21 красавіка ўсе ўстановы Каталіцкага Касцёла на Гаіці — святыні, парафіяльныя школы і ўніверсітэты — былі зачынены на знак пратэсту супраць выкрадання святароў.
Як паведамляецца на партале Саюза праваслаўных журналістаў са спасылкай на Associated Press, каталіцкія ўстановы зачынены як мінімум на тры дні.
«Мы, каталіцкія біскупы Гаіці, з вялікім жалем бачым, што становішча нашых братоў і сясцёр не змянілася, яны па-ранейшаму ў руках бандытаў, — гаворыцца ў заяве Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Гаіці. — Дзесяць дзён у руках выкрадальнікаў — гэта занадта доўга».
Гаворка ідзе пра дзевяць чалавек, якіх выкралі 11 красавіка ў горадзе Круа-дэ-Букэ (цэнтральная частка Гаіці) прадстаўнікі буйной бандыцкай групоўкі. Сярод выкрадзеных — каталіцкія святары, законніцы (адной з якіх 80 гадоў) і блізкія аднаго са святароў. За іх вызваленне патрабуюць выкуп у памеры 1 млн даляраў.
22 красавіка ва ўсіх касцёлах краіны будуць біць званы, каб заклікаць да вызвалення выкрадзеных людзей.