Пошук


Фота: www.permariam.com

Міжнародная марыялагічная канферэнцыія «De Maria numquam satis» прайшла 7–8 кастрычніка ў Папскім патрыстычным інстытуце «Augustinianum» у Рыме. У ёй узяў удзел архімандрыт Сяргей Гаек, доктар усходніх царкоўных навук (SEOD) і член-карэспандэнт Папскай міжнароднай марыйнай акадэміі (PAMI).

Падчас сустрэчы архімандрыт Сяргей Гаек далучыўся да братэрскіх абмеркаванняў, прысвечаных ушанаванню Багародзіцы сярод хрысціянаў візантыйскай традыцыі ў Беларусі, а таксама пілігрымцы іконаў Маці Божай па беларускіх парафіях і супольнасцях.

Канферэнцыя, назва якой азначае «Пра Марыю ніколі не скажаш дастаткова» («De Maria numquam satis»), сабрала больш за 400 даследчыкаў, тэолагаў, святароў, манахаў і свецкіх вернікаў з розных краін свету.

Удзельнікі прадстаўлялі розныя тэалагічныя школы, у тым ліку традыцыйную марыялогію, а таксама Усходнія Касцёлы розных традыцый — мараніцкай, малабарскай і візантыйскай. Духоўнай падрыхтоўкай да канферэнцыі стала ўрачыстая Вячэрня на лацінскай мове, адслужаная 6 кастрычніка ў рымскай базыліцы Маці Божай Ружанцовай з Пампеі.

Першы дзень быў прысвечаны дагматычным пытанням і ролі Марыі ў справе Адкуплення. Канферэнцыю адкрыў амерыканскі кардынал Рэйманд Леа Бёрк з дакладам пра Гвадэлупе і Валадарства Хрыста Валадара.

Фота: https://www.ncregister.com/news/rome-conference-hears-defense-of-mary-as-co-redemptrix

Ён разважаў пра аб’яўленне Маці Божай у 1531 годзе як пра падзею, якая сведчыць пра валадарства Хрыста і аднаўленне створанага Богам парадку, а таксама пра ўдзел чалавека ў справе збаўлення, дасканалым узорам якога з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя.

Сярод іншых дакладаў першага дня — выступленне ксяндза Манфрэда Хаўке пра дагмат аб Божым Мацярынстве Марыі, абвешчаны на Эфескім саборы, і даклад айца Войцеха Гертыха OP, тэолага Папскага дому, пра значэнне дзявочай любові ў мацярынскай любові Марыі. Удзельнікі таксама абмяркоўвалі гісторыю дагмата Беззаганнага Зачацця, усходнія крыніцы вучэння пра Унебаўзяцце Маці Божай і месца марыйнай тэалогіі ў сучасным свеце.

Фота: https://www.ncregister.com/news/rome-conference-hears-defense-of-mary-as-co-redemptrix

Другі дзень быў прысвечаны ролі Дзевы Марыі ў літургіі, гісторыі Касцёла і народнай пабожнасці. Дакладчыкі разглядалі марыйную духоўнасць у Лацінскай Амерыцы, сувязь Марыі са святарствам у французскай тэалагічнай традыцыі XVII стагоддзя, ушанаванне Маці Божай як Дапамогі хрысціянаў у салезіянскай традыцыі і марыйную спадчыну дамініканцаў. Напрыканцы канферэнцыі адбыўся круглы стол «Марыя сёння: вера, дактрына і пабожнасць у сучасным свеце».

Канферэнцыя мела тэалагічна-гістарычны характар і была скіраваная на паглыбленне разумення марыйных догматаў і ролі Маці Божай у жыцці Касцёла. Для беларускіх удзельнікаў сустрэча стала таксама нагодай прадставіць вопыт ушанавання Багародзіцы ў візантыйскай традыцыі і звярнуць увагу на пілігрымку марыйных іконаў па парафіях і супольнасцях нашай краіны.

Абноўлена 13.10.2026 23:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.