18 і 19 красавіка ў мінскім касцёле Божага Цела (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) праходзіць урачыстае святкаванне срэбранага юбілею дзейнасці руху «Маці ў малітве» у нашай краіне. У першы дзень урачыстую святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
На ўрачыстасць таксама прыбыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ў свой час прычыніўся да з’яўлення і распаўсюджання руху ў Беларусі. Разам з іерархамі канцэлебравалі Эўхарыстыю айцы кармэліты, якія служаць у парафіяльным касцёле, а таксама дыяцэзіяльныя і парафіяльныя мадэратары руху і іншыя святары. Прысутнічалі таксама законныя сёстры і самі ўдзельніцы руху.
Напачатку ўсіх прыcутных прывітаў пробашч парафіі і мадэратар руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцец Юрый Кулай OCD. Святар заўважыў, што спеў гімна руху «Маці ў малітве» падчас працэсіі на ўваход шматлікімі моцнымі жаночымі галасамі ва ўнісон у шмат каго «выціснуў слёзы на вачах».
Сапраўды, на юбілейную сустрэчу прыбыло амаль 400 прадстаўніц руху з розных парафій усіх чатырох дыяцэзій Беларусі. Гэта, па ацэнцы арганізатараў, траціна ад усіх удзельніц. Арцыбіскуп Кандрусевіч, не хаваючы свайго здзіўлення такой колькасцю маці, сабраных у не вельмі вялікім па памерах касцёле, прызнаўся: у закрыстыі перад выйсцем на Імшу айцы кармэліты паведамілі яму, што ніколі ў іх касцёле не бачылі столькі жанчын.
«Вы — жаночая духоўная армія Езуса Хрыста! (…) У вашых руках не зброя, але малітва»,
— такое вобразнае акрэсленне даў руху «Маці ў малітве» іерарх.
У прамоўленай гаміліі арцыпастыр павіншаваў удзельніц руху з юбілеем і нагадаў, што гэты малітоўны рух быў заснаваны ў 1997 годзе падчас яго служэння ў Расіі і 25 гадоў таму прыйшоў адтуль у Беларусь. «Невялікі Касцёл у Расіі падараваў яго вялікаму беларускаму Касцёлу», — заўважыў ён.
Далей дастойны госць разважаў пра ролю маці. Яна першая вучыць сваіх дзяцей малітве. Яна таксама на працягу ўсяго жыцця моліцца за іх, выпрошваючы ў Бога патрэбныя ім ласкі і благаслаўленне. Таму рух «Маці ў малітве», на яго думку, арганічна ўпісваецца ў жыццё і Касцёла, і грамадства.
«Наша краіна перажыла складаны час прымусовай атэізацыі, якая імкнулася ператварыць яе ў духоўную пустыню, — працягваў прамоўца. — Аднак сярод гэтай ночы ззяла святло малітвы нашых продкаў, асабліва мамаў. Дзякуючы іх намаганням вера не толькі захавалася, але і была пераказана маладому пакаленню».
Адным з крытэрыяў рэлігійнасці з’яўляецца малітва. Арцыпастыр з жалем заўважыў, што цяпер гэтую традыцыйную хрысціянскую практыку ахрышчаныя часта моцна занядбоўваюць. Ён падаў прыклад Езуса, які 40 дзён і начэй маліўся і посціў, каб падрыхтавацца да публічнай дзейнасці — абвяшчэння Божага Валадарства. «Езус заклікае нас заўсёды маліцца і не падаць духам. Усё Яго жыццё — гэта няспыннае пакланенне Айцу, якога Ён ушаноўваў “у духу і праўдзе” (пар. Ян 4, 23). Гэтым самым Езус абвяргае сцвярджэнне, што малітва перашкаджае чалавеку ў рэалізацыі яго планаў, забірае яму каштоўны час, адрывае яго ад рэальнага жыцця», — навучаў іерарх.
Галоўны цэлебрант прывёў словы святога Папы Паўла VI, які казаў, што «малітва — гэта подых Касцёла». Яна адчыняе доступ да чалавека духоўнага кісларода, без якога ён «задыхнецца». Арцыбіскуп падкрэсліў, што адсутнасць малітвы з’яўляецца адной з прычын розных праблем і крызісаў, з якімі сустракаецца сучасны свет. Каб вырашыць гэтыя праблемы, ён патрабуе сведкаў малітвы.
«Вы пакліканы быць прыкладам малітвы для сучаснага свету, які не мае часу на малітву. Як мы ўмеем знайсці час на фізічны пасілак, так і павінны знайсці час на малітву, якая з’яўляецца нашым духоўным пасілкам»,
— звяртаючыся да сабраных маці, сказаў ён.
Маці пакліканы не толькі пераказваць Божы дар жыцця, але і клапаціцца пра фізічнае, інтэлектуальнае, культурнае і духоўнае развіццё сваіх дзяцей. Сучасны свет, паводле арцыпастыра, мала ўвагі звяртае на духоўную фармацыю маладога пакалення, таму, на яго думку, Божы Провід паклікаў менавіта ўдзельніц руху «Маці ў малітве» запоўніць гэтую нішу.
«Прырода не церпіць пустаты. Нездарма прымаўка кажа, што “святое месца пустым не бывае”. Калі жыццё чалавека не будзе напоўнена евангельскімі каштоўнасцямі, то яго запоўняць антыкаштоўнасці. Таму ваша паслуга ў гэтым незаменная. Яна напаўняе свет малітвай, вядзе да Бога маладое пакаленне і ўмацоўвае яго веру», — падсумаваў іерарх.
«Якой павінна быць малітва?» — спытаўся ён. І прадоўжыў: «Найчасцей яна зводзіцца выключна да малітвы-просьбы. Пры гэтым мы забываемся, што найперш трэба дзякаваць Богу за Яго дары, перапарашаць за недахопы і толькі потым прасіць аб дапамозе».
«Калі нам цяжка, ці шукаем дапамогі ў Бога на малітве?» — гэтае пытанне, пастаўленае прамоўцам, прагучала як рахунак сумлення для кожнага прысутнага ў касцёле.
Іерарх нагадаў, што «наша малітва не зменіць Бога, але можа змяніць нас, калі мы дазволім ёй гэта зрабіць».
Далей арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да ўрыўка з Евангелля, прызначанага на ІІІ Велікодную нядзелю, які распавядае пра вучняў, што ішлі ў Эмаўс. Засмучаныя смерцю Езуса, яны вярталіся з Ерузалема ў сваю родную вёску. Той, хто абяцаў ім вечнае жыццё, апынуўся ў магіле. Па чалавечых мерках, у іх не было ніякай перспектывы, усё было страчана. Але нечакана да гэтых вучняў далучыўся Езус, якога яны распазналі толькі падчас Эўхарыстыі.
«Гэта прыклад для сучаснага чалавека, які страціў Бога і не ведае, дзе Яго знайсці, — патлумачыў ён. — Эўхарыстыя — гэта вяршыня хрысціянскага жыцця і найбольш дасканалая малітва. Яна робіць людзей больш Хрыстовымі і такім чынам змяняе іх, каб яны маглі змяняць свет».
Сучасны свет, паводле арцыпастыра, «перажывае шмат крызісаў і ліхаманкава шукае з іх выйсця». Аднак пры гэтым ён перадусім палягае на сваіх сілах і на дасягненнях чалавечага розуму, забываючыся, што «коранем усіх праблем з’яўляецца адыход ад Божага закону».
«У такой драматычнай сітуацыі Касцёл у Беларусі і нашае грамадства патрабуюць вашага, “Маці ў малітве”, сведчання і дапамогі, бо вашая малітва прабівае нябёсы і заспакойвае нашыя духоўныя і грамадскія патрэбы»,
— усклікнуў прамоўца.
«Касцёл у Беларусі ўдзячны за 25 гадоў вашага служэння і сведчання ў справе адраджэння і ўмацавання веры, асабліва ў маладога пакалення, і надалей спадзяецца на вашу дапамогу, — запэўніў ён. — Мы ўсе разам утвараем гэты Касцёл — Містычнае Цела Езуса — і ўсе разам адказныя за яго. Моладзь — гэта будучыня Касцёла і грамадства, таму яе неабходна выхоўваць так, каб яна будавала сваё жыццё на евангельскіх каштоўнасцях. І ў гэтым маці ніхто не заменіць».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію наступнымі словамі: «Рух “Маці ў малітве”, сёння ты распачынаеш пісаць новую старонку сваёй гісторыі ў нашай краіне. Няхай яна будзе напоўнена малітвай і надзеяй, нават насуперак надзеі, на новае і лепшае заўтра маладога пакалення, усіх нас, Касцёла і нашай Бацькаўшчыны. А Божая Маці — дасканалы прыклад малітвы — няхай ахіне вас плашчом сваёй апекі і выпрасіць у Бога патрэбныя ласкі і благаслаўленне на далейшую плённую дзейнасць».
Падчас ахвяравання дароў маці, апранутыя ў адмысловае адзенне, у працэсіі прынеслі да алтара прадметы, якія сімвалізавалі малітвы і духоўнае жыццё ўдзельніц руху, а таксама ахвярныя дары — хлеб і віно.
Пасля Імшы агульнабеларускі каардынатар руху «Маці ў малітве» Людміла Губіна асабіста падзякавала кожнаму біскупу і святару, а таксама прысутнай законнай сястры, за ўдзел і супольную малітву. Былі адзначаны таксама парафіяльныя і дыяцэзіяльныя каардынатары — маці, на плечы якіх ускладаецца арганізацыя сустрэч руху на мясцовым узроўні.
Пасля абедзенага перапынку ўдзельніц і гасцей урачыстасці чакаў музычны падарунак — канцэрт, які выканаў хор з парафіі святога Францішка ў Копішчы (дэканат Мінск-Усход) пад акампанемент нядаўна асвечанага электроннага аргана. Затым сустрэча руху знайшла свой працяг у асабістых сведчаннях удзельніц пра тое, якія шчодрыя ласкі яны і іх блізкія атрымалі ад Бога ў выніку іх малітвы.











































































