Пошук

20.07.2026 07:47   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Марыя Ахрамовіч / Catholic.by

19 ліпеня апоўначы ў рамках штогадовага святкавання фэсту ў гонар Маці Божай Шкаплернай у марыйным санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Гудагаі прайшла святая Імша, якой папярэднічала стаўшая ўжо традыцыйнай працэсія са свечкамі вакол касцёла з малітвай Ружанца.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Разам з ім маліўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары і кансэкраваныя асобы, а таксама вернікі, якія, як евангельскі Нікадэм, выкарысталі начны час для сустрэчы з Богам у малітве праз заступніцтва Марыі. Спевы падчас літургіі выконваў хор Гудагайскага фэсту.

Напачатку пастыр Гродзенскай дыяцэзіі нагадаў прысутным значэнне святла свечак у працэсіі — гэта сімвал Хрыстовага святла, якое павінна штодзённа асвятляць жыццёвы шлях хрысціян.

Вітаючы іерарха з Віцебска, ён адзначыў, што біскуп Алег спецыяльна прыбыў у Гудагай, каб разам з вернікамі памаліцца ў гэтым марыйным санктуарыі. Апоўдні ён будзе ў Браславе, дзе распачаліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі, каб разам з маладымі людзьмі перажыць гэтую важную сустрэчу.

У прамоўленай гаміліі біскуп Гуляй падкрэсліў, што Гудагай ― гэта асаблівае месца, якое выбрала для сябе Найсвяцейшая Панна Марыя, «месца, у якім мы можам спыніцца, вырвацца са штодзённай руціны нашых спраў, звычайных заняткаў, клопатаў і прытуліцца да Марыі, нашай Нябеснай Маці, схавацца пад Яе плашч і там знайсці спакой, суцяшэнне, цеплыню, любоў і цудоўнае пачуццё бяспекі».

Па словах біскупа, урачыстасць Маці Божай у Гудагаі духоўна запрашае кожнага яе ўдзельніка «ў горны масіў Кармэль у Ізраэлі», невысокі (крыху больш за 500 м над узроўнем мора), але незвычайна прыгожы. Слова «Кармэль» у перакладзе з габрэйскай мовы азначае «вінаграднік Бога» або «сад Бога». Там сяліліся пустэльнікі, характарыстычнай рысай якіх было асаблівае ўшанаванне Найсвяцейшай Маці. Калі Ізраэль заваявалі мусульмане, многія з гэтых пустэльнікаў прынялі мучаніцкую смерць, а тыя, хто здолеў уратавацца, перасяліліся ў Еўропу ― у Францыю, Іспанію, Партугалію ці Англію. Пасля дастасавання манаскіх Правілаў (Рэгулы) да новых умоваў з’явіўся Ордэн кармэлітаў або Братоў Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Роўна 775 гадоў таму, у XIII стагоддзі, калі найвышэйшым настаяцелем ордэна быў Сымон Сток, яму аб’явілася Маці Божая ў акружэнні вялікай колькасці анёлаў. Марыя працягнула яму руку, у якой трымала шкаплер (верхнюю частку манаскага габіта) і сказала: «Прымі, мой сыне, гэты шкаплер твайго ордэна як знак майго братэрства». Марыя запэўніла, што кожны, хто ў ім памрэ, не спазнае пякельнага агню.


«Шкаплер ― гэта знак збаўлення, абарона ў небяспеках і сімвал запавету»,

― падсумаваў іерарх.

Пасля гэтай падзеі, па яго словах, Ордэн кармэлітаў пачаў дынамічна развівацца, распаўсюджваючы шкаплер, асабліва сярод свецкіх вернікаў. З часам шкаплер паменшыўся да памераў двух невялікіх квадратаў з тканіны, злучаных тасёмкамі, а яшчэ пазней ён быў заменены на металічны медальён. Звычай насіць шкаплер хутка распаўсюдзіўся спачатку ў Еўропе, а потым у іншых частках свету.

Пастыр нагадаў, што шкаплер ― гэта не амулет, але «знак, які ставіць перад намі постаць Марыі як нашай Заступніцы і Апякункі». Недастаткова толькі насіць яго, але трэба таксама прасіць Марыю аб заступніцтве і браць прыклад з Яе веры і цнотаў: пабожнасці, пакоры, паслухмянасці Божай волі, ціхасці, цярплівасці, любові да бліжняга і сціпласці.

Асабліва важнай умовай дзейснасці нашэння шкаплера іерарх назваў жыццё ў стане асвячальнай ласкі. Ён прывёў прыклад з жыцця святога Яна Боско, заснавальніка салезіянаў. Гэты святы ў часе вялікай засухі быў запрошаны правесці рэкалекцыі ў адну з парафій. І ў першай навуцы ён паабяцаў вернікам, што калі яны будуць у стане асвячальнай ласкі, то пальецца дождж. Людзі паверылі яму і масава скарысталіся з сакрамэнту пакаяння. І ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі здарыўся цуд ― дождж паліў, як з вядра. Просьба святога Яна Боско была выслухана.

«Пан Бог ніколі не шкадуе нам сваіх дароў і ласкаў. Толькі мы не заўсёды ўмеем належным чынам прыняць гэтыя дары», ― падкрэсліў прамоўца.

За святым Янам Паўлам ІІ ён растлумачыў значэнне таго, як выглядае шкаплер. Кавалак матэрыі, які носіцца на плячах, з’яўляецца крыжам, які мы павінны навучыцца несці з даверам да Бога. Другі кавалак, які носіцца на грудзях — гэта знак людзей, да якіх нас Бог пасылае і якім мы павінны несці, на ўзор Марыі, радасць, суцяшэнне, надзею, дапамогу і спачуванне.

На заканчэнне гаміліі біскуп Гуляй, звяртаючыся непасрэдна да сабраных вернікаў, адзначыў, што яны ― сапраўдны, жывы Кармэль, «сад» ці «вінаграднік Бога», дзе слухаецца і выконваецца Божае слова, якое прыносіць у сэрцах багаты плён.

Перад пастырскім благаслаўленнем айцец Куляха абвясціў вернікам пра магчымасць адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўсю ноч, а пастыр Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў іх, каб тыя, хто можа, скарысталіся з гэтай магчымасці, а для тых, хто вяртаецца дадому, пажадаў шчаслівай дарогі.

Абноўлена 20.07.2026 08:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця