Пошук

01.07.2024 06:55   Тэкст: Раман Ярмош / Фота: Раман Ярмош, Дар’я Барысевіч / Catholic.by

29 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Асаблівым чынам гэтую ўрачыстасць сёлета перажывалі вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія).

У дзень парафіяльнага адпусту гэтую супольнасць, гісторыя якой налічвае ўжо больш за палову тысячагоддзя, наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевічю. Падчас фэсту іерарх удзяліў групе тутэйшых вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.

Распачалася ўрачыстасць канцэртам хору «Край Радзімы» з горада Баранавічы (Пінская дыяцэзія) і Эўхарыстыяй, якую канцэлебравалі трое святароў: дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дэкан Івейскага дэканату ксёндз канонік Віктар Субель і пробашч парафіі ў Іўі ксёндз Павел Калеснік. У прамоўленай гаміліі ксёндз Андрэй Аніскевіч заахвоціў вернікаў па прыкладу святых апосталаў «быць скалою веры ў штодзённым жыцці».

На заканчэнне гэтай святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, пасля якой ксяндза пробашча Паўла павіншавалі з імянінамі.

Са шчырымі, сардэчнымі словамі да свайго душпастыра звярнуліся дзеці і моладзь, удзельнікі парафіяльнай суполкі «Легіёна Марыі», міністранты, прадстаўніцы руху «Маці ў малітве» і іншыя парафіяне.

Цэлебрацыю цэнтральнай урачыстай святой Імшы ўзначаліў біскуп Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі 104 вернікі прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці — канфірмацыю.

Гэты сакрамэнт, які называюць таксама сакрамэнтам бежмавання, становіцца знакам духоўнай сталасці вернікаў, праз які яны атрымліваюць паўнату дароў Духа Святога. Паводле каталіцкай традыцыі, гэты сакрамэнт зазвычай удзяляецца біскупам. Яго прымаюць вернікі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку, пераважна моладзь, выбіраючы пры гэтым сабе яшчэ адно імя святога апекуна.

Самымі папулярнымі апекунамі, якіх сёлета выбралі кандыдаты ў Іўі, сталі найбольш шанаваныя святыя: Павел, Пётр, Юзаф, Ганна, Марыя, Агата і Агнешка.

Звяртаючыся да тых, хто прыняў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў іх сведчыць пра Хрыста не толькі словам, але таксама ўчынкамі і ўсім сваім жыццём.

Пасля ўрачыстасці біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў нядаўна адрамантаваныя памяшканні былога кляштара бэрнардынаў пры івейскім касцёле.

У старадаўніх манаскіх келлях цяпер размясціліся парафіяльны музей, араторый — прастора для выхавання дзяцей і моладзі, а таксама парафіяльнае аддзяленне дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.