Пошук

22.08.2026 19:31   Тэкст: Жанна Мецеж, кс. Павел Эйсмант / Фота: Ірына Гайдамовіч / Catholic.by

21 жніўня ў Браславе стартавалі штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Сёлетні духоўны фэст праходзіць пад дэвізам «Трываць з Марыяй — Славіць Бога — Будаваць Супакой». Каб даверыць Маці Божай свае малітвы і надзеі, ў старажытным горадзе на беразе азёр сабраліся вернікі з усіх куткоў Беларусі.

Санктуарый у Браславе — асаблівае месца для кожнага верніка Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта тут, у галоўным алтары, знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай. Паводле падання, гэты абраз з’явіўся на востраве Ліпіна возера Неспіш яшчэ ў XV стагоддзі. Праз яго заступніцтва вернікі атрымліваюць суцяшэнне і дапамогу. У 2009 годзе абраз быў урачыста каранаваны папскімі каронамі. Сам жа касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры неараманскага стылю, пабудаваны ў 1824 годзе і перабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, стаў санктуарыем у 1999 годзе, а ў 2024 малой базылікай, адной з чатырох у Беларусі.

Таму ўжо з раніцы 21 жніўня тэрыторыя касцёла напоўнілася асаблівым прадчуваннем свята. Перш за ўсё тут чакалі пілігрымаў. Як паведамляюць арганізатары, іх ў гэтым годзе ў Браславе сабралося больш за 180 з розных дыяцэзій і парафій.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў пілігрымам за тое, што яны пераадолелі шмат кіламетраў у імя веры.

Сярод тых, хто прыйшоў пешшу, былі 125 чалавек з Глыбокага і 15 чалавек з Удзела. 30 пілігрымаў прыехалі са Смаргоні і Ліды. Былі і тыя, хто прыехаў на ровары  група пілігрымаў з Мёраў (12 чалавек) і Гудагая (1 чалавек).

Іерарх асабліва ўзгадаў пілігрыма з Гудагая, які праехаў на ровары ажно 200 кіламетраў, каб пакланіцца Маці Божай.

Першым пунктам святочнай праграмы для ўсіх прысутных быў арганны канцэрт пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіміра Васільевіча Неўдаха, які традыцыйна штогод амаль што за тыдзень перад урачыстасцю прыязджае з Мінска ў Браслаў, каб зладзіць летнюю школу касцёльнага спеву. Музычнае прывітанне пад небам каля старажытнага касцёла стварыла настрой для галоўнай падзеі гэтага дня — урачыстай святой Імшы, якая распачалася ў 19.00.

Гэтая Эўхарыстыя стала асаблівай: падчас яе 70 кандыдатаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На набажэнстве прысутнічалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Цэнтральнай кропкай Імшы стала гамілія біскупа Алега Буткевіча, якую ён прысвяціў дзеянню Духа Святога і Яго дарам.

Іерарх пачаў з таго, што канфірмацыя — гэта не кропка, з якой скончыўся нейкі перыяд падобна навучанню ў школе. Святар прыгадаў, што не аднойчы чуў, як учорашнія кандыдаты пасля прыняцця сакрамэнту канфірмацыі казалі: «Ну ўсё, сакрамэнт прыняў, можна далей спакойна жыць». Аднак Святое Пісанне паказвае нам, што з прыняццем Духа Святога чалавек толькі распачынае сваё сапраўднае сталае хрысціянскае жыццё.

У сваіх разважаннях біскуп звярнуўся да евангельскіх падзей. Ён нагадаў, як Езус Хрыстус пасля ўваскрасення з’явіўся апосталам са словамі «Прыміце Духа Святога!», перадаўшы ім ўладу прабачэння грахоў.

«Мы просім аб гэтым кожны раз, калі звяртаемся да Бога з малітвай “Ойча наш…”», — заўважыў іерарх, нагадаўшы, што прабачэнне бліжняга — гэта ўмова і для ўласнага прабачэння.

Асобна біскуп спыніўся на сямі дарах Духа Святога: мудрасці, розуме, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. «Боязь Божая — гэта не страх, які ёсць прыкметай граху, а павага перад Богам і прызнанне Яго аўтарытэту ў сваім жыцці», — патлумачыў пастыр. Ён заклікаў прысутных не проста атрымаць гэты дар, але дазволіць яму прарасці, як зерню ў глебе.

«Нам варта адкрыць сваё сэрца для дзеяння гэтай ласкі, гэтых дароў»,

— прамовіў іерарх.

Фота: catholicnews.by

Звяртаючыся да Пасланняў святога Паўла, біскуп пералічыў дзевяць пладоў Духа: любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, пабожнасць, дабрыню, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Гэтыя плады, запэўніў ён, дазваляюць нам супрацоўнічаць з Божай ласкай і дапамагаюць прарасці дарам Духа Святога ў нашых сэрцах.

Асобна іерарх звярнуў увагу прысутных на прыклад Багародзіцы. Успамінаючы ўрачыстасці ў гонар Маці Божай, ён нагадаў, як Дух Святы ў Яе дзявочым улонні ператварыў слова ў цела. «Усе ведаюць, як нам баліць, калі слова застаецца толькі словам. Слова павінна ператварыцца ў справы, яно павінна стацца целам», — сцвердзіў біскуп.

Завяршаючы гамілію, біскуп Алег заклікаў вернікаў:

«Не згубіце святло Духа Святога, падтрымлівайце яго, нясіце яго іншым».

Пасля сваёй прамовы біскуп Алег Буткевіч разам з біскупам Юрыем Касабуцкім распачаў удзяленне сакрамэнту канфірмацыі.

Фота: catholicnews.by

Духоўная праграма першага дня урачыстасцяў прадоўжылася набажэнствамі да глыбокай начы. Пасля набажэнства Акафіста, які выканалі святары і вернікі Грэка-каталіцкай Царквы, удзельнікі ўрачыстасцяў прайшлі Крыжовым шляхам, а пасля поўначы, ужо 22 жніўня, яны зноў сустрэліся на начной Імшы і па неасветленых вуліцах Браслава з паходнямі ў руках удзельнічалі у працэсіі з копіяй цудатворнага абраза Валадаркі Азёраў

Абноўлена 22.08.2026 23:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця