![](/3/images/news/2024/08/17698/2024-08-22-abraz.jpg)
У Хрысціянскі сацыяльны цэнтр Місіі Добрага Самараніна ў Мінску быў перарададзены нядаўна адшуканы старадаўні абраз Маці Божай, на якім ёсць надпіс, што ён «святы і цудадзейны».
20 жніўня на сайце Місіі Samaranin.by было паведамлена, што ікону адшукалі двое рупліўцаў, шчырыя вернікі Павел Каралёў і Юрый Кудзелін. Яны ўклалі ўласныя сродкі і змясцілі абраз з выяваю Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках у месца, дзе гучыць супольная хрысціянская малітва.
![Актуальны выгляд абраза. Фота: Samaranin .by](/3/images/news/2024/08/2024-08-22-abraz-1.jpg)
Малюнак зроблены алеем на палатне. На пачатку ХХ стагоддзя жывапіс часткова закрылі лінолеумам і, на жаль, пры мацаванні гэтага неадпаведнага матэрыялу абраз быў пашкоджаны цвікамі.
Калі ж лінолеум быў зняты, на палатне адкрылася мноства дэталяў, маляваных кветак і надпіс на лаціне Diva Virgo, што азначае «Боская Панна».
На абразе ёсць металічныя кароны, зоркі і шаты з надпісам, што ў 1775 годзе муж і жонка Сіневічы Сымон і Брыгіда з Дарэўскіх-Вярыгаў ахвяравалі гэтую шату. Такім чынам ёсць падставы меркаваць, што, калі шаты былі зробленыя ў XVIII стагоддзі, сам абраз быў створаны яшчэ раней.
![Частка жыапісу, што захаваўся пад знятым лінолеумам. Фота: Samaranin .by](/3/images/news/2024/08/2024-08-22-abraz-2.jpg)
Пры яго вывучэнні спецыялісты прыйшлі да высновы, што абліччы Марыі і Езуса на іконе былі адноўлены на пачатку ХХ стагоддзя. Калі была зроблена рэнтгенаграма абраза, быў выяўлены ранейшы выгляд твараў Маці Божай і Дзіцяткі Езуса.
У бліжэйшы час плануецца правесці рэстаўрацыю абраза, каб вярнуць яму першапачатковы выгляд і захаваць гэты твор сакоральнага мастацтва для наступных пакаленняў.
Цяпер на палатне ёсць страты, скразныя прарывы, пашкоджанне маляўнічага пласта, асабліва ў месцах злучэння дошак. Таксама неабходна правесці рэстаўрацыйныя працы з шатамі і, акрамя таго, з вялікай разной драўлянай рамай. Памер іконы разам з рамай складае 129 х 106 см.
![Выяўленыя рэнтгенам абліччы Багародзіцы і Дзіцяткі Езуса. Фота: Samaranin .by](/3/images/news/2024/08/2024-08-22-abraz-3.jpg)
На сайце Місіі Добрага Самараніна змешчана просьба аб дапамозе ў правядзенні рэстаўрацыі і кансервацыі абраза, якую могуць аказаць усе ахвотныя.
З гэтай мэтай падаюцца рэквізіты для добраахвотных ахвяраванняў на рэстаўрацыю іконы.
У Місіі таксама просяць падаваць імёны ахвярадаўцаў, за якіх абяцаюць маліцца.
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)