
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі заклікае вернікаў далучыцца да малітвы аб міры ва ўсім свеце. У Мінску і Магілёве ў гэты дзень адбудуцца святыя Імшы ў інтэнцыі міру.
27 кастрычніка 2026 года Каталіцкі Касцёл у Беларусі далучыцца да малітоўнай ініцыятывы Папы Льва XIV, прысвечанай малітве аб міры ва ўсім свеце.
Падчас 98-га пленарнага паседжання Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі было прынята рашэнне аб малітоўнай еднасці з Наступнікам святога Пятра. У сувязі з гэтым беларускія біскупы выдалі спецыяльны камунікат, у якім вызначылі спосабы ўдзелу мясцовага Касцёла ў гэтай ініцыятыве.
Згодна з камунікатам, 27 кастрычніка ва ўсіх парафіях Беларусі будзе цэлебравацца святая Імша з фармуляру «За захаванне супакою і справядлівасці». У катэдральных касцёлах Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру ўзначаляць біскупы.
Вернікі таксама запрашаюцца да супольнай малітвы на Ружанцы, якую яны ахвяруюць у інтэнцыі міру разам са сваімі душпастырамі. Акцыя «Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы» сёлета таксама была прысвечана малітве дзяцей аб міры.
У аўторак, 27 кастрычніка, у 18.30 у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску святую Імшу ў інтэнцыі міру ўзначаліць біскуп Юрый Касабуцкі.
У гэты ж дзень у магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу ў інтэнцыі міру ў 18.30 ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Усіх вернікаў запрашаюць прыняць удзел у Эўхарыстычнай цэлебрацыі і далучыцца да супольнай малітвы аб міры, паяднанні і спыненні войнаў.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі заклікае святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў актыўна далучыцца да гэтай малітоўнай ініцыятывы, каб разам з Папам Львом XIV і ўсім паўсюдным Касцёлам выпрошваць у Пана дар сапраўднага і трывалага міру.
У час, калі многія людзі пакутуюць ад наступстваў узброеных канфліктаў, малітва становіцца выразам хрысціянскай салідарнасці і надзеі. Яна нагадвае пра неабходнасць навяртання сэрцаў, узаемнай павагі і адказнасці за будаванне міру.
Няхай 27 кастрычніка стане днём асаблівай малітоўнай еднасці, калі вернікі Беларусі разам з паўсюдным Касцёлам будуць прасіць Бога аб міры для ўсіх народаў і краін.
Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі






