8 снежня, пасля малітвы да Беззаганнай на плошчы Іспаніі ў Рыме, Папа Францішак наведаў Палац Чыпола, каб убачыць карціну «Белае Укрыжаванне» — шэдэўр Марка Шагала, які ён называў сваім любімым мастацкім творам.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, карціна была дастаўлена ў Рым з Чыкагскага інстытута мастацтваў дзякуючы супрацоўніцтву з Дыкастэрыяй па евангелізацыі і фонду Fondazione Roma з нагоды набліжэння Юбілейнага года. Адкрытая напрыканцы лістапада выстава стала першай у новай рымскай музейнай прасторы Museo del Corso і працягнецца да 27 студзеня 2025 года.
Белае Укрыжаванне, створанае ў 1938 годзе, з’яўляецца вельмі важным творам Шагала.
Яно было напісана пасля так званай «Крыштальнай ночы» — адной з самых драматычных падзей антысеміцкага пераследу, развязанага нацысцкім рэйхам напярэдадні Другой сусветнай вайны.
Будучы кардыналам, на старонках кнігі «Езуіт», якая выйшла ў 2010 годзе, Хорхэ Бэргольё назваў гэтую карціну сваёй улюбёнай, адказваючы на пытанне журналіста пра мастацкія ўпадабанні.
«Я заўсёды лічыў гэтую карціну адной з найцудоўнейшых сярод створаных калі-небудзь. Укрыжавны тут спакойны і натхнёны надзеяй», — адзначаў тады будучы Пантыфік.
Белае Укрыжаванне ўвасабляе ўсю трагедыю габрэйскага народа: нянавісць, пераследы, пагромы, што мелі месца ў ХХ стагоддзі. Шагал не імкнуўся стварыць канкрэтную сцэну, але праз сімвалы і вобразы перадаў глыбіню драмы.
Каб паказаць несправядлівасць і боль нявінных, мастак выкарыстаў менавіта хрысціянскі вобраз. У асобе ўкрыжаванага Хрыста ён адлюстраваў увесь пакутны, «укрыжаваны» габрэйскі народ. «Мука Езуса — гэта мука майго народа ў тыя гады», — казаў Марк Шагал.
Арганізатары выставы падкрэсліваюць, што гэтая карціна з’яўляецца «магутным сімвалам надзеі і рэлігійнай еднасці <…> з пасланнем, якое заклікае да абароны чалавечай годнасці і дыялогу паміж культурамі».
У афіцыйным прэс-рэлізе Святога Пасада да адкрыцця выставы Марка Шагала ён быў названы менавіта беларускім мастаком — celebre pittore bielorusso — «славуты беларускі мастак».
Як адзначае Vatican News, такое акрэсленне мае асаблівае значэнне, бо падзея з’яўляецца часткай афіцыйнай культурнай праграмы Юбілею 2025 года, што надае гэтаму асаблівую вагу ў міжнародным культурным кантэксце.
Выстава «Шагал у Рыме. Белае Укрыжаванне» — адна з ключавых падзей культурнай праграмы Юбілейнага года — даступная для бясплатнага наведвання на працягу двух месяцаў. Экспазіцыя размяшчаецца ў прэстыжным Палацы Чыпола. Месца было абрана невыпадкова: яно мае доўгую гісторыю прадстаўлення значных мастацкіх твораў і забяспечвае неабходныя ўмовы для экспанавання такога каштоўнага твора як «Белае Укрыжаванне».
Выстава — частка маштабнай культурнай праграмы «Юбілей — гэта культура», якую курыруе Дыкастэрыя па евангелізацыі. Арганізатары зрабілі выставу максімальна даступнай для шырокай публікі: уваход на яе бясплатны, а працяглы час працы (з 10.00 да 20.00 штодня) дазволіць наведаць яе максімальнай колькасці людзей.