Пошук

26.10.2026 11:12   Марыя Валодзіна / vaticannews.va / www.royal.uk / Catholic.by

Фота: www.vaticannews.va

Святы Айцец прыняў ганаровае званне Папскага субрата Капітула святога Георгія пры Капліцы святога Георгія ў Віндзарскім замку. Тытул быў нададзены яму каралём Карлам III, дэканам і канонікамі Віндзара пры падтрымцы арцыбіскупа Кэнтэрберыйскага ў знак духоўнай еднасці, экуменічнага сяброўства і хрысціянскага братэрства.

Як паведаміў афіцыйны сайт брытанскай каралеўскай сям’і, ганаровае званне было нададзена Папу 23 кастрычніка — роўна праз год пасля дзяржаўнага візіту караля Карла III і каралевы Камілы ў Ватыкан. Падчас гэтага візіту каралеўская пара наведала Базыліку святога Пятра і Базыліку святога Паўла за мурамі.

Падчас наведвання апошняй, з дазволу Папы, арцыпрэзбітэр Базылікі і абат святога Паўла прынялі караля Карла III як Каралеўскага субрата абацтва. Да сярэдзіны XVI стагоддзя англійскія каралі мелі гістарычную сувязь з Базылікай святога Паўла за мурамі. У адказ на гэты жэст дэкан і канонікі Віндзара пры падтрымцы арцыбіскупа Кэнтэрберыйскага запрасілі Льва XIV стаць Папскім субратам Капітула і Капліцы святога Георгія. Папа прыняў запрашэнне.

У заяве брытанскага каралеўскага дома адзначаецца, што гэтыя ўзаемныя жэсты з’яўляюцца «адчувальным выразам духоўнай еднасці і агульнай адданасці справе хрысціянскага адзінства».

Яны таксама сведчаць пра шматвяковыя сувязі паміж Капітулам і Капліцай святога Георгія ў Віндзары і Апостальскай Сталіцай, а таксама пра развіццё адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам, Англіканскім Касцёлам і Англіканскай супольнасцю.

Фота: www.royal.uk

Асаблівае значэнне гэты жэст мае і ў кантэксце экуменічнага служэння Льва XIV. Яшчэ ў першыя месяцы свайго пантыфікату Папа сярод прыярытэтаў сваёй дзейнасці назваў аднаўленне поўнай і бачнай еднасці паміж хрысціянамі праз малітву, дыялог, узаемнае слуханне і супольнае сведчанне Евангелля.

Пасля Рэфармацыі XVI стагоддзя адносіны паміж Рымам і Англіканскім Касцёлам былі адзначаны глыбокім падзелам. Сёння ж Брытанскі каралеўскі дом называе першым за паўтысячагоддзя выпадкам, калі Папа і брытанскі манарх атрымліваюць адзін ад аднаго рэлігійныя тытулы, якія падкрэсліваюць тое, што аб’ядноўвае, а не тое, што падзяляе.

Тытул Папскага субрата мае ганаровы характар. Яго значэнне — у выразе ўзаемнай павагі, даверу і гатоўнасці працягваць экуменічны шлях.

У памяць пра ўзаемныя жэсты ў Рыме і Віндзары былі створаны спецыяльныя крэслы. Крэсла, падоранае каралю Карлу III, ужо знаходзіцца побач з манаскімі хорамі ў Базыліцы святога Паўла за мурамі. Адпаведнае крэсла для Папы будзе ўстаноўлена ў Капліцы святога Георгія, Віндзар, Англія.

Абноўлена 26.10.2026 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця