
З 20 па 21 кастрычніка ў Мінску праходзіў III Міжнародны біблійны калоквіум памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). У сёлетняй сустрэчы, прысвечанай 150-годдзю Сінадальнага перакладу Бібліі на рускую мову, удзельнічалі прадстаўнікі розных канфесій, а таксама іўдаізму і ісламу. Каталіцкі Касцёл прадстаўлялі Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Круглы стол у сталічным «Прэзідэнт-гатэлі» 20 кастрычніка сабраў даследчыкаў Святога Пісання, тэолагаў, выкладчыкаў духоўных навучальных устаноў і прадстаўнікоў розных рэлігійных традыцый. Акрамя каталіцкіх і праваслаўных іерархаў на мерапрыемстве прысутнічалі галоўны равін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч, прадстаўнікі Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, старшыня евангельска-лютэранскай супольнасці ў Беларусі галоўны пастар Уладзімір Татарнікаў.
«Вялікі сябар» і «настаўнік»
Калоквіум праводзіўся ўжо трэці раз і сёлета прысвечаны памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) — Першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, доктара тэалогіі і прафесара, які стаяў ля вытокаў біблійнай акадэмічнай школы ў Беларусі. У Мінскіх духоўных школах і Інстытуце тэалогіі БДУ ён выкладаў Святое Пісанне Новага Запавету з 1989 па 2003 гады.
Варта адзначыць, што для беларускіх католікаў постаць мітрапаліта Філарэта была значна большай, чым проста праваслаўны іерарх. Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч неаднаразова падкрэсліваў, што Філарэт — «вялікі сябар Каталіцкага Касцёла», а таксама называў яго сваім «настаўнікам». І гэтае сведчанне не было фармальнасцю.
Арцыбіскуп Тадэвуш прызнаваўся, што Філарэт навучыў яго «адкрытасці ў адносінах з іншымі веравызнаннямі» і «майстэрству дыялогу з людзьмі розных поглядаў», а таксама дапамог усвядоміць неабходнасць хутчэйшай падрыхтоўкі мясцовых святароў і катэхетаў.
![]()
Пасля смерці мітрапаліта ў студзені 2021 года арцыбіскуп Кандрусевіч, узначальваючы жалобную Імшу ў Мінску, параўнаў Філарэта з «Віфлеемскай зоркай, якая заззяла на беларускім небасхіле», і падкрэсліў, што «наш народ бачыў у ім выдатнага пастыра, багаслова, арганізатара, дыпламата, чалавека дыялогу». Асобна ён адзначыў, што Філарэт «памятаў і пра католікаў»: калі не хапала касцёлаў і святароў, ён дазволіў праваслаўным святарам спавядаць і прычашчаць католікаў у праваслаўных храмах.
«Ён быў для мяне ўзорам і настаўнікам, і я асабліва за гэта ўдзячны», — прызнаваўся ў сваіх інтэрвью арцыбіскуп Тадэвуш.
Сам выбар даты калоквіума таксама сімвалічны: ён прымеркаваны да дня епіскапскай хіратоніі мітрапаліта Філарэта, якая адбылася 24 кастрычніка 1965 года. Арганізатары падкрэсліваюць, што мэта сустрэчы — не толькі захаваць памяць пра іерарха, але і стварыць прастору для навуковага абмену ў галіне біблістыкі, абмеркавання праблем перакладу і інтэрпрэтацыі Святога Пісання.
150 гадоў Сінадальнага перакладу
Цэнтральная тэма сёлетняга калоквіума — «Святое Пісанне: пераклад, тлумачэнне, інтэрпрэтацыя. Да 150-годдзя Сінадальнага перакладу Бібліі». У 2026 годзе спаўняецца 150 гадоў з часу з’яўлення Сінадальнага перакладу Бібліі на рускую мову, які на працягу доўгага часу заставаўся адным з найбольш ужывальных рускамоўных біблійных тэкстаў.

Менавіта таму на сустрэчы гавораць не толькі пра гісторыю перакладу. У цэнтры ўвагі — тое, як тэкст Святога Пісання перадаецца іншай мовай, як яго чытаюць і інтэрпрэтуюць сёння, якое месца Біблія займае ў культуры і духоўным жыцці чалавека. Сярод іншых тэм калоквіума — сучасная біблістыка, праблемы перакладаў, гісторыя біблійнага тэксту, экзэгеза, біблійная антрапалогія, этыка і місійны аспект біблійных даследаванняў.
Але за навуковай мовай калоквіума стаіць яшчэ адзін важны пласт — сустрэча розных канфесій і рэлігійных традыцый вакол Святога Пісання. Пра гэта гаворыць разнастайнасць удзельнікаў мерапрыемства — акрамя праваслаўных і католікаў, на форуме разам працуюць прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасцяў, іўдаізму і ісламу. Менавіта гэта міжканфесійная прысутнасць стала адной з характэрных рысаў сустрэчы.

На гэтым акцэнтаваў увагу і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: ён назваў сімвалічным тое, што калоквіум прысвечаны памяці мітрапаліта Філарэта, які шмат зрабіў для развіцця акадэмічнай тэалогіі і хрысціянскай асветы, а таксама для міжканфесійнага дыялогу.
«Святое Пісанне — гэта наша агульная аснова, падмурак, які аб’ядноўвае хрысціян розных канфесій»,
— падкрэсліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў інтэрвью СМІ.
«Гаварыць не пра тое, што нас раз’ядноўвае»
Пратэстанцкую перспектыву на значэнне сустрэчы прадставіў старшыня евангельска-лютэранскай супольнасці ў Беларусі галоўны пастар Уладзімір Татарнікаў. Паводле яго слоў, для пратэстантаў Біблія з’яўляецца асновай веры — Sola Scriptura, «толькі Біблія», і звярнуў увагу на тое, што сінадальны пераклад Святога Пісання на рускую мову стаў часткай не толькі богаслужбовай, але і сямейнай культуры многіх людзей.
«Таму сёння мы сабраліся, каб не гаварыць пра тое, што нас раз'ядноўвае, а, наадварот, гаварыць пра тое, што нас аб'ядноўвае»,
— адзначыў Уладзімір Татарнікаў.
У гэтым сэнсе юбілей Сінадальнага перакладу стаў для ўдзельнікаў не проста нагодай звярнуцца да гісторыі рускамоўнай Бібліі, але і магчымасцю паглядзець на агульную духоўную спадчыну з розных бакоў.
Значнасць гэтай даты падкрэсліў і арганізатар калоквіума, старшыня праўлення Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла іерэй Святаслаў Рагальскі. У інтэрв’ю парталу News.by ён адзначыў:
«Пераклад на рускую мову, які з’явіўся ў 1876 годзе, фактычна зрабіў Біблію даступнай для кожнага чалавека на нашых славянскіх землях».
Паводле слоў святара, многія навукоўцы і ўдзельнікі калоквіума разглядаюць Сінадальны пераклад як адпраўную кропку развіцця сістэматычнай біблійнай навукі і акадэмічнага вывучэння Святога Пісання. Асобна на форуме прадстаўляецца даклад пра пераклад Бібліі на беларускую мову «Пераклад Святога Пісання на беларускую мову Біблійнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы» — плён больш чым 30-гадовай працы, ініцыятарам і натхняльнікам якой таксама быў мітрапаліт Філарэт. Падрыхтавала яго Таццяна Матрунчык, сакратар-каардынатар Біблійнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
«Мост да мільёна чалавечых сэрцаў»
У першы дзень, 20 кастрычніка, да ўдзельнікаў калоквіума са сваім прывітальным словам звярнуўся і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У сваім выступленні ён падкрэсліў значэнне Святога Пісання для хрысціян розных канфесій, ролю святых тэкстаў у гісторыі міжканфесійнага супрацоўніцтва ў Беларусі, а таксама і ў сённяшні час, калі асабліва важна дапамагчы чалавеку пачуць Божае слова «сярод шуму секулярнага стагоддзя».
На гэтым фоне асаблівае значэнне набывае і памяць пра мітрапаліта Філарэта, якога каталіцкі іерарх назваў не толькі выдатным царкоўным лідарам, але і вялікім прафесарам і педагогам, чыё сэрца «заўсёды гарэла любоўю да Святога Пісання»:
«Яго працы па збліжэнні людзей, развіцці акадэмічнай тэалогіі і хрысціянскай асветы заклалі трывалы фундамент для міжканфесійнага дыялога на нашай беларускай зямлі»,
— адзначыў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі.

Само правядзенне такой сустрэчы ў памяць пра мітрапаліта Філарэта мае глыбокі сэнс: «Гэты калоквіум — цудоўнае сведчанне таго, што яго акадэмічная і духоўная спадчына працягвае жыць і прыносіць плён».
Гаворачы пра цэнтральную тэму сустрэчы, арцыбіскуп адзначыў, што Сінадальны пераклад на працягу паўтара стагоддзя застаецца «адной з галоўных духоўных арыенціраў і Божым словам, даступным мільёнам людзей». Ён падкрэсліў і ўплыў Кнігі кніг на хрысціянскую культуру, літаратуру і маральнасць на нашых землях, назваўшы пераклад «мостам, праз які слова Творцы закранула мільёны чалавечых сэрцаў».

Іерарх нагадаў і пра традыцыі добрасуседства, узаемнай павагі і міжканфесійнага супрацоўніцтва, якія на працягу стагоддзяў складваліся ў Беларусі. У гэтым кантэксце Сінадальны пераклад, як адзначыў арцыбіскуп, гістарычна служыў і працягвае служыць «прасторай міжканфесійнага дыялогу і тэалагічнага асэнсавання».
Сёння, калі ўдзельнікі калоквіума разважаюць пра пераклад, тлумачэнне і інтэрпрэтацыю Святога Пісання, гаворка ідзе ўжо не толькі пра навуковую праблематыку.
«Свет імкліва мяняецца, але Божае слова застаецца нязменным, жывым і дзейсным», — падкрэсліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Таму агульнай задачай пастыраў і даследчыкаў ён назваў дапамогу сучаснаму чалавеку пачуць гэты «непаўторны голас сярод шуму секулярнага стагоддзя», правільна інтэрпрэтаваць яго і ўвасобіць у паўсядзённым жыцці.
Асобна арцыбіскуп спыніўся на сумеснай працы Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў галіне біблістыкі і перакладу Святога Пісання на беларускую мову. У яго словах, пераклад Бібліі — гэта «заўсёды больш, чым проста падбор эквівалентных слоў», бо ён з’яўляецца «актам глыбокага духоўнага сузірання і хрысціянскага братэрства». А навуковы абмен у галіне экзэгетыкі, паводле яго слоў, умацоўвае міжканфесійны дыялог і спрыяе захаванню традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей.
Працяг форума
На другі дзень форума — 21 кастрычніка — міжнародны характар калоквіума і тая навуковая камунікацыя, развіццю якой спрыяў мітрапаліт Філарэт, працягнуўся ў фармаце круглага стала. Удзельнікі прадставілі вынікі даследаванняў і абмеркавалі пытанні перакладу, экзэгезы і інтэрпрэтацыі біблійных тэкстаў. Сярод заяўленых напрамкаў — святаайцоўская экзэгеза, даследаванне біблійных рукапісаў, тэксталогія, біблійнае багаслоўе і этыка, біблійная антрапалогія і місійнае вымярэнне біблійных даследаванняў. У праграме другога дня таксама прадугледжаны даклад архімандрыта Сергія (Акімава) з Рыма, а таксама прывітанні нямецкіх калег-біблістаў, з якімі кантакты яшчэ пры жыцці наладжваў мітрапаліт Філарэт.
Арганізатары падкрэсліваюць працоўны, навуковы напрамак сустрэчы: даклады суправаджаюцца абмеркаваннем, а вынікі калоквіума плануецца сабраць у асобным навуковым выданні.

Такім чынам, размова пра Біблію ў Мінску 20–21 кастрычніка выходзіць далёка за межы ўласна навуковай канферэнцыі. Тут сустракаюцца розныя школы біблійнай навукі, розныя канфесіі і розныя традыцыі чытання Святога Пісання. І менавіта ў гэтым кантэксце словы арцыбіскупа Юзафа Станеўскага пра Біблію як «агульную аснову» набываюць асаблівае значэнне: калоквіум становіцца не толькі размовай пра старажытны тэкст, але і сустрэчай людзей, якіх гэты тэкст аб’ядноўвае.








































