
6 чэрвеня ў горадзе Брно на поўдні Чэшскай Рэспублікі будуць аб’яўленыя благаслаўлёнымі два каталіцкія святары: Ян Була і Вацлаў Дрбола — мучанікі часоў пераследу веры ў камуністычнай Чэхаславакіі. Брненская дыяцэзія рыхтуе маштабнае святкаванне з гэтай нагоды. Узначаліць урачыстую цырымонію канадскі кардынал родам з Брна Майкл Чэрны.
Ян Була (1920-1952) і Вацлаў Дрбола (1912-1952) былі дыяцэзіяльнымі святарамі ў пасляваеннай Чэхаславакіі. Абодва нарадзіліся ў набожных сем’ях і неслі святарскае служэнне ў Маравіі — гістарычным рэгіёне сённяшняй Чэшскай Рэспублікі, які займае ўсходнюю частку краіны. Пасля прыходу да ўлады ў 1948 годзе Камуністычнай партыі ў тагачаснай Чэхаславакіі распачаўся адкрыты пераслед Касцёла. Абодва святары лічыліся «небяспечнымі» з-за сваёй адданасці ў пастырскім служэнні.
30 мая 1951 года Ян Була быў арыштаваны як ахвяра змовы дзяржаўнай тайнай паліцыі і, нягледзячы на тое, што знаходзіўся ў турме, быў абвінавачаны ў падбухторванні да забойства трох камуністычных функцыянераў, якое адбылося ў ліпені 1951 года ў Бабіцах. Быў асуджаны да смяротнага пакарання, здзейсненага 20 мая 1952 года ў турме ў Йіглаве.
Вацлаў Дрбола быў арыштаваны з надуманай прычыны 17 чэрвеня 1951 года, таксама быў абвінавачаны ў Бабіцкім замаху на камуністычных дзеячаў і павешаны ў двары йіглаўскай турмы 3 жніўня 1951 года.
Нягледзячы на сфабрыкаваныя працэсы, сведчанні фальшывых сведкаў, суровыя турэмныя катаванні, яны прынялі сваю долю з пакорай і даверам Богу.
Аб гэтым сведчаць шчымлівыя лісты, напісаныя з-за кратаў перад смерцю, і паказанні святара, які прыняў у Яна Булы апошнюю споведзь.
У 1990 годзе абодва святары былі рэабілітаваныя дзяржаўным судом.
У 2004 быў распачаты беатыфікацыйны працэс Яна Булы, у 2011 годзе да яго была далучаная справа Вацлава Дрболы.
24 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV ухваліў адпаведныя дэкрэты аб беатыфікацыі абодвух святароў з Чэхіі разам з дэкрэтамі аб беатыфікацыі дзевяці польскіх салезіянаў, забітых нацыстамі ў 1941-1942 у канцэнтрацыйных лагерах Аўшвіц і Дахаў.
Да вялікай падзеі ўшанавання першых у гісторыі незалежнай Чэшскай Рэспублікі благаслаўлёных Брненская дыяцэзія разгарнула шырокую інфармацыйную кампанію: створаны адмысловы сайт з падрабязнай інфармацыяй, цікавымі катэхетычнымі матэрыяламі і прэзентацыямі для школ і масмедыя і нават мультфільм для наймалодшых. Па ўсёй краіне адбываюцца малітоўныя акцыі, крыжовыя шляхі, лекцыі для шырокай грамадскасці. Падзея мае шанец стаць глебай для навяртання секулярызаванага і рэлігійна абыякавага чэшскага грамадства.
Чэшская Рэспубліка — адна з тых посткамуністычных краін, дзе разбуральнае дзеянне ідэалогіі на стане Касцёла праявілася найбольш моцна. Краіна з моцнымі каталіцкімі каранямі даўно мае рэпутацыю адной з самых атэістычных у Еўропе: католікамі сябе лічаць крыху больш за 10 % насельніцтва, амаль палова жыхароў краіны не адносіць сябе ні да якой канфесіі.
На агульным фоне рэгіён Маравія — месца нараджэння, служэння і мучаніцкай смерці святароў Яна Булы і Вацлава Дрболы — выглядае больш аптымістычна, колькасць і актыўнасць вернікаў там гістарычна большыя.
Маравы былі аднымі з першых славян, хто прыняў хрост у 831 годзе, а ўжо ў 863 годзе ў Велікамараўскую дзяржаву па запрашэнні мараўскага князя Расціслава прыбылі святыя Кірыл і Мятод, якія там стварылі першы славянскі алфавіт і адзін з найбольш ранніх еўрапейскіх перакладаў Святога Пісання.
Паводле Vatican News CZ, cirkev.cz, biskupstvi.cz, buladrbola.cz.







