў глыбокую ваду і іх накрыла хвалямі. Сястра Надзір без ваганняў кінулася ім на дапамогу. Тром сёстрам яна дапамагла выбрацца на бераг, а сама патанула ў выніку знясілення і захлынання марской вадой. Адна з выратаваных сясцёр паспрабавала дапамагчы ёй, выцягваючы яе з вады, але сястра Надзір ўжо была без прытомнасці.

Яна не задавольвалася пасрэднасцю, імкнулася да паўнаты

Сястра Надзір была родам з Бразіліі. Яна належала да Кангрэгацыі кармэлітак Пасланніц Святога Духа і служыла ў супольнасці Сан-Джавані-Ла-Пунта, дзе вестка пра яе смерць хутка распаўсюдзілася сярод вернікаў, святароў і парафіян, выклікаўшы велізарны перапалох. Яе духоўны кіраўнік згадвае яе як чалавека, які не задавольваўся паўмерамі.

«Яна была жанчынай, няздольнай змірыцца з пасрэднасцю, якая пастаянна шукала паўнаты і пазбягала павярхоўнасці. Яе пошукі Бога былі шчырымі і адзначанымі сапраўднасцю: не пазбаўленымі барацьбы, пакут або супярэчнасцяў, але заўсёды ажыўленымі прагай ісціны»,

— кажа Бруна Лінс. Ён згадвае, што гісторыя жыцця кармэліткі — гэта вобраз Божай Міласэрнасці.

«У юнацтве яна была далёкая ад веры, называла сябе збунтаваным панкам і анархісткай. Аднак сіла Святога Духа прывяла яе да глыбокай трансфармацыі, ператварыўшы яе ранейшы бунт у поўную адданасць Богу ў Кармэлі», — падкрэслівае ксёндз Лінс. У якасці свайго дэвізу кармэлітка абрала словы Яна Паўла II: «Любоў дазволіла мне ўсё зразумець».

«Гэта быў яе апошні жэст любові»

Арцыбіскуп Катаніі нагадвае, што сястра Надзір была настаяцельніцай сясцёр, якім яна паспяшалася на дапамогу. «Гэта быў яе апошні жэст любові», — падкрэслівае арцыбіскуп Луіджы Рэна. Ён кажа, што настаяцельніцу кармэліцкай супольнасці вельмі любілі. Яна ўмела прыцягваць да сябе людзей.

Дыяцэзія Катаніі напісала, што смерць сястры Надзір, хоць і выклікае боль, пакідае след святла.

Яе пераход з гэтага свету ў вечнасць быў пячаткай жыцця, паглыбленага ў таямніцу Любові. Сястра Надзір адышла, пакінуўшы сведчанне любові да бліжняга да канца, радыкальна жывучы вучэннем Езуса: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця