3 лютага ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбылася чэшска-беларуская культурная вечарына, якая суправаджалася выступленнем літургічнага хору парафіі святога Сымона і святой Алены «Голас душы».
Імпрэза, у якой узяў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама прадстаўнікі пасольства Чэхіі ў Беларусі на начале з павераным ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Томашам Крылам, была прысвечана знаёмству з чатырма вядомымі хрысціянскімі святымі.
Перад сабранымі ў залатагорскім касцёле былі прадстаўлены абразы святых братоў Кырыла і Мятода, а таксама святой Людмілы з унукам Вацлавам.
Гэтыя хрысціянскія святыя лічацца заступнікамі Чэхіі і ўшаноўваюцца як католікамі, так і праваслаўнымі.
Выявы святых, якія напісала мастачка з Маладзечна Ядзвіга Сянько, былі створаны для экспазіцыі, якая ладзілася пасольствам Чэхіі некалькі гадоў таму ў галерэі Чырвонага касцёла. Дакументальная выстава «Святая Людміла — „калыска“ чэшскай святасці” тады была прысвечаная жыццю гэтай першай славянскай мучаніцы.
Святая Людміла жыла на мяжы ІХ і Х стагоддзяў. Яна была чэшскай княгіняй, якая вяла пабожнае хрысціянскае жыццё і вучыла гэтаму свайго ўнука, князя Вацлава. Людміла загінула ад рук забойцаў, якія былі язычнікамі і не жадалі распаўсюджвання хрысціянства. Святая мучаніца Людміла лічыцца заступніцай бабуль, настаўнікаў і хрысціянскіх асветнікаў. Яе ўнук, князь Вацлаў, працягваў справу бабулі па распаўсюджванні веры, пабудаваў у Празе катэдру святога Віта і таксама прыняў мучаніцкую смерць.
«Гісторыя паказвае прыклад святой Людмілы, якая так дбайна выхавала свайго ўнука, што ён стаў святым. Яе адданасць і вернасць Богу можа стаць узорам для бабуль і дзядуляў у выхаванні падрастаючага пакалення», — сказаў на вечарыне ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк.
Святыя Кырыл і Мятод заклалі духоўны і культурны фундамент развіцця цэлых краін і народаў на стагоддзі. Вядомыя як стваральнікі славянскай азбукі і культуры, місіянеры пілігрымавалі і сведчылі пра Хрыста. Перакладалі з грэчаскай на славянскую мову Святое Пісанне і літургічныя тэксты, якія ўвайшлі ў богаслужэбовы ўжытак на славянскіх землях.
Плануецца, што абразы святой Людмілы і святых апякуноў Еўропы Кірыла і Мятода пазней будуць асвячаны чэшскімі іерархамі ў Празе і пасля іх вяртання ў Беларусь зоймуць пачэснае месца ў Чырвоным касцёле, калі ён зноў адчыніцца для вернікаў.
Чэшскі павераны Томаш Крыл выказаў радасць, што яго папярэднік Томаш Перніцкі ініцыяваў выставу пра жыццё святой Людмілы, якая звязывае народы Чэхіі і Беларусі, і такім чынам распачаў супрацоўніцтва з мясцовым Касцёлам.
«Я цешуся з таго, што магу цяпер працягваць гэтую добрую духоўную справу, і спадзяюся, што мы ў гэтым годзе зможам зладзіць важную падзею для нашах народаў», — сказаў дыпламат.
Пад кіраўніцтвам дырыжора касцёльнага музычнага калектыва Таццяны Гажэўскай-Пешак, з канферансам вядучай канцэрта Марыі Новікавай і канцэртмайстрам Аляксандрай Машуцінай хор выканаў вядомыя калядныя спевы на беларускай і польскай мовах.
На заканчэнне музычнай вечарыны словы падзякі выказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
«Сваімі спевамі вы дакрануліся да нашага сэрца. У пэўны момант мы нібыта адправіліся ў падарожжа ў мінулае: у Бэтлеем, дзе нарадзіўся Сын Божы Езус Хрыстус, у часы старажытнага Рыма і ў нашу сям’ю, дзе ў дзяцінстве бабуля нам спявала калядныя песні», — сказаў іерарх. Пасля гэтага арцыпастыр благаславіў усіх прысутных у касцёле фігуркай нованароджанага Дзіцятка Езуса.
Абразы святой Людмілы і святых Кірыла і Мятода для ўшанавання вернікамі будуць знаходзіцца ў касцёле на Залатой Горцы да 10 лютага.