Леў XIV запэўніў у малітве за загінулых і пацярпелых у выніку чыгуначнай катастрофы ў Іспаніі 28 кастрычніка. Трагедыя забрала жыцці дзясяткаў людзей.
«Папа Леў XIV, глыбока засмучаны весткай пра трагічную чыгуначную аварыю, якая адбылася ў населеным пункце Урда, у правінцыі Таледа, Іспанія, і прывяла да шматлікіх ахвяр і параненых, узносіць малітвы аб вечным спакоі для памерлых», — гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, якую кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін даслаў ад імя Папы арцыбіскупу Таледа Франсіска Сэра Чавесу.
У тэлеграме адзначаецца, што «Святы Айцец таксама выказвае шчырыя спачуванні сем’ям загінулых, перадае ім словы суцяшэння, запэўнівае ў сваёй асаблівай духоўнай блізкасці і жадае параненым хуткага выздараўлення».
«Яго Святасць заахвочвае супрацоўнікаў выратавальных службаў нястомна працягваць працу па выратаванні людзей і аказанні дапамогі, а таксама ад усяго сэрца ўдзяляе ўсім суцяшальнае апостальскае благаслаўленне як знак надзеі на ўваскрослага Пана»,
— напісаў кардынал Паралін.
Раніцай 28 кастрычніка, каля 9-й гадзіны, на высакахуткаснай магістралі Мадрыд — Севілья паблізу Урды (правінцыя Таледа) адзін цягнік урэзаўся ў хвост іншага. У выніку загінулі 68 чалавек, яшчэ больш за сто атрымалі раненні.






