
Стыхійнае бедства ў Непале, якое забрала жыцці сотняў людзей і пакінула тысячы зніклымі без вестак, не пакінула абыякавым Святога Айца. Леў XIV даручае Богу душы загінулых, моліцца за выратавальнікаў і запэўнівае ў духоўнай падтрымцы ўсіх, каго закранула трагедыя.
Леў XIV з «болем» даведаўся пра жахлівую вестку аб шматлікіх ахвярах і разбурэннях, выкліканых раптоўнай паводкай у Непале. Свае самыя шчырыя спачуванні сем'ям загінулых Святы Айцец выказаў у тэлеграме, падпісанай дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам П'етра Паралінам.
Папа даручае «душы памерлых» міласэрнасці Усявышняга, перадае «найглыбейшыя спачуванні» родным загінулых і запэўнівае ў сваёй «духоўнай блізкасці» ўсіх, каго закранула трагедыя.
Пантыфік таксама абяцае малітвы за супрацоўнікаў служб, якія працягваюць выратавальныя работы, і заклікае на ўсіх Божую дапамогу і абарону.
Паводле апошніх даных, у выніку паводкі, якая адбылася ў Непале 26 жніўня, загінулі не менш за 290 чалавек.
Больш за 1300 чаловек лічацца зніклымі без вестак. Стыхія нанесла таксама значныя матэрыяльныя страты: разбураны дарогі, масты, жылыя дамы і аб'екты гідраэнергетычнай інфраструктуры.
Прычыны катастрофы высвятляюцца. Паводле спадарожнікавых здымкаў і сейсмічных даследаванняў, раптоўны разліў ракі Бхотэ-Косі ў раёне Расува непадалёк ад мяжы з Кітаем мог быць выкліканы абвалам ледавіка ў высокагорным раёне Гімалаяў, які адбыўся ў сераду 26 жніўня. Найбольш моцна ад стыхіі пацярпелі населеныя пункты Тымурэ, Сьяпхрубесі і іншыя паселішчы ўздоўж рэчышча гэтай ракі.







