Пошук

12.01.2022 16:03   Catholic.by
Мітрапаліт Філарэт і архімандрыт Сяргей Гаек разам з міжканфесійнай групай удзельнікаў экуменічнай канферэнцыі ў Бары (Італія), 19 лютага 2006 г. Фота: carkva-gazeta.by

У першую гадавіну адыходу ў вечнасць Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, беларускія грэка-католікі ў духу міжканфесійнага дыялогу маліліся аб вечным жыцці для спачылага праваслаўнага іерарха.

Як паведамляецца на сайце грэка-каталіцкай парафіі святога Праведнага Язэпа ў Мінску svjazep.org, увечары 11 студзеня ў парафіяльным храме адбылася Боская Літургія, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з грэка-каталіцкімі семінарыстамі святар маліўся за супакой душы памерлага Мітрапаліта Філарэта ў першую гадавіну яго адыходу ў вечнасць.

«Дзякуем Госпаду за архіпастырскае служэнне Мітрапаліта Філарэта, за ягоную хрысціянскую адкрытасць на міжканфесійны дыялог, які спрыяў пабудове адносінаў узаемнай павагі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі. Ва ўдзячнай памяці захоўваю сустрэчы і размовы са святой памяці Высокапраасвяшчэным Уладыкам Філарэтам: у Беларусі і ў замежжы.

Узгадваю поўныя духоўнага натхнення словы, якія ён скіраваў мне пасля Боскай Літургіі, якую 20 лютага 2006 года служыў на мошчах свяціцеля Мікалая ў крыпце базылікі ў Бары: „Хрысціянскім іерархам трэба вучыцца з прыкладу святога Мікалая, як адважна служыць людзям словам і чынам; усім, хто да іх звяртаецца па дапамогу“», — прыводзіць грэка-каталіцкі парафіяльны сайт словы архімандрыта Гаека ў дзень пахавання Мітрапаліта Філарэта, што адбылося 15 студзеня 2021 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа