
Малітоўная блізкасць да ахвяр гвалту на Гаіці, тэрміновы заклік да вызвалення заложнікаў, малітва за загінулых і зніклых без вестак у Непале, а таксама напамін пра Сусветны дзень аховы стварэння — гэтыя тэмы гучалі падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі», якую Святы Айцец узначаліў у Кастэль-Гандольфа 30 жніўня.
Гаіці: заклік спыніць насілле і вызваліць закладнікаў
Зварот Пантыфіка пачаўся з трагічных падзей у Кенскафе — мястэчку на ўскрайку Порт-о-Прэнса, дзе ўзброеныя людзі ўчынілі жорсткую расправу над мірнымі жыхарамі, у выніку чаго загінула 47 чалавек і 22 было паранена. Сярод ахвяр, паводле звестак ААН, ёсць і дзеці.

Спачуваючы сем’ям пацярпелых і загінулых, Папа Леў XIV заклікаў адказныя ўлады да канкрэтных крокаў.
«Выказваю сваю малітоўную блізкасць да ахвяр і іх родных і заклікаю тэрмінова вызваліць усіх закладнікаў. Звяртаюся з гарачым заклікам да ўсіх адказных асоб, каб яны зрабілі рэальныя крокі для гарантыі бяспекі насельніцтва і спынення любой формы гвалту»,
— сказаў Святы Айцец.
Гвалт на Гаіці працягвае забіраць жыцці, і Пантыфік яшчэ раз нагадаў, што бяспека людзей павінна быць безумоўным прыярытэтам для ўсіх, хто мае ўладу і ўплыў у гэтай краіне.
Непал: малітва і рэальная дапамога пацярпелым ад паводкі
Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве пацярпелых ад паводкі, якая абрынулася на Непал і Тыбет. На сёння зафіксавана 752 загінулых, 2498 чалавек лічацца зніклымі без вестак, сярод іх 320 замежных грамадзян і 85 вайскоўцаў. У гэтым драматычным кантэксце ёсць і кранальныя гісторыі выратавання шасцігадовай дзяўчынкі, якую дасталі жывой з гразі і завалаў у Цімуры.
Папа запрасіў вернікаў да малітвы. «Няхай клопат кожнага дапаможа паменшыць пакуты і даставіць насельніцтву неабходную дапамогу», — пажадаў ён.

Пантыфік не абмежаваўся толькі словамі. Праз Дыкастэрыю па міласэрным служэнні ён накіраваў фінансавую дапамогу непальскай Caritas, якая з першых гадзін пасля трагедыі дапамагае пацярпелым ежай, рэчамі першай патрэбы і часовым жытлом.
«Гэта першая дапамога, якую Святы Айцец, як і ў іншых выпадках, пажадаў накіраваць насельніцтву ў надзвычайных сітуацыях»,
— растлумачыў прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні арцыбіскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін. Як дадаў элемазінарый, гэты «хуткі і канкрэтны знак» імкнецца перадаць найбольш уразлівым блізкасць і пяшчоту Святога Айца, як ласкавы дотык Касцёла, які суправаджае і падтрымлівае іх.
Час стварэння: заклік да навяртання сэрца
У аўторак, 1 верасня, Касцёл адзначае Сусветны дзень малітвы аб захаванні стварэння, які распачынае экуменічны «Час стварэння». Сёлетнім дэвізам стала «Жывая вада».
«Клопат пра наш агульны дом патрабуе навяртання сэрца, каб тое, што выкарыстоўвалася для разбурэння, было скіравана на захаванне жыцця»,
— нагадаў Папа, запрашаючы кожнага далучыцца да малітвы і дзеянняў, каб «стаць каналамі жывой вады Божага міру, якая абновіць наш паранены свет».





