Пошук

10.07.2026 23:53   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Catholic.by

10 студзеня ўвечары ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем'яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) святой Імшой з удзелам пілігрымаў распачаліся галоўныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай.

Узначаліў Эўхарыстыю Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй; біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Віцэ-старшыня ККББ; арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч; біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч; дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска; Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. На Імшы прысутнічалі святары з усёй Беларусі, сярод якіх выдзяляліся сваімі рознакаляровымі хустачкамі на шыі кіраўнікі і ўдзельнікі пешых пілігрымак, а таксама кансэкраваныя асобы, прысутнасць якіх сярод вернікаў асаблівым чынам заўважалася. Аднак, самай вялікай групай удзельнікаў былі, несумненна, пілігрымы і вернікі з Гродзенскай і іншых дыяцэзій Беларусі, а таксама з замежжа, якія прыбылі ў санктуарый «на веласіпедах, матацыклах, аўтобусах, аўтамабілях, аўтобусах і на іншым транспарце».

Наачатку прывітальнае слова да ўдзельнікаў святкавання скіраваў біскуп Уладзімір Гуляй. Ён нагадаў дэвіз сёлетніх марыйных урачыстацей «Маці Міласэрнасці наша Апякунка» і растлумачыў сэнс гэтых слоў: Марыя вядзе да Хрыста, падтрымлівае ў выпрабаваннях, умацоўвае ў хвіліны слабасці і вучыць бязмежнаму даверу Езусу Хрысту. Таксама біскуп падкрэсліў важную для Гродзенскай дыяцэзіі дату — 35-годдзе з моманту яе ўтварэння, якое здзейсніў папа Ян Павел ІІ, адраджаючы іерархічныя структуры Касцёла ў Беларусі. Пастыр адзначыў неад'емную ролю біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія «пасля цяжкіх выпрабаванняў аднаўлялі жыццё Касцёла, будавалі новыя святыні, адкрывалі семінарыі, развівалі катэхізацыю і неслі людзям Евангелле».

«Дом маці — гэта месца, дзе чалавека заўсёды чакаюць. Тут не пытаюцца, чаго ты сюды прыйшоў. Тут адкрываюць дзверы і адкрываюць сэрцы»,

— сцвердзіў іерарх, маючы на ўвазе месца, дзе прысутнічае Маці Божая ў сваёй цудудзейнай выяве. Ён пажадаў, каб Эўхарыстыя стала часам сустрэчы з Хрыстом, і заклікаў даверыць Езусу праз Марыю ўсіх блізкіх, родных, дыяцэзію, Касцёл і Бацькаўшчыну. Біскуп Гуляй агучыў інтэнцыю, у якой маліўся падчас святой Імшы: аб ласцы «жывой веры, моцнай надзеі, сапраўднай любові і нястомнага імкнення ісці за Хрыстом».

Галоўны цэлебрант, які маліўся за ўсіх прысунтных на ўрачыстасцях у Тракелях, звяртаючыся да пілігрымаў, зазначыў, што пілігрымка — гэта не звычайны пераход з аднаго касцёла ў іншы, але «сапраўдны духоўны лек ад хваробы граху».

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што за гады правядзення «ўрачыстасці ў Тракелях сталі не толькі рэлігійнай падзеяй, але сапраўды і грамадскім святам, на якое збіраюцца тысячы пілігрымаў і гасцей з нашай Бацькаўшчыны і таксама з-за мяжы». Дзякуючы каранацыі абраза Маці Божай Тракельскай папскімі каронамі, якую здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк, тракельская ўрачыстасць сталася «святам сусветнай вагі». Маці Божая ў «нашай Кане Галілейскай», як назваў прамоўца санктуарый у Тракелях, «як дарожны знак, паказвае нам пункт нашага прызначэння — гэта Езус, неба (...)», і хоча адарыць сваіх дзяцей Божымі ласкамі, «таксама такімі, аб якіх мы не просім», тут таксама здзяйсняюцца, у першую чаргу духоўныя, цуды. Дзеля гэтага Марыя, па яго словах, просіць выканаць волю Божую — зрабіць усё, што скажа Яе Сын (пар. Ян 2, 6), «у сваім Евангеллі, у патрабавальным слове, суцяшальнай чуласцю, напамінам, а таксама абдымкамі».

Кажучы пра ролю Марыі ў гісторыі збаўлення чалавецтва, арцыпастыр прывёў словы святога папы Пія Х: «Калі мы хочам аднавіць усё ў Хрысце, то без Найсвяцейшай Маці нічога не адбудзецца». Паводле яго меркавання, калі гэтае аднаўленне не адбываецца, «то гэта таму, што мы ідзем сваім шляхам». Святы Аўгустын некалі казаў: «Я баюся, што Хрыстус пройдзе міма мяне і я Яго не заўважу. Я павінен сустрэць Яго». Марыя вядзе сваіх дзяцей да Хрыста, таму яны не размінуцца з Ім. І тады актуальнымі стануць наступныя словы, якія прывёў прамоўца:

«Кожны святы мае сваё мінулае, і кожны грэшнік мае сваю будучыню».

Далей ён перайшоў да тэмы тзв. «крызіса пакліканняў», адзначаючы, што ў шырокім кантэксце гэта азначае не толькі недахоп пакліканняў да святарства ці манаскага жыцця, але і крызіс сужанскага і сямейнага жыцця. Прычынай гэтага іерарх назваў «уплыў сучаснага свету, які заклікае маладога чалавека жыць выключна для сябе, у свабодзе». Таму святарскае і манаскае пакліканне здаецца быць «шаленствам», бо яно, насуперак канцэпцыі гэтага свету, «патрабуе ахвяры, яно накрэслена выпрабаваннямі». Каб вырашыць гэты крызіс, арцыпастыр заклікаў маладых людзей:

«Адкінь усе сумненні, пераступі парог Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ці манаскай супольнасці!»

А каб гэта стала рэальнасцю, ён рэкамендаваў:

  • «навучыцеся аддаваць у Яе мацярынскія рукі ўсе страхі перад будучыняй (...), цвёрда верачы, што Яна заўсёды вядзе нас да святла Хрыстовага ўваскрасення»;
  • «у вернасці Касцёлу будзьце тымі жывымі камянямі, якія не проста назіраюць збоку, але актыўна будуюць свае парафіяльныя супольнасці»;
  • «Касцёл і дзяржава — гэта сям'я сем'яў, таму будуйце (...) сваю дыяцэзіяльную і дзяржаўную сям'ю на моцным падмурку веры, надзеі і любові».

Арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў пра здзейснены ім у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе Акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Хрыста і дадаў, што гэтая форма «аднаўлення ў Хрысце» сцісла звязана з сакрамэнтамі пакаяння і Эўхарыстыі. Ён пажадаў, каб супольная малітва паспрыяла жаданню кожнага вызнаўцы Хрыста адараваць Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і прымаць пад постаццю хлеба, а затым у сваім жыцці, давяраючы ўсе свае справы Марыі і ідучы за «падказкай» Яе Сына, «аднаўляць усё ў Хрысце».

Напрыканцы Імшы вядучы праграмы ўрачыстасцей у Тракелях ксёндз Андрэй Юхнік прывёў статыстыку пешых і роварных пілігрымак у Тракелі і аб'явіў далейшую праграму святкавання.

Абноўлена 11.07.2026 02:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця