16 мая Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця 30-х Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў.
Мерапрыемства, якое штогод праводзіцца Беларускай Праваслаўнай Царквой, узначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Прысутнічалі госці з з-за мяжы, духоўныя лідэры асноўных веравызнанняў Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, свету навукі і адукацыі.
Падчас цырымоніі адкрыцця чытанняў, якія праходзяць у Мінску ўжо ў 30-ы раз, былі зачытаныя прывітальныя словы ад Прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха і Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча. Іх зачыталі сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока і брат Вадзім Войцік, капуцын. Прывітальнае слова ад кардынала спачатку прагучала на італьянскай мове, што, як зазначыў старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла айцец Святаслаў Рагальскі, надало Чытанням сапраўды міжнародны характар.
Тэмай сёлетніх Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў была «Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя и перспектывы ўзаемадзеяння».
У прывітальным слове арцыбіскуп Станеўскі зазначыў: «Радаснае „Хрыстус уваскрос“ дзве тысячы гадоў таму загучала з вуснаў апосталаў і тых, хто сустрэў уваскрослага Хрыста. Гэтая радасная вестка перадавалася вуснамі веруючага чалавека, і вельмі часта была пацверджана пячаткай мучаніцкай крыві, пралітай за веру», — падкрэсліў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату.
«На нашых землях гэтая радасць, дзякуючы Кірылу і Мчтоду, загучала на мове, зразумелай нашым продкам. Сустрэліся духоўнае і свецкае, нібы два крыла птушкі; нават два арлы, што уздымаюць угору да лепшага пазнання рэчаіснасці», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
«Няхай Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні абудзяць і выхаваюць новых „Мятодаў і Кірылаў“ нашага часу, у нашым народзе, сярод нашай моладзі, каб радаснае „Хрыстус уваскрос“ праз вякі надавала моц у пілігрымцы веры нашым нашчадкам», — пажадаў на заканчэнне прамовы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.