Пошук

22.09.2026 20:38   Тэкст: біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB / Фота: біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, ксёндз Андрэй Лысы ТChr / Catholic.by

З 20 па 22 верасня ў рэкалекцыйным доме Caritas у Сапоцкіне Гродзенскай дыяцэзіі прайшлі духоўныя практыкаванні для каталіцкіх іерархаў Беларусі. Рэкалекцыі праводзіў ксёндз доктар Андрэй Лысы ТChr, святар Таварыства Хрыстусоўцаў.

Сёлетняя сустрэча стала ўжо трэцімі супольнымі рэкалекцыямі беларускіх каталіцкіх іерархаў. Асноўнай тэмай духоўных практыкаванняў стаў дэвіз Будслаўскага фэсту 2026 года: «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць». Менавіта вакол гэтых словаў былі пабудаваныя канферэнцыі, малітоўныя сустрэчы і асабістыя разважанні ўдзельнікаў.

Падчас першых канферэнцый прапаведнік рэкалекцый засяродзіў увагу на адносінах чалавека з Богам як крыніцы ўсяго хрысціянскага жыцця і пастырскага служэння. Разважаючы над словамі Псальма: «Благаслаўляй, душа мая, Пана і не забывайся на ўсе дабрадзействы Яго» (Пс 102 (103), 2), ён заахвоціў іерархаў нанова адкрываць значэнне падзякі і хвалы ў жыцці пастыра. Падкрэслівалася, што Эўхарыстыя застаецца найважнейшай школай хвалы і даверу Богу.

Развіццём гэтай думкі стала другая канферэнцыя, прысвечаная словам Хрыста: «Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас» (Ян 15, 4).

Прапаведнік падкрэсліў, што сапраўдная плённасць пастырскага служэння нараджаецца не толькі з актыўнасці і арганізацыйных здольнасцяў, але перадусім з еднасці з Хрыстом.

Асаблівая ўвага была звернута на малітву, вернасць Божаму слову і неабходнасць знаходзіць час для цішыні перад Панам.

Трэцяя канферэнцыя была прысвечана пастырскаму служэнню. Разважаючы над дыялогам уваскрослага Хрыста з апосталам Пятром (пар. Ян 21, 15–19), прапаведнік нагадаў, што сапраўднае пастырства пачынаецца з любові да Езуса. Звяртаючы ўвагу на словы «Ці любіш ты Мяне?» і «Пасі авечак Маіх», ён падкрэсліў, што людзі, давераныя пастыру, належаць не яму, а Хрысту. У цэнтры разважанняў былі тэмы адказнасці, міласэрнасці, служэння і ўмення слухаць іншых у духу Добрага Пастыра.

Асобны блок разважанняў быў прысвечаны вернасці Касцёлу. Разважаючы над словамі апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця» (Ян 6, 68), удзельнікі засяродзіліся на хрысціянскай вернасці, якая асабліва выпрабоўваецца ў часы цяжкасцяў, сумненняў і расчараванняў. Прапаведнік падкрэсліў, што вернасць Касцёлу азначае перадусім вернасць самому Хрысту, які не пакідае сваёй супольнасці нават сярод чалавечых слабасцяў. Значная ўвага таксама была ўдзелена тэме адзінства і адказнасці за яго захаванне.

Важнае месца ў рэкалекцыях заняла постаць Найсвяцейшай Панны Марыі. На прыкладзе Звеставання і словаў: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле слова Твайго» (Лк 1, 38), удзельнікі разважалі над сапраўдным даверам Богу. Ксёндз Андрэй адзначыў, што давер не азначае поўнага разумення Божых планаў, але гатоўнасць штодзённа адказваць Богу сваім «так». Асаблівым арыенцірам сталі і словы Марыі ў Кане Галілейскай: «Што скажа вам, тое і рабіце» (Ян 2, 5).

Апошняя канферэнцыя была прысвечана тэме благаслаўлення. 

Рэкалекцыяніст заахвоціў іерархаў паглядзець на сваё служэнне праз прызму Божага благаслаўлення, нагадваючы, што пастыр пакліканы не толькі благаслаўляць літургічным жэстам, але і быць чалавекам, праз якога Бог дорыць іншым надзею, падтрымку і супакой.

Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць заўважаць дабро ў людзях, падтрымліваць святароў, будаваць адзінства і захоўваць евангельскую паставу нават перад абліччам непаразуменняў ці крытыкі.

Завяршэннем рэкалекцый стала Эўхарыстыя і гамілія, пабудаваная на словах Евангелля паводле святога Лукі: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго» (Лк 8, 21). Разважаючы над гэтым урыўкам, прапаведнік нагадаў, што кожны іерарх перадусім застаецца вучнем Хрыста, пакліканым слухаць Божае слова і дазваляць яму перамяняць уласнае жыццё. Асаблівым прыкладам такой паставы была прадстаўлена Найсвяцейшая Панна Марыя, якая праз сваё «Няхай мне станецца паводле Твайго слова» (Лк 1, 38) стала дасканалым узорам слухання і выканання Божай волі.

Цэнтральнае месца ў праграме кожнага дня займала святая Імша.

Падчас Эўхарыстыі ўдзельнікі асаблівым чынам маліліся за Беларусь і ўсіх яе жыхароў, просячы ў Бога дару міру, еднасці і неабходных ласкаў для народа і краіны.

Акрамя таго, іерархі ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважанні над Божым словам і братэрскіх сустрэчах, якія спрыялі ўмацаванню ўзаемнай еднасці і супольнай адказнасці за служэнне Касцёлу.

Рэкалекцыі завяршыліся 22 верасня. Іх плёнам, як адзначалі ўдзельнікі, стала не толькі духоўнае аднаўленне, але і паглыбленне ўсведамлення ўласнага паклікання да хвалы Богу, даверу Марыі, вернасці Касцёлу і ахвярнага служэння Божаму народу.

Абноўлена 22.09.2026 21:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа