Пошук

31.07.2026 15:04   Тэкст: удзельнікі Парафіяды / Фота: Вікторыя Здановіч / Паводле: catholicminsk.by

З 27 па 29 ліпеня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) прайшла юбілейная Х Парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сустрэчы, якая традыцыйна аб’яднала тры часткі — «святыню, тэатр і стадыён», — прынялі ўдзел каля 50 чалавек з трох парафій.

У панядзелак каманды прыбылі, зарэгістраваліся і размясціліся на тэрыторыі францішканскага кляштара святога Антонія Падуанскага. Праграма распачалася святой Імшой, пасля якой адбыўся вясёлы вечар знаёмстваў з гульнямі і танцамі.

Аўторак быў насычаны спаборніцтвамі: бег на 60/100 м і 300/600 м, эстафета, настольны тэніс, а таксама конкурс біблійных ведаў на падставе Евангелля паводле Лукі. Вечарам каманды спаборнічалі ў конкурсах свецкай і рэлігійнай песні. Асаблівым момантам стала тэатральная пастаноўка, якую для сваіх аднагодкаў падрыхтавала парафія з Івянца. Прайшоў таксама конкурс малюнка, прысвечаны жыццю святога Францішка Асізскага.

У сераду ўсе з асаблівай нецярплівасцю чакалі спаборніцтваў па міні-футболе, якія сталі адной з галоўных падзей дня. Акрамя таго, мясцовыя скаўты падрыхтавалі паласу перашкод, якую з задавальненнем пераадольвалі ўдзельнікі. У вольны час моладзь бавіла час на пляцоўках кляштара.

Па выніках спартыўнай праграмы перамогу атрымала парафія святога Міхала Арханёла ў Івянцы. У агульным камандным заліку, які ўлічваў дасягненні ва ўсіх дысцыплінах — спорце, творчасці і біблійных ведах — першае месца заняла Місія Добрага Самараніна, якая дзейнічае ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску.

Фінальным акордам стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх заклікаў моладзь адчуваць сябе камандай, нагадаўшы, што галоўнае — не заўсёды быць на першым месцы, а быць разам. Мітрапаліт адзначыў: важны не толькі асобны гук, а каб усе гучалі разам, ствараючы сімфонію. Ён заклікаў маладых быць адкрытымі на слова Божае, вучыцца прымаць не толькі перамогі, але і цяжкасці, а таксама падкрэсліў, што кожны ўдзельнік з’яўляецца апосталам для сваіх знаёмых.

Пасля ўручэння ўзнагарод і благаслаўлення каманды раз’ехаліся, павёзшы з сабой не толькі прызы, але галоўнае — вопыт адзінства і супольнай радасці.

Абноўлена 31.07.2026 15:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.