
14 верасня стала вядома, што Папа Леў XIV прыняў прашэнне аб адстаўцы архімандрыта Яна Сяргея Гаека і прызначыў новым Апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі айца-студыта Лявонція Тумоўскага. З гэтай нагоды Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе іерарху словы падзякі за яго шматгадовае служэнне Касцёлу ў Беларусі.
Высокадостойнай айцец архімандрыт Сяргей Гаек!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ад сябе асабіста выказваю Вам глыбокую і шчырую ўдзячнасць за Вашае шматгадовае, адданае і ахвярнае служэнне на карысць паўсюднага Касцёла ў нашай краіне.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, спачатку ў якасці Апостальскага візітатара, а пасля — Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, Вы з’яўляецеся добрым пастырам і нястомным працаўніком на ніве Хрыстовай.
Ваша служэнне адзначана глыбокай мудрасцю, цярплівасцю і айцоўскім клопатам пра духоўны рост грэка-каталіцкіх супольнасцей, умацаванне іх веры і захаванне ўнікальнай літургічнай і духоўнай спадчыны хрысціянскага Усходу.
Асабліва хочацца адзначыць Ваш значны ўклад у развіццё брацкага супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж вернікамі лацінскага і візантыйскага абрадаў. Ваша прысутнасць падчас значных і больш звычайных падзей у жыцці Рыма-каталіцкага Касцёла з’яўляецца пацвярджэннем гэтаму.
Дзякую Вам за дух хрысціянскага адзінства, супольнасці і адкрытасці, які Вы нязменна ўносіце ў сумесную дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ваш асабісты прыклад вернасці Богу і Касцёлу натхняе духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў на вернае і руплівае служэнне.
У гэты знакавы для Вас дзень малітоўна жадаю Вам, дарагі айцец Сяргей, моцнага здароўя, душэўнага спакою, невычэрпнай духоўнай радасці і шчодрых дароў Духа Святога. Няхай Усеміласцівы Пан заступніцтвам Найсвяцейшай Багародзіцы і ўсіх святых умацоўвае Вашыя сілы ў далейшым сведчанні Евангелля і спашле Сваё багатае благаслаўленне на кожны дзень Вашага жыцця.
З глыбокай павагай і брацкай малітвай,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі







