Пошук

12.06.2024 12:53   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

На пачатку чэрвеня ў горадзе Іўе (Гродзенская дыяцэзія) распачаў працу музей, наведвальнікі якога змогуць пазнаёміцца з багатай гісторыяй мясцовай парафіі.

Невялікі гарадок Іўе і Івейшчынашчына — гэта ціхі куток нашай Бацькаўшчыны, вядомы спакойным ладам жыцця, святынямі розных рэлігій, міжканфесійным мірам і сціплымі людзьмі, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі.

Гісторыя каталіцкай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла да гэтага часу была неадастаткова вывучана і малавядома нават тутэйшым вернікам.

У верасні 2022 года парафія разам з мясцовым музеем нацыянальных культур аранізавала выставу пад назвай «Артэфакты івейскага касцёла». Такая ініцыятыва знайшла водгук перш за ўсё ў івейцаў: ім было цікава больш даведацца пра родную святыню. Акрамя таго, пра выставу распавялі і ў выпуску навін дзяржаўнага тэлебачання.

Адкрыццё парафіяльнага музея — своеасаблівы працяг той выставы, але ўжо на новым, вышэйшым узроўні: знайшлося больш звестак, экспанатаў, літаратуры і дакументаў па гісторыі парафіі.

Музей знаходзіцца ў адной з келляў былога бэрнардынскага кляштара з незвычайнай гісторыяй.

У 1930-я гады у гэтым памяшканні знаходзілася парафіяльная канцылярыя. У той час пробашчам парафіі быў ксёндз Ільдэфонс Бобіч, які стварыў бясцэнную манаграфію, у якой апавядаецца пра гісторыю івейскай парафіі. Святар працаваў акурат у сваёй канцылярыі: вывучаў дакументы, збіраў фатаграфіі і даследваў гісторыю некаторых рэчаў, усебакова апісваючы штодзённае жыццё парафіі і мястэчка.

Экспазіцыя музея будзе даволі багатай дзякуючы таму, што святыню абмінулі разбурэнні дзвюх сусветных войнаў і закрыццё ў савецкі час: засталіся многія старадаўнія літургічныя рэчы, такія, як арнаты, келіх, кадзільніца, падсвечнікі і гэтак далей; захаваліся і элементы інтэр’ера, пачынаючы з XVIII стагоддзя, а таксама фотаздымкі, метрычнія кнігі міжваеннага і пасляваеннага часу.

Нямала матэрыялаў у музеі будзе прысвечана ксяндзу Ільдэфонсу Бобічу.

Святар быў пісьменнікам (літаратурны псеўданім — Пётра Просты), перакладчыкам і доктарам філасофіі, прыхільнікам беларускай мовы ў Касцёле, меў сваю біблятэку. У экспазіцыі будуць прадстаўлены яго рукапісы і кнігі.

Наведвальнікі парафіяльнага музея змогуць убачыць выявы таго, як выглядаў кляштар 200 гадоў таму, а таксама святныняў, што да нашага часу не захаваліся. Сваё месца ў экспазіцыі знайшлі і дакументы касцёльнага камітэта ў савецкі час: лісты ў мясцовыя аргінізацыі, выканкам і нават Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі з просьбай аб падключэнні электрычнасці, рамонту і аб прызначэнні святара. Адведзена месца і гісторыі апошніх 40-а гадоў, калі ў Іўе быў прызначаны ксёндз Леанід Нясцюк — першы пробашч пасля перыяду пераследу веры. За гэты час шмат значных падзей адбылося ў найноўшай гісторыі парафіі.

Да стварэння музея далучыліся мясцовыя краязнаўцы, энтузіясты, калектыў Івейскага музея нацыянальных культур.

Менавіта спецыялісты-музейшчыкі давалі свае кансультацыі, а таксама самі парафіяне. У дадатак наведвальнікі змогуць карыстацца даследваннямі краязнаўцаў, якія публікаваліся ў газеце «Іўеўскі край», сацыяльных сетках мясцовага музея і раённай бібліятэкі.

Месца ў былой кляштарнай келлі абмежавана, таму тыя экспанаты, якія маюць багатую гісторыі, маюць на сабе QR-код. Карыстаючыся ім, наведвальнік зможа больш даведацца пра экспанат, які яго зацікавіў. Гэта можа быць гісторыя жыцця ксяндза Ільдэфонса, апісанне капліц парафіі і тых святыняў, што не дайшлі да нашых дзён.

Наведаць музей парафіі ў Іўі можа кожны ахвотны.

Для гэтага неабходна звярнуцца ў парафіяльную канцылярую альбо загаддзя напісаць на электронную пошту dekanat.iwje@gmail.com і дамовіцца аб наведванні музея.

 

Абноўлена 13.06.2024 13:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа