Пошук

28.08.2024 10:38   Тэкст і фота: Жанна Закрэўская / Kascelmery.by

23 жніўня ў Друі (Віцебская дыяцэзія, Мёрскі дэканат) у межах традыцыйнага мастацкага пленэру адбылася сустрэча з вядомым беларускім этнографам, рэстаўратарам, мастаком і музыкантам Алесем Ласём.

«Чалавек-аркестр», як яго часта называюць за разнастайныя творчыя таленты, падзяліўся сваім майстэрствам ігры на ліры і віёле да гамба.

Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) Kascelmery.by, вечарыну адкрыў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ксёндз Вячаслаў Адамовіч. Святар коратка пазнаёміў прысутных з творчасцю Алеся Лася і выказаў яму словы ўдзячнасці за магчымасць дакрануцца да музычнай спадчыны Беларусі.

Мастак па адукацыі, Алесь Лось праявіў сябе ў розных формах мастацкай дзейнасці.

Ён актыўна вывучае гісторыю і культуру беларускага народа, захапляецца музычнай творчасцю і вырабам старадаўніх музычных інструментаў. Аднавіў выраб на Беларусі дуды і ліры.

Цікавасць да музыкі з’явілася ў яго яшчэ ў дзяцінстве. Алесь хацеў пачуць як гучаць сапраўдныя дуда, ліра, віёла: музычныя інструменты, якіх у той час на Беларусі было няшмат. Ад эмацыйнага «голаду гукаў» у яго ўзнікла жаданне паспрабаваць зрабіць гэтыя інструменты. Адной з першых была дуда. Майстра не толькі сам навучыўся рабіць гэты інструмент, але таксама стварыў школу, дзе вучыў гэтай справе ахвотных.

Алесь Лось шмат падарожнічае па розных мясцінах Беларусі і замежжа, дзе ладзіць музычныя гасцёўні. У межах чарговага праекта, які звязаны з культурай эпохі барока, майстра вызначыў для сябе чатыры культурныя маркеры — мясціны, у якіх жадае падзяліцца сваім музычным майстэрствам.

Першым быў касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Вільні, цяпер — Друя, а потым плануе наведаць Мсціслаў і Пінск.

Падчас музычнай вечарыны ў Друі Алесь Лось іграў на музычных інструментах, якія зрабіў сам. Неверагодныя і прыгожыя гукі ў руках майстра падаравала ліра карбовая − струнны смычковы інструмент, дзе ролю смыка выконвае кола, якое трэцца аб струны.

Пад акампанемент ліры Алесь Лось выканаў разнастайныя старадаўнія рэлігійныя спевы, сярод іх хваласпевы святой Філамэне і Маці Божай Вастрабрамскай. Музычныя кампазіцыі майстра спалучаў з гістарычным экскурсам у эпоху барока. Як адзначыў музыкант, праз барока адкрываюцца дзверы ў іншы свет эмоцый і стасункаў.

Не менш цікава было пачуць і віёлу да гамба. Музычныя творы выклікалі сапраўднае замілаванне ў слухачоў. Найбольш уразілі кампазіцыі Тобіюса Х’юма. Перадаць хараство музыкі немагчыма: трэба яе пачуць.

Пасля выступлення ўдзельнікі сустрэчы яшчэ доўгі час не адпускалі майстра. Яны цікавіліся яго творчасцю і вырабам інструментаў.

Для жыхароў Друі імпрэза такога ўзроўню стала важнай культурнай і рэлігійнай падзеяй. Праз цудоўную музыку і спевы, удзельнікі сустрэчы не толькі далучыліся да культурнай спадчыны, але і праславілі Пана Бога.

 

Абноўлена 28.08.2024 11:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.