Пошук

17.09.2018 13:15   Паводле: kapucyny.by

15 верасня ў Рыме завяршыўся 85-ы капітул Ордэна меншых братоў капуцынаў, у якім прымаў удзел і беларус а. Алег Шэнда OFMCap.

Міжнародная калегія святога Лаўрэнція – навукова-культурны цэнтр ордэна – цягам апошніх трох тыдняў была месцам сустрэчы больш чым 200 братоў з усіх кантынентаў і больш чым 100 краін свету.

Кусташ Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Алег Шэнда OFMCap

Дзясяткі моваў, разнастайнасць традыцый і літургічных абрадаў не былі перашкодай у супольнай малітве, але раскрывалі разнастайнасць і адметнасць культур, ментальнасцяў і гісторый – найперш у дыскусіях і палеміках у працоўных групах.

Падчас капітула было абрана новае кіраўніцтва ордэна. Генеральным міністрам супольнасці капуцынаў стаў брат Робер Генуін з правінцыі Венецыі (Італія), у якой нясуць служэнне беларусы брат Антон Страх і брат Антон Варанюк, ураджэнцы Маладзечна.

Сярод дзесяці раднікаў генеральнага кіраўніцтва ордэна рэгіён Цэнтральна-Усходняй Еўропы прадстаўляе брат Пётр Стасінскі з правінцыі Варшавы (Польшча), карані якога таксама звязаныя з Маладзечаншчынай, дзе нарадзілася яго маці.

Удзельнікі капітула здзейснілі пілігрымку ў Асізі, горад святога Францішка, заснавальніка ордэна. Тут адбылася супольная святая Імша, пасля якой поўны склад капітула працэсійным ходам перамясціўся да труны-рэліквіярыя асізскага святога.

На заканчэнне працы капітула яго ўдзельнікі сустрэліся з Папам Рымскім.

Нягледзячы на пашану да традыцый і строгасць папскага пратакола, Святы Айцец па-бацькоўску прывітаў прысутных братоў, выказаўшы надзею на далейшы плён капуцынскага ладу жыцця.

Абноўлена 17.09.2018 20:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.