
8 верасня ў санктуарыіМаці Божай Шкаплернай у Гудагаі сабраліся пілігрымы з розных мясцовасцяў, вернікі з суседніх парафій і мясцовыя парафіяне, каб разам адзначыць парафіяльны адпуст Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Перад пачаткам урачыстай святой Імшы прысутныя аб’ядналіся ў малітве падчас спеву Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, рыхтуючы свае сэрцы да літургіі.
На пачатку літургіі пробашч парафіі і кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD звярнуўся да вернікаў са словамі прывітання і ўвёў іх у тэматыку Эўхарыстыі. Ад імя кармэлітаў босых ён прывітаў удзельнікаў урачыстасці, якія сабраліся перад цудадзейным, каранаваным абразом Маці Божай Гудагайскай, каб разам праславіць Бога ў дзень Яе нараджэння.
Святар нагадаў, што сёлета спаўняецца роўна 262 гады з таго дня, як у 1764 годзе цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай быў урачыста ўнесены ў новапабудаваны драўляны касцёл і тут распачалі сваё служэнне кармэліты босыя.
Пробашч выказаў словы ўдзячнасці сёстрам кармэліткам Дзіцятка Езуса, мясцовым вернікам, якія сваёй малітвай і штодзённым клопатам сцерагуць святое месца, а таксама пілігрымам, якія ахвяравалі час і дарогу, каб прынесці да ног Божай Маці свае асабістыя інтэнцыі, просьбы і падзякі.
Кусташ прывітаў галоўнага цэлебранта — ксяндза каноніка Антонія Казлоўскага, дэкана Смаргонскага і пробашча парафіі ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія), які ўзначаліў урачыстую святую Імшу і прамовіў гамілію, а таксама святароў, якія канцэлебравалі гэтую літургію: ксяндзоў канонікаў Леанарда Станкоўскага з Солаў і Алега Шпеня з Дайлідак; Астравецкага дэкана, пробашча парафіі ў Міхалішках ксяндза Анатоля Захарэўскага, ксяндзоў пробашчаў суседніх парафій Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — Аляксандра Сямінскага з Кямелішак, Міколу Гракава са Свіра, Паўла Гардзейчыка з Жодзішак, Паўла Паўлікевіча з Барун, Віктара Захарэўскага з Варнянаў, Артура Ляшнеўскага з Жупран, а таксама ксяндзоў вікарыяў Віталія Валюка з Астраўца і Аляксандра Шыманскага з Мінскай архікатэдры.
Падчас гаміліі ксёндз канонік Антоні Казлоўскі засяродзіў увагу на тэалагічным значэнні свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і глыбокім сэнсе Яе Імя:
«Нараджэнне Марыі стала непасрэдным пачаткам спаўнення абяцанняў у гісторыі збаўлення, а Яе Імя з’яўляецца крыніцай надзеі і благаслаўлення для ўсяго Касцёла».
Звяртаючыся да прыкладу святых Яўхіма і Ганны, святар адзначыў, як штодзённы бацькоўскі клопат, сумеснае пазнанне Бога і атмасфера даверу ў сям'і фармуюць асобу дзіцяці. Гэтае бацькоўскае выхаванне прынесла духоўны плён у хвіліну Звеставання, калі Марыя змагла адказаць Богу свядомай і цвёрдай згодай.
Апіраючыся на гэты прыклад, ксёндз Антоні звярнуўся да тэмы сучаснага выхавання дзяцей і адказнасці бацькоў за перадачу веры. Паколькі ў сучасным свеце бацькі самастойна не заўсёды ў стане перадаць дзецям усю глыбіню праўдаў веры, узрастае роля катэхізацыі ў парафіі. Святар нагадаў пра важнасць клопату аб удзеле дзяцей у парафіяльнай катэхізацыі, а таксама аб духоўным суправаджэнні студэнтаў падчас іх навучання ў вышэйшых навучальных установах.
Ксяндз Антоні зрабіў трапнае параўнанне з развіццём чалавека:
«Недастаткова, каб дзіця проста навучылася чытаць, пісаць і лічыць. Клопат пра яго будучыню патрабуе больш глыбокіх ведаў, таму бацькі і клапоцяцца, каб яно атрымала поўную адукацыю ў старэйшых класах і вышэйшых навучальных установах. Гэтаксама і ў рэлігійным жыцці чалавеку не можа быць дастаткова толькі першапачатковай падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі. Хрысціянскае сталенне патрабуе пастаяннага і бесперапыннага паглыблення ведаў пра Бога на працягу ўсяго жыцця, і гэты абавязак павінен стаць унутранай патрэбай і адказнасцю кожнай веруючай сям’і».
Паводле даўняй традыцыі каталіцкіх фэстаў, урачыстае набажэнства завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім усе прысутныя разам прамовілі Ларэтанскую літанію. Пасля распачалася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, якую ўзначаліў ксёндз Павел Гардзейчык. Пад перазвон званоў парафіяне і пілігрымы славілі Бога супольным спевам, а ў касцёле прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».
Пасля заканчэння літургіі айцец Аркадзь Куляха OCD выказаў падзяку ўсім удзельнікам за супольную малітву і запрасіў на Крыжовы шлях на Гудагайскай Кальварыі, які адбудзецца ў наступную нядзелю, 13 верасня, пасля святой Імшы ў 11.30.
Гудагайскі санктуарый заўсёды адкрыты для тых, хто жадае адпачыць сярод прыгожай захапляльнай прыроды, паразважаць у цішыні і памаліцца перад цудадзейным абразам Божай Маці.
Духоўнае служэнне тут здзяйсняюць кармэліты босыя: настаяцель кляштара і пробашч парафіі айцец Аркадзь Куляха, першы радца супольнасці і вікарый айцец Ігнат Падарэцкі, а таксама вікарый айцец Казімір Мараўскі. У парафіі служаць таксама сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езуса.















































