Пошук

05.05.2026 14:47   Тэкст і фота: Кацярына Савянок / pio.by

У Юбілейны год святога Францішка ўсё больш вернікаў натхняецца духоўнасцю асізскага бедняка. Пра «Выходныя з Францішкам», якія прайшлі ў Баранавічах пад кіраўніцтвам братоў капуцынаў, распавядае Кацярына Савянок на старонцы маладзечанскай парафіі pio.by.

Пошукі і шляхі

Чыстым асвяжальным красавіцкім ветрыкам і квітнеючымі магноліямі сустрэлі ўдзельнікаў чарговых «Выходных з Францішкам» Баранавічы і  Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага. Вельмі прыгожы і спрыяльны час выбралі браты капуцыны, каб у Велікодны перыяд паразважаць  над трэцяй евангельскай парадай — парадай чысціні.

Адкрыць для сябе, як гэтую параду разумеў і перажываў святы Францішак, а таксама зазірнуць у сваё сэрца падчас святых Імшаў, адарацый, канферэнцый, працы ў групках удзельнікам дапамагалі капуцыны брат Вадзім Войцік OFMCap, брат Уладзіслаў Мінько OFMCap, брат Сяргей Гусар OFMCap, а таксама дамініканка сястра Марыя Емяльянчык OP і сёстры францішканскага ордэна свецкіх Ірэна Туровіч і Ганна Фёдарава. Для дзетак была свая цікавая праграма, якую з любоўю падрыхтавала Яна Свяцільнікава.

Рэкалекцыі распачаліся святой Імшой, якую цэлебраваў брат Уладзіслаў. У гаміліі ён разважаў над урыўкам з Евангелля паводле Лукі (Лк 24, 13–35). Брат звярнуў увагу на два шляхі, якімі прайшлі гэтыя вучні ў той дзень.

Пасля смерці і ўваскрасення Хрыста вучні ўцякаюць з Ерузалема ў Эмаус, бо яны поўныя расчаравання і смутку.

Ерузалем — гэта вобраз сэрца, тоеснасці чалавека. Назва вёскі Эмаус перакладаецца, як «гарачыя патокі». Людзі ўцякаюць ад свайго сэрца, ад болю туды, дзе думаюць схавацца, знайсці цёплыя патокі прыемнасці і суцяшэння.

Гэта першая дарога, якая ў вучняў заняла ўвесь дзень.

Але была і другая дарога, калі яны пасля сустрэчы з Хрыстом «у тую ж гадзіну ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем». Яна заняла значна менш часу. Гэта не значыць, што яна лягчэйшая. Але ў іх ужо быў іншы стан — у іх палала сэрца.

Калі можа палаць сэрца чалавека? Сэрца — такая частка чалавека, якая нястомна шукае, дзе ёсць жыццё, любоў — шукае Хрыста. Калі яно намацвае, што недзе тут ёсць надзея, новы шанец, то яно пачынае гарэць.

Вучні Езуса, якія тры гады былі побач, бачылі цуды, адчувалі Яго моц і любоў, але пасля Яго смерці хутка згубілі сувязь з Ім і расчараваліся. Так можа быць і ў нас.

Калі мы не перажываем блізкіх адносінаў з Хрыстом тут і цяпер, то перажытая некалі сустрэча хутка становіцца для нас гісторыяй, настальгіяй, з’яўляецца думка, што Бог ужо ўсё, што мог, нам даў і больш нічым не можа здзівіць.

Мы пачынаем па-свойму думаць, будаваць свой сцэнарый, як Бог павінен дзейнічаць у нашым жыцці.  Такую паставу ў вучняў Езус назваў дурной. Яна закрывае нашыя вочы на Бога, які праходзіць побач.

Добрая навіна ў тым, што Езус можа прыйсці да нас на такі шлях, на якім мы расчароўваемся, каб вывесці на святло тое, што адбываецца ў сэрцы. Любыя дні засяроджання існуюць для таго, каб распачаць гэты дыялог з Езусам  і дазволіць Яму штосьці патлумачыць. Ён хоча распаліць нашыя сэрцы, бо няма іншага хрысціянства, як толькі з сэрцам, якое гарыць. Рэкалекцыі — гэта запрашэнне пакінуць самога сябе, свае клопаты  і паслухаць Бога. Бо раз Яго воля ў тым, каб запаліць нашае сэрца, Ён гэта абавязкова зробіць праз сваё слова, праз сваю прысутнасць, праз ламанне хлеба.

Чысціня

На гэтым шляху да сапраўднага жыцця вельмі важную ролю адыгрывае чысціня.

Як разумець чысціню?

Некаторыя ў гэтай парадзе бачаць толькі аспект, звязаны з 6-й запаведдзю, з сексуальнасцю, але варта паглядзець на яе шырэй: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» (Мц 5, 8). Кожны хрысціянін пакліканы жыць з Хрыстом, а значыць і пакліканы да чысціні, якая можа нам даць сапраўдную прыгажосць, радасць, шчасце.

Брат Вадзім адзначыў, што чысціню францішкане разумеюць як цэласнасць.

Чалавек — гэта адзінства душы і цела. Сучасны свет амаль не кажа пра душу і робіць акцэнт на цела. У людзей веры можа быць іншая спакуса  — лічыць важнай душу, а на цела звяртаць менш увагі, быццам цела — штосьці не Божае. Святы Францішак напрыканцы свайго жыцця перапрашаў брата цела за тое, што быў да яго неміласэрны і трымаў у празмерных абмежаваннях. Варта дацаніць сваю цялеснасць. Разуменне чысціні як чысціні і душы, і цела дазваляе нам быць больш цэласнымі.

Фундаментам чысціні з'яўляюцца адносіны з Богам

Брат Сяргей заўважыў, што калі чалавек адкрывае вялікую любоў Бога да сябе, то ў ім нараджаецца жаданне згодна з гэтай любоўю весці сваё жыццё. Чысціня — гэта наступства любові. Калі пільна ўглядацца ў любоў і стаўленне Хрыста да іншых людзей, то можна заўважыць, што Ён любіць чалавека дзеля самога чалавека.

Езус глядзіць на нас позіркам, поўным пяшчоты і любові: «Ты для Мяне цэнны, Я цябе адкупіў». Прыгажосць і дабро, якое ёсць у чалавеку,  Ён умее заўважыць, ачысціць і памножыць. 

Калі мы любім у іншым чалавеку яго самога, а не свае уласныя праекцыі, то такім чынам адлюстроўваем падыход Бога. У гэтым падыходзе заключана сама існасць чысціні.

Адным з аспектаў чысціні з'яўляецца непадзельнасць сэрца. Згодна з «Вялікай легендай» святога Бонавэнтуры, Францішак імкнуўся, каб яго словы былі згодныя з ягонымі думкамі, а думкі былі згодныя з думкамі Бога. Гэта тое, што дазваляе Богу дзейнічаць праз чалавека. Чыстасць звязана з прастатой. Калі я не баюся сказаць тое, што думаю, паказацца такім, якім сапраўды ёсць, без крывадушнасці і фальшы, нават калі з мяне пасмяюцца, то гэта робіць мяне бліжэй да Бога. Гэта адвага праслаўляць Бога ў маім жыцці такім, які я ёсць. Супрацьлеглым станам у адносінах да чысціні з’яўляецца не столькі нячыстасць у аспекце незахавання 6-й запаведзі, колькі крывадушнасць.

Цікавую асаблівасць чысціні падкрэсліў вядомы тэолаг і нядаўні Прапаведнік Папскага Дома кардынал айцец Раньера Канталамеса, капуцын:

«Чысціня — гэта тое, што дае сэнс іншым цнотам і злучае ўсё».

Яна робіць праўдзівымі ўсе цноты. Любая наша цнота праўдзіва існуе толькі тады, калі мае чысціню.

Святы Францішак адкрыў адлюстраванне чысціні Бога ва ўсіх рэчах (з’явах, істотах), таму стварэнні выклікалі ў ім здзіўленне і захапленне. Падобна і ў адносінах з людзьмі: ён умеў угледзецца ў брата і захапіцца яго прыгажосцю і асаблівасцю — бо ніхто не зробіць пэўныя рэчы так, як гэты брат: не горш, не лепш, а інакш.  Захапляючыся іншым чалавекам, істотай або з'явай, Францішак узносіў хвалу Творцу.

Яго адносіны да стварэнняў можна ўпісаць у формулу: адкрыць, здзівіцца, захапіцца — і праславіць Бога. Чысціня сыходзіць ад Бога — і вядзе да Яго.

Захоўваць накіраванасць на Бога — важнейшы аспект чысціні — святы Францішак заклікаў сваіх братоў у першай (незацверджанай) рэгуле (1221 г.):

«Будзем вельмі пільнымі, каб пад выглядам узнагароды, працы ці дапамогі не здарылася, што мы страцім або адвернем наш розум і сэрца ад Пана. Але ў святой любові, якой ёсць Бог, прашу ўсіх братоў, як настаяцеляў, так і іншых, каб адкінуўшы ўсялякія перашкоды (грэх) і пакінуўшы збоку ўсялякія клопаты і трывогі, якім бы чынам ні маглі, імкнуліся любіць, служыць, пакланяцца і ўшаноўваць Пана Бога з чыстым сэрцам і чыстым розумам, бо гэтага Ён сам найперш патрабуе».

А таксама ў Напаміне 16:

«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Сапраўды чыстыя сэрцам — тыя, хто пагарджае зямнымі дабротамі, шукае нябесных і ніколі не перастае чыстым сэрцам і душой славіць і сузіраць Пана жывога і праўдзівага».

Гэта заклік быць уважлівымі, каб ні дрэнныя, ні нават добрыя рэчы (праца, дапамога, узнагароды) не сталі перашкодай у адносінах з Богам і не занялі месца Пана ў сэрцы.

 Як здабыць чысціню сэрца?

«...з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы. Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека» (Мц 15, 19-20).

Чыстасць не азначае «стэрыльнасць». Заўсёды будуць існаваць пэўныя цяжкасці і змаганні на шляху дасягнення чысціні, звязаныя са спакусамі. Францішак лічыў, што мець спакусы — гэта цудоўна, бо толькі маючы іх, мы можам узрастаць у чысціні і любові. Найперш, паколькі мы цялесныя і маем інстынкты, пэўныя патрэбы і жаданні, то варта з адказнасцю і пашанай падыходзіць да свайго цела і цела іншага чалавека, бо цела — святая зямля, святыня Духа Святога. Таму важна чуваць над сваімі думкамі, змагацца з уласнай пажадлівасцю.

У гэтым дапамагае аскеза (ад грэч. askesis — «практыкаванне») — праца над тым, што для мяне цяжка, над маімі слабасцямі, якая бывае спалучана з пэўнымі самаабмежаваннямі і злучана з малітвай. Прычым гэта праца, духоўная барацьба, павінна трываць не толькі 40 дзён Вялікага посту, але штодня, увесь час, усё жыццё.

Напрыклад, варта пільна падыходзіць да таго, на што скіроўваю позірк, чым насычаю сэрца. Бо чым «кармлю» свае вочы, па тым яны будуць «галодныя».

Без маіх высілкаў я не змагу прыняць і «засвоіць» Божую ласку, якая шчодра выліваецца на мяне.

Зразумець, што ўва мне патрабуе працы, можна тады, калі я застаюся сам-насам з сабой. Што са мной адбываецца, што я гляджу, каго слухаю, куды іду, калі ніхто не бачыць? Францішак заклікае глядзець на сваё сэрца менавіта ў такім моманце і шчыра, не асуджаючы сябе, імкнуцца ўбачыць у сабе і добрае, але і тое, што перашкаджае. Чысціня — наступства малітвы і ўласных вымаганняў.


Здабыць чысціню сэрца дапамагае супольнасць. Нашае сэрца праяўляе сябе ў адносінах з людзьмі.

На практыцы бачна, што ў любой паслузе нам складана мець 100%-а чыстую матывацыю («я ў табе люблю цябе»). Нават калі маем у сэрцы прагненне праз сваю паслугу шукаць дабра іншаму чалавеку, а не ўласнага прэстыжу, то ўсё роўна недзе прымешваюцца жаданні пахвалы, прызнання, падзякі, а нават часам страх, што іншы чалавек можа прыцьміць наш бляск. У стасунках з людзьмі таксама праяўляецца, наколькі ачышчаная наша любоў ад эгаістычных матываў.

Чыстая любоў не жадае прысвойваць, не хоча выкарыстоўваць іншага як рэч, але шукае для яго дабра і жыцця. Гэты шлях можа быць балючы, патрабаваць адрачэння, але вядзе да праўдзівай радасці, сапраўднай свабоды. Калі мы занадта прывязваемся да асобаў, калі баімся кагосьці страціць, гэта паказвае засяроджанасць на ўласных жаданнях, страху страціць «сваё». Калі глыбей зазірнуць у прычыны тугі і суму па чалавеку, то мы ўбачым, што тут хаваецца прагненне шчасця і туга па Богу, бясконцай любові. Аднак у нас можа не хапаць позірку на Бога. Важна пераглядаць сваю сапраўдную матывацыю і ачышчаць.

Самая прыгожая матывацыя і галоўная мэта для братоў, згодна з Францішкам, — гэта здабыць Духа Святога разам з Яго асвячальным дзеяннем, адкрывацца на Яго чысціню, якую Ён прапануе як дар.

Хрыстус даваў Францішку ласку хацець быць чыстым. Святы глядзеў на чысціню ў пазітыўным святле: бачыў у ёй не цяжар, не тое, што абмяжоўвае, замыкае, штосьці забірае, а тое, што яднае з Хрыстом, якога ён любіў. Гэта было прагненнем яго сэрца і дапамагала супрацьстаяць спакусам.

Нашыя слабасці і падзенні — нагода звярнуцца да Бога, прасіць Яго дапамогі. «Божа, ствары ўва мне чыстае сэрца», — прасіў Францішак словамі 51-га псальма і заахвочваў да гэтага братоў. Малітва — гэта дыханне любові: выдыхаем «вуглякіслы газ» усяго, што ў нас накапілася, і ўдыхаем «кісларод» Святога Духа. Няма чысціні без малітвы. Апостал Павел заклікаў няспынна маліцца (1 Тэс 5, 17). У малітве чысціня і любоў перадаецца ад Бога нам, а праз нас — іншым.

На апошняй канферэнцыі брат Уладзіслаў і сястра Марыя спрабавалі даць адказ на пытанне, як пазнаць у чалавеку чысціню.

Па чым можна пазнаць, што я чысты, цэласны?

Індыкатарам можа быць наша стаўленне да сябе, да іншага чалавека, да малітвы.

Якая мая першая рэакцыя на самога сябе?

Нават калі я сабе не падабаюся і маю рысы, якія не ўмею змяніць, то важна тое, ці я сябе такім прымаю, ці гляджу на сябе з супакоем. У гэтым можна ўбачыць давер да Божай любові.

Як я рэагую на незнаёмага чалавека: пазітыўна, нейтральна ці негатыўна? Якая мая першая рэакцыя на праяўленне любові і клопату ў адносінах да мяне?

У Пасланні да Ціта (Ціт 1,15) мы чытаем, што «для чыстых ўсё чыстае». Чалавек з чыстым сэрцам успрымае свет добрым і прыгожым. Калі чалавек мае варожае стаўленне, бачыць падвох, бруд і зло нават там, дзе іх няма, то гэта сведчыць аб пэўных праблемах.

Варта таксама прыгледзецца, ці не ўласціва мне фарысейства — погляд на іншага як на горшага. Такі падыход закрывае мяне на іншага чалавека. Хрыстус глядзеў не на наяўнасць ці адсутнасць грахоў, а на здольнасць сэрца шукаць прыгажосць у іншым сэрцы.

Якая мая першая рэакцыя на думку аб малітве: я з радасцю імкнуся памаліцца ці ўспрымаю яе як цяжар?

Калі на малітве ёсць думкі, што я прыніжаны, што мяне не прымае Бог, то гэта спакуса, варта не паддавацца падману. Калі б мы маглі пачуць словы, якія кіруе да нас любячы Айцец, яны маглі б гучаць так:

«Нават калі ты Мяне не адчуваеш, Я рады, што ты прыйшоў на малітву. Ты цэнны для мяне. Пабудзь са Мной».

Побач з чалавекам, які мае чыстае сэрца, можна быць сабой, размаўляць на любыя тэмы. Яго можна пазнаць па асаблівым позірку і бляску вачэй.

Як несці чысціню?

Дзяліцца чысцінёй — гэта дакладна не тое самае, што гаварыць усім быць чыстымі.

Усе мы хочам выконваць Божыя справы. А Божая справа ёсць адна: каб мы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў (Ян 6, 29), верылі Яго любові, жадалі яе прыняць і запаліць ёй сваё сэрца. Узрастанне ў еднасці з Хрыстом з цягам часу дазволіць нам глядзець Ягонымі вачыма, тады праз наш позірк зможа дакранацца Бог.

Восем стагоддзяў мінула з моманту, калі Бог сказаў Францішку: «Ідзі і адбудуй мой Касцёл». Але і цяпер гэты заклік актуальны для кожнага з нас, бо аднаўленне пачынаецца з унутранай святыні нашага сэрца.

Няхай святы Францішак суправаджае нас на гэтым шляху.

Праслухаць канферэнцыі і ўбачыць больш фота можна ТУТ <<<

 
 
Абноўлена 05.05.2026 14:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа